Беларусь чакае ад Расеі прапановаў па мытах


Міністэрства юстыцыі заявіла, што чакае прапановаў ад расейскага боку, каб развязаць спрэчку з-за мытаў на нафту ў пазасудовым парадку. Адначасова з гэтым чыноўнікі скіравалі ў суд высновы з БДУ ды Інстытуту права Украіны. У абодвух дакументах пацвярджаецца абгрунтаванасць пазіцыі беларускага боку.

Нагадаем, эканамічны суд СНД адмовіўся разглядаць пазоў Беларусі да Расеі аб незаконнасці збірання мытаў на нафтапрадукты. Пры гэтым расейскі бок заявіў аб жаданні вырашыць спрэчку ў пазасудовым парадку. Тым часам афіцыйны Менск лічыць незаконным накладанне экспартных мытаў на расейскія нафтрапрадукты, спасылаючыся пры гэтым на дзеянне Мытнага саюзу паміж Беларуссю, Расеяй ды Казахстанам.

Эканамічны суд СНД аб’явіў перапынак у разглядзе справы да 7 кастрычніка, аднак бакі дагэтуль не прышлі да згоды.

Раней міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў заявіў, што толькі за першае паўгоддзе беларускія суб’екты гаспадаркі страцілі праз увядзенне мытаў больш за $ 7 млн, калі браць у разлік толькі наўпроставыя страты.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары