Беларускі-прадпрымальніцы: Як дасягнуць поспеху, калі беларускі бізнес усцяж мужчынскі?


«Гэта неверагодны кайф – трымаць у руках рэчы, якія зрабіў сам!» Але, каб іх зрабіць, даводзіцца і бухгалтарскі ўлік весці, і цяжкія цюкі цягаць, і пра сям’ю часам забывацца – гэткі кошт поспеху беларусак-прадпрымальніц. А мы нават не ведаем, колькі іх сярод нас – уліку жаночага бізнесу ў Беларусі не вядзецца.


Яна Кірсанава: «Гэта неверагодны кайф – трымаць у руках рэчы, якія ты зрабіў сам!»

Яна Кірсанава – заснавальніца маркі «Taksama», якая выпускае адзенне і аксесуары для сну і дому. Пачынала Яна некалькі гадоў таму з сувеніраў, якія лёгка рабіць і прадаваць. Але марыла ствараць адзенне. $ 6 тыс. дзяўчына ўклала ў сваю першую калекцыю адзення «Tasty collection». Калекцыя не прынесла чаканага прыбытку. Да таго ж узнікла праблема з продажам. У краме дызайнерскіх рэчаў «Арка» дзяўчыне сказалі, што стыль ейнай калекцыі занадта штодзённы для іх, а ў ГУМе наадварот – патлумачылі, што ім патрэбныя рэчы прасцейшыя, не дызайнерскай працы.

Вядомасць Янінаму бізнесу прынеслі маскі для сну – «Taksama» першай у Беларусі пачала іх рабіць. Потым прыйшла ідэя шыць піжамы, першая калекцыя якіх якраз мае з’явіцца ў продажы напрыканцы сакавіка.

Яна прызнае, што ствараць свой бізнес – вельмі цяжка, перш за ўсё таму, што напачатку ў яго трэба ўкладаць шмат грошай. Апроч таго, трэба быць «шматфункцыйнай». «Я і бухгалтарскі ўлік вяла ў свой час, і нават сайт наш навучылася праграмаваць», – распавядае дзяўчына.

Яна называе свой бізнес «цяжкім» для жанчын у наўпроставым значэнні гэтага слова, бо швейная вытворчасць – гэта цяжкія цюкі тканін, каробкі з аксесуарамі. Але ў той жа час дзяўчына не расчаравалася.

«Я не шкадую, што развіталася з кар’ераю журналіста. Бо гэта неверагодны кайф – трымаць у руках рэчы, якія ты сам зрабіў», – зазначае яна.

Святлана Найміценка: «У нейкі момант я забылася, што ў мяне ёсць сям’я»

«Усё пачалося з мары, – распавядае Святлана Найміценка, дырэктарка школы іміджу «Image-PRO».Я з дзяцінства любіла працаваць з адзеннем, для лялек шыла сукенкі».

Святлана – эканаміст паводле адукацыі. Але дызайнер і стыліст – паводле паклікання. Калі жанчына гэта зразумела, то пасля ўніверсітэту пайшла вучыцца ў швейны каледж. Сёння ейныя калекцыі адзення і школа іміджу вядомыя не толькі ў Беларусі.Але поспех каштуе сямейных і сяброўскіх зносінаў, не хавае Святлана. «У нейкі момант я зразумела, што цалкам зышла ў працу і забылася, што ў мяне ёсць сям’я, – кажа дызайнерка. – Але тады гэта было неабходнае, інакш бы я не мела цяпер таго, што маю. Цяпер я вярнулася ў сям’ю».

Святлана ўпэўненая, што ейная праца патрэбная і карысная. «Веды іміджу трэба даваць дзецям з малых гадоў. У нашых школах гэтага няма, таму ў нас гэтак шмат людзей адчуваюць сябе няўпэўнена, не ведаюць, што надзець, што ім найлепш пасуе».

«Дагэтуль я задаюся пытаннем: калі ж я нарэшце высплюся? Але потым разумею, што той пазітыў, які я атрымліваю на працы, не ідзе ні ў якое параўнанне з адчуваннем выспанасці», – са шчыраю ўсмешкаю дадае Святлана.

«Мужчынам у Беларусі займацца бізнесам прасцей»

Таццяна Марыніч, дырэктарка бізнес-клубу «Imaguru» зазначае, што, нягледзячы на паспяховыя гісторыі жаночых ініцыятыўва, мужчыны ў Беларусі ўсё яшчэ неахвотна пускаюць жанчын у бізнес-прастору.

«У нас яшчэ патрыярхальны менталітэт, і жанчыну-кіраўніка бізнесу нашыя мужчыны не заўсёды гатовыя сур’ёзна ўспрымаць», – кажа спадарыня Таццяна.

Віцэ-старшныя Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Лілія Коваль пацвярджае, што жанчын у Беларусі ў бізнесе непараўнальна менш, чымся мужчын. Эксперт звязвае гэта з тым, што «жанчыне часта трэба спалучаць бізнес, сям’ю, хатнюю гаспадарку, выхаванне дзяцей, што вельмі цяжка».


Колькі ў Беларусі жанчын-прадпрымальніц – невядома

Паводле Ліліі Коваль, нават Беларускі нацыянальны статыстычны камітэт не вядзе такой статыстыкі. «Мы часта звяртаем увагу на тое, што жаночае прадпрымальніцтва ў нас не выдзяляецца асобна, у той час, як ува ўсім свеце яго вылучаюць, існуюць праграмы падтрымання жаночага прадпрымальніцтва. У Беларусі чамусьці не», – зазначае віцэ-старшыня Саюзу прадпрымальнікаў.

Што да таго, якім бізнесам беларускі займаюцца найчасцей, Лілія Коваль адказвае: самым розным. «Калі судзіць пра сябраў нашага Саюзу, жанчыны робяць бізнес абсалютна ўва ўсіх сферах – і ў вытворчасці, і ў будаўніцтве». Але прасцейшы для жанчын, а таму і найбольш папулярны бізнес, паводле эксперткі, – гандаль і паслугі.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары