Ярмошына расказала пра прэміі для камісіяў на мясцовых выбарах


«Мы былі лепшай думкі пра тых, хто праводзіць выбары ўнізе, прынамсі пра іхную бескарыслівасць», – заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі ў выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўвечары 5 красавіка ў эфіры праграмы «Карціна свету» на тэлеканале «РТР-Беларусь».

Тэма бескарыслівасці чальцоў мясцовых выбарчых камісіяў паўстала пасля таго, як вядоўца праграмы Юрый Казіятка паскардзіўся, што сёлета не было запрашальных паштовак на мясцовыя выбары.

«Запрашэнні былі і мусілі былі быць. І не проста запрашэнні, але яшчэ і з інфармацыйным матэрыялам пра кандыдатаў», – зазначыла Ярмошына. Яна мяркуе, што мела месца «пагоня за эканоміяй, што мясцовыя выбарчыя камісіі зменшылі наклады, у сувязі з гэтым нейкая частка выбарнікаў не атрымала запрашэння».

«Гэта вельмі дрэнна, бо, па сутнасці, ставіць крыж на ўсіх тых пачынаннях, якія былі ажыццёўленыя шляхам змены выбарчага заканадаўства. А менавіта – выбарчыя камісіі не толькі запрашаюць на выбарчыя ўчасткі, але і інфармуюць пра кандыдатаў», – сказала кіраўніца ЦВК.

Яна запэўніла, што ад выбарчых камісіяў ніхто не патрабуе эканоміі, але і не стала хаваць, што заашчаджаныя грошы пайшлі на прэміі чальцам камісіяў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў