З кастрычніка 2022 года да лістапада 2023-га беларусы аформілі ў Літве такс-фры на суму € 4,77 млн. Усяго падалі 174 тысячы дэкларацыяў, паведамляе «Delfi» са спасылкаю на падатковую службу Літвы.
Сістэма такс-фры дазваляе вярнуць падатак на дададзеную вартасць за некаторыя тавары. Паводле «Global Blue Lietuva», 25,5 % пакупак беларусаў, на якія аформілі такс-фры, – гэта электроніка і побытавая тэхніка. Яшчэ 21,9 % – тавары для дому. Адзенне і абутак складаюць 17,91 %, а харчовыя тавары – 7,77 %. Таксама 5,97 % – спартовыя тавары, 2,32 % – парфумерыя і касметыка, 0,86 % – гадзіннікі і ювелірныя вырабы.
У сярэднім у 2023 годзе адзін беларус хацеў вярнуць падаткі з сумы € 235.
Паводле службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, больш за ўсё беларусаў прыязджала ўлетку і ў пачатку восені. У ліпені прыехалі 146 тысячаў беларускіх турыстаў, у жніўні – 169 тысячаў, а ў верасні – 216 тысячаў. Да 14 снежня колькасць беларусаў, якія мінулі мяжу, склала крыху больш за 40 тысячаў чалавек.
Арсен Рудэнка belsat.eu