«Службовец ні слова не сказаў». Яшчэ выпадак перадачы звестак у амбасаду Беларусі ў Польшчы


Пасля паведамлення Цэнтру беларускай салідарнасці пра тое, што арганізацыя заўважыла «факт перадачы асабістых звестак беларусаў, якія маюць дадатковую абарону ў Польшчы, у амбасаду Рэспублікі Беларусь», выявілася, што праблема сістэмная. Выпадкі зафіксаваныя ў розных дзяржаўных органах і ў розных гарадах Польшчы, але яна не мае шырокага маштабу – выпадкаў няшмат. Пра гэта піша ЦБС і заспакойвае, што польскія чыноўнікі зацікаўленыя развязаць праблему. «Белсат» знайшоў ужо другую беларуску, якая сутыкнуліся з паведамленнем пра яе ў амбасаду Беларусі пры спробе замяніць правы кіроўцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы Варшавы сабраліся на марш салідарнасці з беларускімі палітвязнямі ў трэцюю гадавіну выбараў у Беларусі на Замкавай плошчы. Варшава, Польшча. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Мяркуючы з расказаў беларусак, польскія чыноўнікі проста не ўдакладняюць статусу чалавека і робяць звычайную працэдуру, якая можа быць пры замене правоў.

Гэта і адбылося з Марынай (імя змененае), якая мае ў Польшчы дадатковую абарону. Калі яна вырашыла замяніць правы кіроўцы, выявілася праблема. На ейных правах ёсць пазнака ў выглядзе чашы са змяёй, што незвычайна для польскіх правоў.

«Ёсць значкі, якія ставяцца ўсім на правы, а ў асаблівых выпадках дадаюцца іншыя. Вось у мяне такі сімвал. Гэты значок азначае, што калі мяне спыніць ДАІ і папросіць правы, у мяне абавязкова мусіць быць дзейсная медычная даведка. У Беларусі мне гэта жыць не перашкаджала.

А ў польскай управе двойчы адмовілі прымаць дакументы. Сказалі, што ў іх адпаведніка гэтаму значку няма і яны нічога мяняць не будуць. Я звярнулася ў Міністэрства інфраструктуры з гэтым пытаннем. Мне проста адпіску прыслалі. Пасля я звярнулася ў Кабінет прэзідэнта Варшавы [адпаведнік адміністрацыі беларускага мэра гораду. – Заўвага рэд.]. Там са мною вельмі хутка звязаліся і сказалі, што ў мяне павінны прыняць дакументы, бо гэта не ўправа пастанаўляе, змяніць мне правы ці не. Мне прагаварылі алгарытм дзеянняў і сказалі, што звернуцца ў амбасаду Беларусі ўдакладніць.

Я сказала, што ў мяне абарона. Яна кажа: “Добра, значыць, у вашым выпадку амбасады не будзе, будзем шукаць выйсце”, – расказвае Марына.

Пасля гэтага дакументы ў беларускі прынялі без аніякіх удакладненняў. Пасля месяца чакання Марына зноў звярнулася ва ўправу, каб даведацца пра стан справы.

Каментар
«Выпадкаў літаральна некалькі». ЦБС заклікае беларусаў, якія пад абаронай у Польшчы, не панікаваць, але быць пільнымі
2024.04.16 19:37

«На што мне сказалі, што толькі два тыдні таму звярнуліся ў амбасаду наконт мяне, каб удакладніць, у чым рэч, таму проста чакаюць адказу. Я папярэдзіла пра свой статус прадстаўніцу гэтага Кабінету прэзідэнта Варшавы, а ўжо менавіта службоўцы, які прымаў дакументы, не папярэджвала. Падумала, калі тая будзе званіць, то, магчыма, ім нейкія інструкцыі дасць ці нешта такое.

Ведаючы, што мы, маючы абарону, не можам увогуле ні звяртацца ў амбасаду, ні ехаць у краіну, бо там рызыкуем страціць статус, мне нават у галаву не магло прыйсці, што самі службоўцы, сама Польшча можа нейкім чынам зрабіць гэта.

Службоўца ні слова мне не сказаў пра амбасаду, што будзе рабіцца запыт ці чакайце, наступны крок вось такі. Вядома, я б адразу сказала, што гэта не мой выпадак з амбасадаю», – падводзіць рысу Марына.

Амбасада Беларусі ў Польшчы паведамляе, што, каб зрабіць даведку, якая пацвярджае наяўнасць у беларуса ўдома правоў, трэба даслаць у амбасаду ксеракопію дакументу, які пацвярджае асобу (старонкі з персанальнымі звесткамі на расейскай/беларускай мовах і ў лацінскай транслітарацыі, з адзнакай аб рэгістрацыі ў Беларусі або аб пастаноўцы на сталы консульскі ўлік), ксеракопію пасведчання кіроўцы, пацверджанне аплаты консульскага збору і заяву. Беларуская амбасада рэкамендуе «ўказваць нумар тэлефона альбо адрас электроннай пошты для магчымай сувязі», але гэта не абавязкова.

Каментар
У Беларусі маглі ведаць, што чалавек у Польшчы мяняе правы. Дэталі «перадачы дадзеных»
2024.04.17 07:30

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў