Паралакс. Лёгкі спосаб кінуць паліць


Фатограф Юсуф Карш (Yousuf Karsh) быў першы, хто адмовіўся дыхаць чужым тытунёвым дымам. Тады на ўпакоўцы цыгарэтаў яшчэ не было пагрозаў ад Міністэрства аховы здароўя.

Нядаўна паўднёва-афрыканская газета «Cape Times» апублікавала свае аранжыроўкі некаторых іконаў фатаграфіі, змантаваўшы выявы такім чынам, быццам іх робяць на тэлефон самі героі здымка. У серыю трапіў і партрэт Чэрчыла, які робіць сабе «лук», зацягваючыся цыгарай. У брытанскага прэм’ера была ад іх залежнасць: ён не мог спакойна спаць, калі ў сутарэнні свайго дому не меў у запасе мінімум 10 000 штук.

На гэтым здымку Чэрчыл таксама быў бы з цыгараю, калі б не нахабнасць Юсуфа Карша, армянска-канадскага фатографа з Атавы.

У канадскую сталіцу Чэрчыл завітаў падчас паездкі ў Паўночную Амерыку ў снежні 1941 года. Японія напала на ЗША, і брытанскі прэм’ер-міністр удаўся на размову з амерыканскім прэзідэнтам, каб выпрацаваць супольны план дзеянняў і захаваць брытанскі мілітарны ўплыў у вайне, якая стала ўжо сапраўды сусветнай. Ён бліскуча выступіў перад Кангрэсам, але перахваляваўся да сэрцавага завалу. Аднак гэта не паўстрымала палітыка ад паездкі ў брытанскі дамініён, што быў сябрам Садружнасці нацыяў і перавалачным пунктам амерыканскай зброі на Брытанскіх выспах. Менавіта перад канадскім парламентам Чэрчыл пракаментаваў прароцтва французаў, што «немцы за тры тыдні скруцяць Брытаніі галаву, як курыцы», фразаю «ўсё залежыць ад таго, што гэта за курыца».

Карш атрымаў замову ад канадскага ўраду на гэты партрэт і ведаў, што мае на кантакт з палітыкам роўна дзве хвіліны. Чэрчыл выйшаў да фатографа з ужо запаленаю цыгараю. Карш папрасіў адкласці яе. Чэрчыл адмовіўся. Тады фатограф наважыўся на небяспечны крок: ён падскочыў да прэм’ера і, перапрашаючы, вырваў цыгару з ягоных вуснаў. Похапкам вярнуўшыся да камеры, Карш націснуў спуск, задакументаваўшы нашчадка герцагаў Марлбара (Marlborough) не ў самым лепшым гуморы. Чэрчыл ацаніў, аднак, рашучасць творцы і не зладзіў скандалу, а часопіс «Life» прызнаў вартасць бесцыгаравага здымку, змясціўшы яго на сваю вокладку.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў