У Менску пачаўся разгляд справы журналіста Ігара Карнея, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Да будынку суда прыехалі прадстаўнікі амбасадаў Аўстрыі, Нідэрландаў, Славаччыны, Швецыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі.
Дзяржаўная прапаганда называе Ігара Карнея экстрэмістам і адзначае, што «ў залі суда з падтрымання толькі адвакат, аднак наведалі судовы працэс і дыпламаты краінаў Еўразвязу».
Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі паведаміла, што на знак салідарнасці з журналістам да будынку Менскага гарадскога суда прыехалі дыпламаты амбасадаў Аўстрыі, Нідэрландаў, Славаччыны, Швецыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі.
«За апошнія 46 месяцаў улады ў Беларусі неправамерна арыштавалі дзясяткі тысяч [асобаў. – Заўв. рэд.]. Сёння колькасць палітычных зняволеных перавышае 1400. Паводле паведамленняў, многія з іх маюць цяжкія захворванні ці знаходзяцца ў стане, які пагражае жыццю, а ім адмаўляюць у належнай медыцынскай дапамозе. Многіх больш за год трымаюць у зняволенні без сувязі са знешнім светам», – адзначаецца ў адмысловай заяве.
ЕЗ заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і іхнай рэабілітацыі.
56-гадовага Карнея абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні нібыта за супрацу з Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Яму пагражае да шасці гадоў калоніі.
Працэс у судзе вядзе Сяргей Кацэр.
Паводле БАЖ, за кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 34 прадстаўнікі медыяў.
Сцяпан Кубік belsat.eu