Пасля ператрусаў і допытаў на мінулым тыдні ўлады Беларусі пачалі блакаваць рахункі недзяржаўных арганізацыяў.
Сёння, 19 ліпеня, стала вядома пра арышт на рахунку Беларускага ПЭН-цэнтру, міжнароднай арганізацыі, што спрыяе абароне свабоды слова і прафесійных правоў пісьменнікаў.
Рахунак арыштаваны на падставе рашэння Следчага камітэту ад 13 ліпеня 2021 года.
Таксама арышт наклалі на рахунку дабрачыннага праекту «Імёны», у офісе якога на мінулым тыдні прайшоў ператрус. Пра гэта паведаміла ў Facebook заснавальніца праекту Кацярына Сінюк. Следчы камітэт 14 ліпеня з незразумелых прычынаў арыштаваў рахункі «Імёнаў».
Гэта значыць, што цяпер немагчымыя ніякія плацяжы, у тым ліку перавод сродкаў, сабраных на працу праектаў.
Кацярына паведаміла, што юрысты дапамагаюць скласці хадайніцтва ў Следчы камітэт з просьбаю дазволіць пералічваць грошы дабрачынным праектам.
АД, belsat.eu