Словы і дзеянні. Як беларускія ўлады адрэагавалі на крымскі рэферэндум?


https://youtu.be/A0x90ntvlGQ
Беларусі ж пакуль удаецца балансаваць паміж Кіевам і Масквою. Афіцыйны Менск запэўнівае ў сяброўстве і новыя ўкраінскія ўлады, і старыя расейскія. Прынамсі пакуль нашая краіна не выказалася наконт прызнання крымскага рэферэндуму. Аднак ці сапраўды гэтая пазіцыя нейтральная?

Беларусь па-ранейшаму выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Гэта вынікае з заявы кіраўніка прэсавай службы МЗС Дзмітрыя Мірончыка.

{movie}Словы і дзеянні|right|15382{/movie}

Ці верыць гэтым запэўніванням Кіеў? Віталь Клічко напярэдадні заклікаў рашуча рэагаваць на якія-кольвек пагрозы пранікнення расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыю Украіны. Пра гэта лідар партыі “Удар” заявіў акурат на мяжы… з нашаю краінаю.

ВІТАЛІЙ КЛІЧКО, ЛІДАР ПАРТЫІ «УДАР»:
“Мы ведаем пра гэтак званых палітычных турыстаў, калі мяжу перасякаюць тысячы людзей, якія бяруць удзел у масавых дэманстрацыях – на жаль, не з украінскімі сцягамі”.

Паводле Клічка, кіраўнік Беларусі праз пасла Беларусі ў Кіеве запэўніў яго, што войскаў на мяжы з Украінаю няма, а мяжа паміж нашымі краінамі недатыкальная.

Аднак абяцанні абяцаннямі, але колькасць расейскіх вайскоўцаў у нашай краіне павялічваецца.

ВІКТАР БОНДАРАЎ, ГАЛОЎНАКАМАНДУЮЧЫ ВПС РАСЕІ:
“У Беларусі ў нас цяпер звяно знішчальнікаў Су-27СМ3 колькасцю чатыры машыны, яно выконвае задачы супрацьпаветранай абароны Саюзнай дзяржавы. Сёлета разгорнуць полк Су-27 у складзе дзвюх эскадрылляў – агулам 24 машыны”.

Некалькі дзён таму ў Бабруйск ужо прыляцелі шэсць знішчальнікаў і тры вайскова-транспартавыя самалёты. Як раней падкрэсліў кіраўнік Беларусі, гэта адказ на прысутнасць амерыканскіх F-16 у Польшчы і Літве. Усё, вядома ж, выключна ў межах Саюзнай дзяржавы.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Ніякія Крамлі на мяне не ціснуць. Гэта не мае сэнсу. Я буду абараняць інтарэсы сваёй краіны”.

Тым часам у пятніцу на тэрыторыі нашай краіны распачаліся маштабныя беларуска-расейскія вучэнні. Падчас якіх у боегатовасць была прыведзеная практычна ўся авіяцыя на ўсіх дзяжурных аэрадромах нашай краіны.

Замежнапалітычнае ведамства Украіны ацаніла гэта як пагрозу сваёй нацыянальнай бяспецы і ўцягванне Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт.

А што думаюць жыхары нашай краіны?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Цяпер трошкі мабілізуюцца войскі, страшнавата. Але я думаю, усё вырашыцца. Не дойдзе да вялікіх канфліктаў”.
“У Беларусі стабільнасць, наш прэзідэнт вядзе правільную палітыку. Нам не пагражаюць такія перыпетыі”.
“Пакуль што мяне вельмі задавальняе пазіцыя прэзідэнта, які слушна сказаў: “У нас свой інтарэс”.

Былы палітвязень і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец у дзеяннях Крамля бачыць пагрозу не толькі для нашай паўднёвай суседкі.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:
“Сёння Украіна, заўтра Беларусь. Таму беларусам трэба браць гэта на ўвагу. Нам трэба гуртавацца, выяўляць салідарнасць”.

Улады ж Беларусі, якія на словах запэўніваюць Кіеў у сяброўскім стаўленні, такім праявам салідарнасці намагаюцца ўсяляк перашкодзіць. Дзесяццю базавымі велічынямі пакараў Ваўкавыскі суд грамадскага актывіста Віталя Гуляка, які на мінулым тыдні зладзіў у горадзе адзіночны пікет супраць вайны ва Украіне.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары