Мэтавы набор у беларускія ўніверсітэты не апраўдаў чаканняў чыноўнікаў. Гэтаму 4 прычыны


Агульныя вынікі мэтавага набору не паведамлялі, але яшчэ калі набор не завяршыўся, віцэ-прэм’ер прызнаваў праблемы. «Белсат» разам з рэпетытаркай разбірае, у чым могуць быць праблемы.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка на супольным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: Аляксандр Кулеўскі, Sb.by

16 чэрвеня ў вышэйшых навучальных установах Беларусі завяршыўся так званы мэтавы набор – абітурыентам прапаноўвалі прасцейшае паступленне і мэтавую падрыхтоўку для кампаніяў і ўстановаў у абмен на прынамсі 5 гадоў абавязковай адпрацоўкі.

Мэтавікоў набіралі яшчэ да пачатку цэнтралізаванага тэставання – прымалі адзін вусны ці «практычны» экзамен, глядзелі таксама на сярэдні бал школьнага атэстату. Зусім без іспытаў бралі пераможцаў алімпіядаў і конкурсаў, выпускнікоў профільных класаў.

Недабор ёсць, але маштабы незразумелыя

Пра вынікі мэтавага набору на момант публікацыі кажуць без канкрэтыкі: адбыўся, быў недахоп ахвочых. Агульныя лічбы мэтавага набору па краіне не публікуюць, толькі некаторыя ўніверсітэты паведамляюць аб сваіх выніках. Прадстаўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчаў 17 чэрвеня казаў аб выніках такімі словамі:

«Так, па некаторых спецыяльнасцях конкурсная сітуацыя не адбылася, гэта значыць колькасць дагавораў, заключаных з прадпрыемствамі, была меншая за колькасць выдзеленых і зацверджаных месцаў па гэтых спецыяльнасцях. І ўсе гэтыя вакантныя месцы былі перададзеныя на агульны конкурс, гэта значыць хлопцы змогуць паступіць на гэтыя спецыяльнасці ўжо ў рамках асноўнага прыёму, які пачнецца ў нас 17 ліпеня па звыклай класічнай форме».

14 чэрвеня, калі мэтавы набор яшчэ ішоў, віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка наракаў, што вакантнымі заставаліся «парадку тысячы месцаў» з планавых 4500.

Hавiны
«Не сумняваюся ў тым, як вы лічылі». Лукашэнка не разумее, што чыноўнікі «нахамуталі» з вынікамі ЦЭ
2023.06.06 16:13

Чаму не захацелі ісці?

«У гэтай частцы мы не дапрацавалі да канца з пункту гледжання забеспячэння конкурсу на канкрэтныя спецыяльнасці, – тлумачыў Петрышэнка. – Гэта значыць, патэнцыйныя замоўнікі павінны больш нашых рабят прастымуляваць, сагітаваць, накіраваць на мэтавы набор».

Рэпетытарка і былая настаўніца Ганна Саламонава расказвае «Белсату», што бачыць іншыя прычыны.

Першая – сёлета істотна павялічылі мэтавы набор: дазволілі ўсім дзяржаўным і прыватным прадпрыемствам (не толькі з малых паселішчаў, як раней) падаваць заяўкі, а колькасць месцаў пад мэтавы набор склала прыблізна 25 % ад усіх даступных месцаў для абітурыентаў.

З боку ўстановаў адукацыі Саламонава бачыла заманьванне на мэтавы набор: усё будзе, усё дамо, і жытло ў арэнду потым можна будзе выкупіць… Але гэта было «не пра адукацыю», а пра не звязаныя з ёю перавагі. Саламонава дапускае, што дзяржава магла вырашыць, што з такімі перавагамі можна даць максімальную колькасць месцаў, а людзі дакладна пойдуць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак БДЭУ на вуліцы Свярдлова.
Фота: Белсат

Другая – доўгае абавязковае размеркаванне. Мэтавікам абяцаюць індывідуальны працэс навучання, магчымыя дадатковыя стыпендыі і практыку на прадпрыемстве, але ў дамове будзе пазначаны тэрмін абавязковай працы – не менш за 5 гадоў. Для нямэтавых выпускнікоў бюджэтнай формы застаецца абавязковае размеркаванне на 2 гады.

«Не трэба недаацэньваць нашую моладзь, – смяецца Саламонава. – Трэба разумець, што такое ўвогуле гэты набор: гэта гады такога «рабства». Дзеці гэта разумеюць, бацькі гэта разумеюць».

Яна кажа, што і сама ведае тых, хто пайшоў на мэтавы набор, але гэта людзі, якія вельмі хацелі атрымаць канкрэтную прафесію, але штосьці не атрымалася, каб быў даступны іншы варыянт.

Трэцяя – неразбярыха. Саламонава наракае на тое, што змены ў наборы ў ВНУ адбываюцца ў фармаце «ўсё і адразу», у форме маштабных «эксперыментаў» над дзецьмі. Вучні, кажа яна, не да канца разумелі, што і як будзе праходзіць; не мелі магчымасці ўсё ўзважыць, бо запозна дазнаваліся важныя навіны, як аб тым жа жытле. На ейную думку, сістэму варта было мяняць паступова: у адзін год увесці цэнтралізаваны экзамен, у наступны год пашырыць мэтавы набор…

Чацвёртая – някепскую ідэю рэалізавалі далёкія ад гэтага людзі. Саламонава лічыць, што сам па сабе мэтавы набор – добрая ідэя, але з рэалізацыяй цяпер «усё не так». Яна хацела б, каб мэтавым наборам займаліся людзі, «блізкія да практычных пытанняў», да месцаў, дзе патрэбныя канкрэтныя працаўнікі. А вырашаецца ўсё, як яна лічыць, у міністэрствах, дзе людзі далёкія да лякарняў ці школаў, дзе патрэбныя спецыялісты.

Разбор
Чаму ў Новай Баравой стаіць чарга бацькоў першакласнікаў? Рэч не ў самой школе
2023.06.12 16:54

Куды не захацелі ісці абітурыенты

Саламонава падазрае, што фінальных лічбаў мэтавага набору могуць і не паказаць, бо недабор можа быць занадта вялікім.

Хоць поўных звестак няма, на сайтах універсітэтаў бачныя асобныя вакантныя месцы. Вось што знайшоў «Белсат» у найбольш папулярных універсітэтах.

У БДУ зусім не было конкурсу на мэтавы набор на некалькіх спецыяльнасцях розных факультэтаў. Не знайшлося ахвочых на месцы ад Галоўнага ўпраўлення адукацыі Менаблвыканкаму на гістарычным факультэце па спецыяльнасцях «архіўная справа» і «музейная справа». На філалагічным факультэце ніхто не захацеў на «беларускую філалогію» і «ўсходнюю філалогію» ад таго ж Менаблвыканкаму. На юрыдычным факультэце ніхто не захацеў ісці на «правазнаўства» для вытворцы пасцельнай бялізны «СонМаркет». Гэтыя звесткі – не ўвесь недабор, а толькі спецыяльнасці, на якія зусім не было заявак.

Беларускія абітурыенты
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія абітурыенты.
Фота: edu.gov.by

У БНТУ недабралі на «высокатэмпературную апрацоўку металаў», «абсталяванне і тэхналогіі зварачнай вытворчасці», «машыны і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці» на механіка-матэратычным факультэце, на «будаўніцтва аўтамабільных дарог» на факультэце транспартных камунікацыяў, на «машыны і абсталяванне для горназдабывальных вытворчасцяў» і «распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў» на факультэце горнай справы. Усе прапановы былі ад дзяржаўных заводаў.

У БДУІР, падобна, недабралі толькі аднаго чалавека з месцаў, запланаваных на мэтавы набор: на замову Менскага дзяржаўнага каледжу лічбавых тэхналогіяў хацелі ўзяць двух, а набралі толькі аднаго. На астатнія месцы, ад «Інтэгралу» да Камітэту дзяржаўнай бяспекі, абітурыенты знайшліся.

У БДМУ на педыятрычным факультэце засталося тры вакантныя месцы, астатніх мэтавікоў набралі. Адметна, што якраз на медычныя спецыяльнасці сёлета найбольш павялічылі мэтавы набор, але амаль на ўсе месцы знайшліся ахвочыя.

У БДПУ хацелі набраць 293 мэтавікоў, набралі толькі 272. А ў МДЛУ набралі 39 з 39 планаваных мэтавікоў.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, што ягоны малодшы сын Мікалай вучыцца ў Кітаі
2023.06.14 14:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў