Украіна збіраецца падаць у суд на Польшчу, Славаччыну і Вугоршчыну


Кіеў збіраецца судзіцца з Польшчай, Славаччынай і Вугоршчынай за іх адмову выканаць распараджэнне Еўракамісіі і зняць забарону на сельскагаспадарчую прадукцыю з Украіны.

Загрузка збожжа.
Фота: Міністерство інфраструктури України / Facebook

Нагадаем, што з 15 верасня Еўракамісія дала дазвол на продаж украінскага збожжа на тэрыторыі Еўразвязу. Але Польшча, Славаччына і Вугоршчына заявілі, што ўвядуць свае забароны на зерне з Украіны.

На гэтую сітуацыю адрэагавалі ў Кіеве. Гэтак, паводле гандлёвага прадстаўніка Украіны Тараса Качкі, Кіеў будзе падаваць у суд на гэтыя тры краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, бо лічыць, што такія дзеянні ёсць юрыдычна неправамоцнымі. Акрамя таго, было прагаворана, што Украіна можа прыняць контрзахады ў імпарце садавіны і гародніны з Польшчы.

«Я думаю, што ўвесь свет павінны ўбачыць, як дзяржавы – сябры ЕЗ паводзяцца ў дачыненні гандлёвых партнёраў і свайго Звязу, таму што гэта можа ўплываць і на іншыя дзяржавы», – адзначыў гандлёвы прадстаўнік Украіны.

На думку Тараса Качкі, тое, што гэтыя тры краіны не падпарадкаваліся Бруселю, ёсць не проста ўнутранай справай Еўразвязу, гэта выклікае «найбольшую сістэмную праблему»: ці могуць міжнародныя партнёры давяраць таму, што Брусель гаворыць ад імя ўсяго Еўразвязу.

«Цягам доўгіх гадоў менавіта Еўрапейская камісія выступала пасярэднікам у гандлёвых перамовах і інстытутам гандлёвай палітыкі для ўсяго Еўразвязу. І мы прывыклі працаваць на гэтай аснове», – адзначыў Тарас Качка, дадаўшы таксама, што «сістэмны падыход Будапэшту і Варшавы з нагоды ігнаравання пазіцыі інстытутаў ЕЗ у гандлёвай палітыцы будзе праблемай для ЕЗ у цэлым, бо там няма адзінства».

У той жа час гандлёвы прадстаўнік Украіны расказаў, што ўкраінскі ўрад гатовы «ўзяць на сябе адказнасць за тое, каб экспарт з Украіны не выклікаў цунамі ў суседніх краінах», – для гэтага збіраюцца ўвесці сістэму экспартных ліцэнзіяў на збожжа «ў рэальным часе» для абедзвюх краінаў, што дасць магчымасць як запаволіць экспарт у суседнія краіны, так і дазволіць Украіне аператыўна рэагаваць, калі будзе выяўлены ўсплёск.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў