«Дадаткова прымем рашэнне». Лукашэнка паабяцаў блакаваць сайты, «якія ўвогуле не павінны быць даступныя»


У пятніцу 19 студзеня Аляксандр Лукашэнка выступаў перад калектывам заводу «БелДжы». Адзін з супрацоўнікаў задаў пытанне пра інтэрнэт, нібыта з жадання абараніць сваіх дзяцей ад шкоднага ўплыву (праўда, было відавочна, што пытанне было загадзя падрыхтаванае). Лукашэнка распавёў пра меры па блакаванні сайтаў, а таксама што не карыстаецца мабільным тэлефонам.

Блакаванне сайтаў. Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: bitcop.ru

Калі супрацоўнік заводу пачаў задаваць сваё пытанне і казаць пра пагрозу для дзяцей у інтэрнэце, Лукашэнка перабіў яго і сказаў:

«Каб яны ўсялякае паскудства як зрабіць выбуховую прыладу, парнаграфію там і іншае, каб яны не сядзелі на гэтых сайтах?».

Працоўны толькі ківаў галавою. А Лукашэнка распавёў, што ягоны малодшы сын Мікалай таксама шмат сядзіць у інтэрнэце, але гэта прыносіць карысць, бо ён часта паказвае, што пра яго, Лукашэнку, піша народ. Сам жа ён амаль не карыстаецца мабільным тэлефонам – толькі хвіліну на месяц.

«У нас некаторыя крыўдзяцца: няма свабоды слова, чагосьці таго няма! Мабільны тэлефон – гэта кантроль за вамі штосекундна, калі вы яго носіце ў кішэні. Па гэтым тэлефоне можна ж і знішчыць любога чалавека. Я ведаю шкоду гэтых тэлефонаў, таму я па мабільным тэлефоне размаўляю ў месяц мо адну хвіліну. Хоць нашыя хлопцы вынайшлі адмысловую сувязь. Закрытая сувязь, там усяго некалькі дзясяткаў тэлефонаў», – сказаў Лукашэнка.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Датычна непажаданай інфармацыі ў інтэрнэце, ён распавёў пра дадатковыя меры па яе блакаванні.

«Я не вельмі вялікі спецыяліст у інтэрнэце, але мяне неяк нядаўна праінфармавалі, што дадатковыя меры прымаюцца па блакаванні такіх сайтаў і такой інфармацыі, якая нашым дзецям увогуле не павінна быць даступная. Гэта дадаткова прымем рашэнне», – паабяцаў Лукашэнка.

Hавiны
У Беларусі перасталі адкрывацца сайты навіновых парталаў Delfi
2023.08.09 20:05

Блакаванне непажаданых інтэрнэт-рэсурсаў, як і інтэрнэту ўвогуле – справа не новая ў Беларусі. Доступ да інтэрнэту звычайна абмяжоўваўся падчас масавых акцыяў пратэстаў. Найбольш маштабны ён быў пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе – тады беларусы на працягу некалькі дзён не маглі выйсці ў глабальную сетку, а калі інтэрнэт усё ж вярнулі, то жахнуліся таму, што адбывалася ў краіне.

Потым улады пачалі блакаваць сайты незалежных медыяў. З апошніх прыкладаў блакавання – на час навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай напрыканцы 2023 года ў Беларусі як мінімум часткова блакавалі доступ да YouTube.

Hавiны
Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэзідэнткай «Google», перадала просьбы беларусаў
2024.01.18 13:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў