“Спрадвечна” рускі крым…


У інфармацыйнай вайне ўсё мацней гучыць голас расейскай прапаганды. Спачатку рупары Крамля абвесцілі, што Крым – “спрадвечная руская зямля”. Цяпер жа ўсё мацней пачынаюць гучаць прэтэнзіі расейцаў на ўсходнія тэрыторыі ды нават на ўкраінскую сталіцу.

{movie}Вечны рускі імперыялізм (20.03.2014) |right|15448{/movie}

Мора, сонца, цнатлівая прырода – у крымчанаў ёсць усё для шчаслівага жыцця. Але ўзбярэжжа – гэта не толькі месца адпачынку, а стратэгічная тэрыторыя. Хто валодае Крымам, той валодае Чорным морам. Гэткую дактрыну Расейскай імперыі ўзялі на ўзбраенне і цяперашнія ўлады.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ: “Крым заўсёды быў і застаецца неад’емнаю часткаю Расеі. Гэтае перакананне, што грунтуецца на праўдзе і справядлівасці, было непахісным, перадавалася з пакалення ў пакаленне”.

Так з пакалення ў пакалення перадаюць крамлёўскія ідэолагі і медыйныя прапагандысты ідэю “исконно” рускіх земляў, апраўдваючы ёю захоп чужых тэрыторыяў.

НІНА СТУЖЫНСКАЯ, КАНДЫДАТ ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК: “Калі распавядаюць пра гэтыя “исконно” рускія землі, то далей гэтых 50 гадоў і тое, што Хрушчоў быў не вельмі цвярозы ды падараваў Крым, я не чула ніводнага больш-менш сапраўды прыстойнага гістарычнага аргументу, фундаментальнага”.

Не 50 гадоў, і нават не 10 стагоддзяў, як расейская, а прынамсі 32 стагоддзі налічвае крымская гісторыя. Грэкі, скіфы, рымляне, готы, гуты, хазары ды іншыя народы насялялі паўвыспу. З сярэднявечча і дасюль карэнным насельніцтвам становяцца татары. Як жа паўвыспа стала “спрадвечна рускаю”?

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ДОКТАР ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК: “Руская зямля для іх – тая, дзе некалі ступаў бот расейскага жаўнера”.

Ступіць ботам на крымскія землі расейцы спрабавалі з XVI стагоддзя. Атрымалася ж толькі напрыканцы XVIII стагоддзя. Акурат тады карэннае татарскае насельніцтва абвесціла незалежнасць ад Турцыі і… трапіла пад уплыў Масквы. Гэтак пачалася расейская каланізацыя Крыму. Мясцовыя жыхары спачатку зазналі эксплуатацыю, а ў сталінскія часы – і ўвогуле дэпартацыю.

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ДОКТАР ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК: “У Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію. І потым, ужо пры Хрушчове, калі можна было вяртацца на гэтую зямлю, ім не было куды вяртацца. На іх месцах, у іх дамах сядзелі расейцы”.

Што цяпер і дае падставы расейскім уладам казаць пра абарону імі інтарэсаў большасці насельніцтва паўвыспы.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ, 18.03.2014: “Сёння з 2 млн 200 тыс. жыхароў Крымскай паўвыспы – амаль 1,5 млн расейцаў”.

Пакуль жа новыя старыя каланізатары асвойваюць Крым – ужо агучаны намер новых уладаў забраць частку “самазахопленнай” зямлі ў татараў пад “сацыяльныя патрэбы”. Масква тым часам абгрунтоўвае гісторыяй чарговыя падставы для перакройвання палітычнай мапы свету.

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ДОКТАР ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК: “Вытокі расейскай сучаснай дзяржаўнасці – самае меншае на 200 гадоў пазнейшыя за вытокі дзяржаўнасці беларускай, на 300 гадоў пазнейшыя, чым вытокі дзяржаўнасці ўкраінскай. І прэтэндаваць на Кіеў расейцы спрабуюць толькі таму, што калісьці расейская імперыя – Маскоўскае царства – захапіла Кіеў у XVII стагоддзі”.

І калі выбарачная гістарычная памяць дапамагае Расеі, то іншым народам можа дапамагчы толькі поўнае веданне сваёй гісторыі ды высновы з ранейшых і цяперашніх урокаў, якія дае нам усходні сусед.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”
https://youtu.be/GVeCY9rlAU8

Глядзі таксама
Каментары