Рахункі фізічных асобаў у Беларусі і так пусцеюць амаль два гады. А ўлады прыдумалі новыя законы, якія ставяць пад пытанне яшчэ і вяртанне грошай з укладаў. Якіх чакаць наступстваў?
Валютныя ўклады беларусаў у банках растаюць 20 месяцаў запар. І хоць у верасні беларусы з валютных дэпазітаў знялі мінімум (толькі $ 5 млн), з пачатку 2020 года да верасня 2021-га дэпазіты ў замежнай валюце зменшыліся на 37 %. Агулам за гэты час грамадзяне забралі з банкаў $ 2,31 млрд.
Гістарычны ж рэкорд на валютных укладаў быў усталяваны шэсць гадоў таму – у кастрычніку 2015-га. Тады ён склаў $ 8,35 млрд. З таго часу беларусы вынеслі з банкаў амаль 40 % сваіх дэпазітаў. Аднак яшчэ $ 3,93 млрд усё яшчэ застаюцца на тэрміновых валютных дэпазітах.
Што датычыць тэрміновых рублёвых укладаў, то яны скарачаюцца не так істотна. Са студзеня 2020 года змяншэнне склала ўсяго 6 %.
Сумарна ў верасні 2021 года ў рублёвых і валютных укладах беларусаў заставалася $ 5,08 млрд, што стала мінімумам з красавіка 2012 года, ці за 9,5 гадоў.
32,7 % укладаў беларусаў былі рублёвыя, а дзве траціны былі намінаваныя ў замежных валютах.
Некаторыя банкі губляюць сродкі кліентаў яшчэ хутчэй. Напрыклад, у «Абсалютбанку», які трапіў пад санкцыі ЗША, аб’ём сродкаў скараціўся з Br 193,54 млн на 1 красавіка да Br 73,35 млн на 1 кастрычніка, або на 62,1 %, паведамляе «Еўрарадыё».
У каментары «Белсату» эканаміст Леў Львоўскі патлумачыў працяглае падзенне валютных укладаў насельніцтва аб’ектыўнымі прычынамі: «няўпэўненасць у банкаўскай сістэме і недавер да дзяржаўных інстытутаў нікуды не падзеліся».
«Пры гэтым падзенне запавольваецца, і ўжо ў некаторыя моманты мы назіраем і павелічэнне ўкладаў. Гэта адбываецца таму, што ўласна амаль усе, хто хацеў зняць уклады, гэта ўжо зрабілі, а хто не хацеў – той не хацеў. Цяпер адток, калі адбываецца, то коштам тых, хто даўно хацеў зняць, але не мог з-за безадзыўнага ўкладу», – заявіў эканаміст.
На ягоную думку, на дынаміку ўкладаў магло паўплываць і павелічэнне працэнтаў па іх, асабліва ў рублях, што «прыцягнула некаторую катэгорыю грамадзянаў, асабліва тых, у каго больш высокая талерантнасць да рызыкі».
«Уклады ў доларах часцей бываюць у людзей якія і так не моцна вераць у наш Нацбанк, таму і сыходзяць у долары», – падкрэсліў Леў Львоўскі.
Нягледзячы на скарачэнне ўкладаў, на пачатку кастрычніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі змены ў закон пра гарантаванае кампенсаванне банкаўскіх дэпазітаў. Адным з найбольш важных момантаў у ім стала магчымасць перадачы грошай Агенцтва гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў у аблігацыі Банку развіцця.
Цяпер у выпадку ліквідацыі банку грошы ўкладчыкам выплачвае Агенцтва гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў, якое вяртае суму ўкладу ў той жа валюце. Грошы на гэта збіраюць за кошт штогадовых адлічэнняў банкаў.
Але прапанаванае новаўвядзенне, якое дазволіць размяшчаць часова свабодныя сродкі агенцтва ў аблігацыі Банку развіцця, на думку экспертаў, можа прывесці да сістэмнага крызісу ў банкаўскай сферы, калі з прычыны неплацяжоў некаторыя банкі могуць не вытрымаць.
«І калі ў нас адбудзецца нешта з банкамі, ва ўразлівай сітуацыі можа аказацца і «Банк развіцця», бо ён, умоўна кажучы, выдаў нейкаму прадпрыемству доўгатэрміновы крэдыт. І ў фінансавым крызісе вярнуць гэтыя сродкі прадпрыемства не зможа, і атрымліваецца, што гэтыя сродкі пад пагрозай. У той момант, калі яны будуць патрэбныя, будзе не зразумела, адкуль іх узяць. Магчыма, на дапамогу прыйдзе Нацбанк, Мінфін, калі будзе чым. У любым выпадку гэта дадае рызыкі ў і так нестабільную сітуацыю», – казала ў каментары «Белсату» акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.
У выніку грошай на кампенсацыю можа проста не хапіць у патрэбны момант.
«Размяшчэнне сродкаў, якія раптам могуць спатрэбіцца, у даўгавыя інструменты банку, які ўкладаецца ў вельмі даўгія праекты з неабавязковай станоўчай даходнасцю, само па сабе даволі небяспечна з гледзішча магчымых разрываў ліквіднасці. То бок сродкі, якія спатрэбяцца, не так і лёгка дастаць, бо праекты даўгія і не заўсёды павінны быць акупляльныя», – казаў у эфіры «Эканомікі з Чалым» эканаміст Сяргей Чалы.
Разам з тым Леў Львоўскі бачыць у прапанаваных зменах як пазітыўныя моманты, гэтак і негатыўныя.
З аднаго боку, дакументам павялічваецца колькасць катэгорый асобаў, уклады якіх таксама будуць падпадаць пад страхоўку, і «прынамсі на словах, вяртанне страхоўкі робіцца лепш і хутчэй».
«Другі бок, які хутчэй за насцярожвае, – гэта тое, што гэты страхавы фонд будзе перадавацца Банку развіцця. Гэта дрэннае месца для інвестыцыяў страхавога фонду – іх інвестыцыі не дыверсіфікаваныя, часта робяцца з палітычных матываў і маюць адпаведны вынік. Ці не станецца так, што страхавы выпадак наступіць, а сродкі фонду няўдала інвеставаныя?» – пытаецца эканаміст.
Што датычыць тэндэнцыяў, то, як мяркуе эканаміст Леў Марголін, яны пакуль канчаткова не акрэсліліся.
«Былі інфляцыйныя чаканні. Былі чаканні рэзкага падзення беларускага рубля. Але пакуль такога не адбылося – дзякуючы ўсё-такі цвярозай палітыцы Нацбанку. А нашыя людзі больш бачаць сітуацыю, якая ёсць тут і цяпер, яны не вельмі ўглядаюцца ў прынятыя законы і ўказы. А цяпер рубель нават трошкі ўзмацняецца, а значыць, робяцца больш выгаднымі дэпазіты – рублёвыя і нават валютныя», – адзначыў эканаміст.
На ягоную думку, працэсы ў будучыні будуць вельмі зменлівымі, бо «няма той устойлівай абстаноўкі, калі можна думаць, што тое, што робіцца цяпер, будзе рабіцца і заўтра, і ў наступным годзе, і яшчэ праз пяць гадоў».
«Народ застаецца ў чаканні», – мяркуе Леў Марголін.
Паводле яго, у тэрміновых укладаў у бліжэйшай будучыні можа не быць істотнага росту, але могуць расці бягучыя ўклады, якія ў кожны момант можна зняць, «бо народ бяднее і карыстаецца любой магчымасцю, каб трошкі зарабіць».
МГ belsat.eu