Размеркаванне па-беларуску: едзеш у вёску, а працу шукаеш сам


Як выпускнікі музычнага каледжу вярбуюць вучняў, каб адпрацаваць размеркаванне.

Дыпламаваных музыкаў адпраўляюць у вёску, але працу яны мусяць… шукаць самі.

Аляксандра, навучэнца Маладзечанскага музычнага каледжу імя Агінскага, размеркавалі ў паселішча Урэчча на Любаншчыне. Гэта за 140 км ад сталіцы ды прыкладна за 120 км ад Барысава і ягонага дому. Гэтак «пашанцавала» ў групе толькі яму, іншыя паедуць не ў такія аддаленыя мясціны. Хлапец будзе працаваць настаўнікам па класе «акардэон».

«Дзе жыць, мне трэба будзе шукаць самому. Працаваць давядзецца 20 гадзінаў на тыдзень, за якія я атрымаю каля Br 2 млн. Вучняў трэба мець 10. Яны ж могуць быць, а можа іх і не быць. Тады трэба будзе шукаць іх самому», – уздыхае Аляксандр.

Праўда, некаторыя ўвогуле пазбегнуць адпрацоўвання, калі паступяць у ВНУ на дзённую бюджэтную форму навучання.

Дзеці хочуць займацца, але бацькі не падтрымліваюць

Выпускніца Маладзечанскага музычнага каледжу Маша трапіла на адпрацоўванне ў Плешчаніцы на Лагойшчыне год таму. «Я прыехала, і мяне адправілі ў сярэднюю школу набіраць сабе вучняў на акардэон. Трэба было разрэкламаваць свой інструмент. Дзеці былі ў захапленні. Аднак калі тэлефанавала бацькам, яны былі ў шоку: «А што гэта? А навошта? У выніку прыйшоў толькі адзін вучань», – распавядае дзяўчына.

З горам папалам Машы нашкрэблі стаўку – 20 працоўных гадзінаў. У яе тры вучні, якія займаюцца па спецыяльнасці, акардэонам. Іншым маладая спецыялістка выкладае прадметы, якія суправаджаюць працэс навучання музыцы, напрыклад, чытанне нотаў з ліста.

З вясковымі дзецьмі лягчэй працаваць

Прасоўваць музычную культуру ў вёсцы – не самы просты занятак. І рэч нават не ў тым, што там менш ахвотных ёй займацца ці таленавітых дзяцей. Часта праблема – у транспарце.

Дар’я, настаўніца са стажам, выкладае баян у музычнай школе аграгарадка Беразінскае. Ён за 20 км ад Маладзечна. Ездзіць даводзіцца сем разоў на тыдзень. Адна паездка на аўтобусе каштуе Br 13 тыс., а гэта значыць, што за месяц – больш за Br 350 тыс. Альтэрнатыва – дызель. Але не паўсюль яны ходзяць часта і ў патрэбны час.

Вясковыя дзеці, можа, і крыху слабейшыя за гарадскіх, але яны прасцейшыя, і з імі лягчэй працаваць. Будуць ці не будуць яны хадзіць на заняткі музыкаю залежыць ад настаўнікаў і бацькоў. У музычнай школе ў Беразінскім займаюцца 82 асобы, з якімі працуюць дзесяць выкладчыкаў. Вучняў настаўнікі шукаюць самі: ідуць у адульнаадукацыйную мясцовую школу і ладзяць міні-канцэрт, паказваюць інструменты. А потым ужо і ахвотныя з’яўляюцца”.

Настасся Маланка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары