Затрыманы мастак Генадзь Драздоў, былы кіраўнік творчага аб’яднання «Пагоня»


Генадзя Драздова затрымалі 18 жніўня, паведамляе Беларуская рада культуры. Абставіны і прычыны затрымання, а таксама цяперашняе месцазнаходжанне мастака невядомыя.

Мастак Генадзь Драздоў.
Фота: Беларуская рада культуры/Telegram

Мастак Генадзь Драздоў нарадзіўся 11 сакавіка 1959 году ў вёсцы Паддуб’е Рагачоўскага раёну на Гомельшчыне. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава і Беларускую акадэмію мастацтваў, набіраўся практычнага досведу ў Івана Чухраева і Віктара Маркаўца.

Працуе ў галіне графікі, жывапісу, мастацкіх праектаў. Найбольш значныя творы: «Малітва аб незалежнасці Беларусі», «Рэхаформ», «Вяртанне блуднага сына», «Шлях вузкай брамай», «Час восені», «Пакінуты Беларускі дом», «Фрагменты беларускага барока».

З 1999 году Драздоў – сябра Беларускага саюзу мастакоў. Ягоныя працы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, ЗША, Нарвегіі, Бельгіі, ААЭ, Украіне, Расеі. Таксама ў розных краінах прайшлі больш за дзесяць персанальных выставаў Драздова.

З 2011-га да 2016-га Драздоў узначальваў Раду творчай суполкі «Пагоня».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў