Лябедзька: Па выніках выбарчай кампаніі мільёны людзей аказаліся ў становішчы дурняў


Досвед Украіны паказвае, што перамагчы можна любую ўладу, у тым ліку беларускую, заявіў журналістам старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які 31 сакавіка выйшаў на волю пасля адбыцця 15-дзённага арышту.

«Уладу перамагчы можна. Вопыт Украіны паказвае, што ўсё можна. Вядома, у нас іншая сітуацыя, іншыя магчымасці, але нічога немагчымага не бывае. Савецкі Саюз быў значна мацнейшы, чым Аляксандр Лукашэнка і ягоная сістэма. Але і ён рухнуў. Таму я аптыміст ў гэтым пытанні», – сказаў палітык.
{movie}Лябедзька: Досвед Украіны паказвае, што перамагчы можна любую ўладу |right|15610{/movie}
Лябедзька лічыць, што апазіцыі «трэба мець свой сцэнар, спрабаваць яго рэалізаваць, хоць зразумела, што зрабіць гэта ва ўмовах Беларусі складана».

Паводле Лябедзькі, «тое, што зрабіла Ярмошына, ейная вертыкаль у фальсіфікацыях, – гэта можна ўносіць у кнігу рэкордаў Гінэса».

«Па выніках гэтай кампаніі не сотні і не тысячы, а мільёны людзей аказаліся ў становішчы дурняў. Хто хадзіў, хто не хадзіў галасаваць – нас усіх выстаўляюць абсалютнымі дурнямі. Зразумела, што гэта была безальтэрнатыўная кампанія, але яе спрабуюць прадаць як нейкае дасягненне дэмакратыі. Важна цяпер расказаць людзям, чаму мы ўсе дурні, незалежна ад таго, ставімся да апазіцыі або проста сядзім на кухнях. Нас робяць дурнямі ўлады».

Лябедзька адзначыў, што апазіцыі не ўдалося рэалізаваць праймарыз у Бабруйску. «Мы не змаглі гэтага рэалізаваць. У гэтым ёсць і нашая віна, што мы раскрылі свае карты, а ўлады сваймі рэсурсамі змаглі не толькі лакалізаваць, але і знішчыць на пні гэтую ідэю».

Разам з тым, падкрэсліў Лябедзька, «гэтая ідэя не памерла». «Яшчэ ёсць магчымасць рэалізаваць ідэю праймарыз калі не ў поўным маштабе, то хоць бы высветліць меркаванне людзей, ці жадаюць яны персанальную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку», – сказаў Лябедзька.

Анатоля Лябедзьку затрымалі 16 сакавіка ў Менску каля Камароўскага рынку. Ён і яшчэ некалькі асобаў на перадвыбарчым пікеце АГП, узгодненым з уладамі, трымалі партрэты беларускіх палітзняволеных, а таксама бясследна зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Суд палічыў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакараў 15 соднямі арышту.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН
https://youtu.be/wkyLZ3ogQSM

Глядзі таксама
Каментары