Павел Латушка: Рэжыму трэба чакаць наступстваў і адказнасці


У Швейцарыі пачаўся суд над былым супрацоўнікам СОБР Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ва ўдзеле ў «эскадроне смерці» ў Беларусі і саўдзеле ў забойствах. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, лідар НАУ Павел Латушка мяркуе, што гэтая справа будзе заўважаная не толькі па-за Беларуссю, але і Лукашэнкам, які раней адмахваўся ад гэтай справы, а таксама абяцае зрабіць усё магчымае, каб рэжым панёс адказнасць за ўсе свае злачынствы. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Гэта прэтэндэнт, калі мы ствараем сітуацыю патэнцыйнай адказнасці за злачынствы, які здзейсніў рэжым Лукашэнкі праз канкрэтную асобу прадстаўніка рэжыму Гараўскага, які, як мы разлічваем, будзе прызнаны вінаватым у тым, што ён браў удзел у прымусовым знікненні грамадзянаў Беларусі, вядомых беларускіх палітыкаў. Вельмі важна, што гэты прэтэндэнт паказвае, што задзейнічаны механізм міжнародны, які прадугледжвае адпаведная канвенцыя 2006-га года, якая прысвечаная менавіта барацьбе з прымусовым знікненнем. На жаль, гэтую канвенцыю падпісалі, як я ведаю, 68 краінаў, а Беларусь і Расея, зразумела, не падпісалі яе, але Швейцарыя далучылася».

Павел Латушка падкрэслівае, што зараз, дзякуючы гэтай канвенцыі, асобы, датычныя да прымусовага знікнення, могуць падлягаць юрысдыкцыі швейцарскага нацыянальнага заканадаўства. І нават сам факт, без вынясення прысуду, што гэты механізм дзейнічае – важны момант для беларусаў.

«Другі момант, які мы павінныя браць у разгляд, – гэта ўжо канвенцыя ААН, якая прадугледжвае барацьбу супраць гвалту, а таксама бесчалавечнага, прыніжаючага годнасць уздзеяння на іншых асобаў. І вось у рамках гэтай канвенцыі, да якой далучыліся практычна ўсе краіны свету, мы, дэмакратычныя сілы, дамагаемся прыцягнення да адказнасці міліцыянераў, пракурораў, суддзяў, якія займаюцца злачынствамі супраць грамадзянаў Беларусі».

Павел Латушко, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Павел Латушка, кіраўнік НАУ і сябра прэзідыуму КР, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Палітык нагадвае, што па гэтай канвенцыі былі пададзеныя дзясяткі заяваў у Германіі, Польшчы, Чэхіі і Літве, і абяцае дамагацца, каб гэты механізм запрацаваў і па другой канвенцыі.

«Што можа адбыцца? Асобы, якія падазраюцца ў здзяйсненні гэтых злачынстваў могуць быць пададзеныя ў вышук. Пасля таго, як яны будуць затрыманыя, яны могуць быць перададзеныя пасля следства ў суд – і вынясенне адпаведных прысудаў нацыянальнымі судамі гэтых краінаў. Зразумела, ніхто не ведае, калі гэтыя асобы з’явяцца на тэрыторыі той краіны, дзе яны могуць быць затрымленыя, але такія прыклады ўжо ёсць», – распавядае Латушка, нагадваючы пра справу грамадзяніна Сірыі ў Германіі.

Другім інструментам палітык лічыць завочны суд, які існуе, напрыклад, у Літве, і заяваў, пададзеных раней на рэжым, павінна хапіць для таго, каб распачаць такія разбіральніцтвы.

«На жаль, тры гады тут не прынеслі вынікаў. Таму мы будзем пашыраць нашыя аргументы, больш актыўна матываваць нашых партнёраў скарыстацца гэтымі механізмамі».

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў