Абвінавачваны ў забойстве беларускі ў Варшаве можа пазбегчы турмы


Абвінавачваны ў забойстве беларускі Лізаветы ў цэнтры Варшавы Дор’ян С. можа пазбегчы турмы, калі яго прызнаюць псіхічна хворым. Такія тлумачэнні «Белсату» даў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Шыман Банна. Ён, зрэшты, падкрэсліў, што вынікаў экспертызы яшчэ няма.

Абвінавачваны ў згвалтаванні і забойстве беларускі ў цэнтры Варшавы.
Фота: srodmiescie.policja.gov.pl

«Калі эксперты пастановяць, што ён псіхічна хворы, то будзе толькі хадайніцтва аб ужыванні захадаў утрымання, а потым суд пастановіць, ці змяшчаць яго ў псіхіятрычны шпіталь», – сказаў «Белсату» спікер Акруговай пракуратуры Варшавы Шыман Банна.

У такім выпадку імаверны варыянт, што мужчыну будуць трымаць у больніцы да моманту вылекавання, а потым вызваляць. Прэс-сакратар пракуратуры, зрэшты, адзначыў, што разважаць пра гэта заўчасна, бо вынікаў экспертызы яшчэ няма:

«Мы маем дасведчаных псіхіятраў, аднак нам таксама патрэбны эксперт-сексолаг і псіхолаг. Мы збіраем каманду экспертаў, якія яго абследуюць».

Раней Банна паведаміў «Белсату», што 23-гадовы Дор’ян С., які цяпер пад арыштам у справе аб згвалтаванні і забойстве беларускі, прызнаў віну: «Аднак што да зместу ягоных тлумачэнняў, я не магу раскрыць больш падрабязна ягонай працэсуальнай пазіцыі з увагі на інтарэсы следства».

Каментар
Падазраваны ў забойстве беларускі ў Варшаве прызнаў віну
2024.04.15 18:37

Маладзёна вінавацяць у забойстве, гвалце і разбоі. Калі яго не прызнаюць псіхічна хворым, яму будзе пагражаць ад 12 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення.

Сабраныя доказы дазваляюць не сумнявацца ў тым, што злачынства здзейсніў менавіта ён, сцвярджаюць у пракуратуры.

На 25-гадовую беларуску Лізавету напалі ў цэнтры Варшавы 25 лютага. Злачынца пагражаў дзяўчыне нажом, згвалтаваў яе і намагаўся задушыць. Гіпаксія сталася прычынаю незваротных зменаў у мазгах. 1 сакавіка Лізавета памерла ў шпіталі.

Агляд
Забойства Лізы шакавала Польшчу. Пачаліся дыскусіі, будуць маршы, магчымыя змены законаў
2024.03.05 11:41

Сцяпан Кубік, Дар’я Форман belsat.eu

Стужка навінаў