Самая моцная выведка ў Літве – расейская


Асноўныя пагрозы для нацыянальнай бяспекі Літвы паказала нядаўняя справаздача літоўскіх спецслужбаў. Асобны артыкул у дакуменце заслужыў і беларускі КДБ.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы апублікаваў сёння справаздачу за мінулы год. У дакуменце найбольш актыўнаю названая дзейнасць расейскай выведкі.

Праблемы праз Украіну

Паводле справаздачы, спецслужбы Крамля цікавяцца як унутранаю палітыкаю Літвы, гэтак і вонкаваю. Летась Літва заслужыла асаблівую ўвагу ФСБ праз намаганні ўцягнуць Украіну ў еўрапейскую арбіту. У межах старшынства ў Еўразвязе ў другой палове 2013 года афіцыйная Вільня ладзіла шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на еўраінтэграцыю Украіны – запрашала на сустрэчы як прадстаўнікоў афіцыйнага Кіева, гэтак і тагачаснай апазіцыі.

Шукаюць «мішэні»

Як паведамляюць літоўскія спецслужбы, расейскія агенты вярбуюць у Літве працаўнікоў, якія перадаюць патрэбную інфармацыю або ўплываюць на грамадскае меркаванне. «Мішэнямі» вербавання звычайна становяцца:
– працаўнікі дзяржслужбаў, звязаных са сферамі замежнай палітыкі, абароны ці нацыянальнай бяспекі;
– палітыкі, чыноўнікі, праваахоўнікі;
– бізнесоўцы, што падтрымліваюць сувязі з уплывовымі палітыкамі;
– журналісты ды іншыя стваральнікі грамадскага меркавання;
– палітычныя, эканамічныя ды іншыя эксперты;
– перспектыўная моладзь.

Супрацоўнік амбасады РФ Валерый Катула – у спісе абнародаваных шпіёнаў у Літве. Фота LR VSDСупрацоўнік амбасады РФ Валерый Катула – у спісе абнародаваных шпіёнаў у Літве. Фота LR VSDЛітоўскія праваахоўнікі выклалі ў інтэрнэт некалькі фотаздымкаў расейскіх агентаў або тых, з кім яны супрацоўнічаюць.

Як становяцца інфарматарамі?

Вярбуючы асобу, агенты Расеі націскаюць на «слабыя месцы» чалавека. «Матывам камунікаваць з расейскай выведкаю могуць быць фінансавыя інтарэсы (пазыкі, прага жыць шыкоўна і гэтак далей), незадаволенасць кар’ераю, інфармацыя, якая кампраметуе (парушэнне законаў і крымінальныя злачынствы, сексуальная арыентацыя, залежнасці), сімпатыі да Расеі праз перакананне або паходжанне», − сцвярджаецца ў справаздачы.

Як раскрыў літоўскі дэпартамент, магчымасці ў расейскіх шпіёнаў за мяжою – шырокія. Яны займаюцца не толькі наўпроставым вербаваннем, але і праслухоўваюць тэлефонныя размовы, займаюцца кібернетычным шпіянажам. Дзеля гэтых мэтаў у Калінінградскай вобласці заснавалі цэнтр электроннага сачэння ФСБ, дзе «вылоўліваюцца» размовы і перапіска патрэбных людзей у Літве.

«…Выкарыстоўваюцца праграмы сачэння. Яны могуць далучацца да электронных лістоў у розных фарматах… Ужываюцца і вірусы, якія трапляюць у камп’ютар праз вонкавыя носьбіты. Варта адзначыць, што працаўнікі расейскіх спецслужбаў дораць носьбіты інфармацыі кантактным асобам і раяць імі карыстацца. Калі флэшка або іншы носьбіт падлучаецца да камп’ютара, разам пераносіцца і вірус сачэння», − папярэджваюць літоўскія праваахоўнікі.

«Брудныя» метады

Не цураюцца ў ФСБ і «брудных» метадаў, тым больш, калі дзейнічаюць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Літоўскія органы бяспекі акрэсліваюць іх так: «Асобаў могуць змушаць да супрацы праз шантаж на грунце правапарушэнняў або амаральных дзеянняў (правоз кантрабанды, інцыдэнты з мясцоваю паліцыяй, аварыі ў нецвярозым стане і гэтак далей). Часам ФСБ свядома намагаецца справакаваць грамадзяніна Літвы на такія дзеянні або паводзіны».

У справаздачы адзначаецца, што найчасцей ахвярамі гэткага ціску становяцца літоўскія бізнесоўцы.

Дзейнасць КДБ Беларусі таксама небяспечная

Асобны раздзел прысвечаны дзейнасці спецслужбаў Беларусі, якія «актыўна працуюць супраць Літвы». Як сцвярджаецца ў справаздачы, «гэтыя службы надаюць найбольшую ўвагу дзейнасці беларускіх апазіцыйных арганізацыяў ды іх сувязям у Літве».

Іншая сталая мішэнь КДБ – беларуская дыяспара. КДБ пры дапамозе дыпламатычных установаў падтрымлівае працу суполак беларусаў у патрэбным афіцыйнаму Менску рэчышчы. Апроч таго, дзяржаўныя шпіёны шукаюць партнёраў сярод літоўскіх палітыкаў, бізнесоўцаў, прадстаўнікоў медыяў.

Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Беларусі, як высветлілася, цікавіцца інфармацыяй пра вайсковыя аб’екты, узброеныя сілы Літвы ды іх баяздольнасць.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары