Польшча, Славаччына і Вугоршчына забаранілі імпарт збожжа з Украіны насуперак рашэнню Еўракамісіі не працягваць такое эмбарга. У Варшаве гэтыя захады растлумачылі абаронаю сваіх фермераў, піша агенцыя PAP.
15 верасня Еўракамісія пастанавіла не працягваць эмбарга на імпарт украінскага збожжа. Нягледзячы на гэта, Польшча, Славаччына і Вугоршчына самастойна ўхвалілі такое эмбарга. Румынія ўзяла паўзу да 18 верасня, чакаючы прапановаў Кіева аб захадах дзеля экспартнага кантролю сельскагаспадарчай прадукцыі.
Польшча, у прыватнасці, забараніла ўвозіць з Украіны ад 16 верасня пшаніцу, кукурузу, насенне рапсу і сланечніку. Напярэдадні кіраўнік ураду Матэўш Маравецкі растлумачыў гэтае рашэнне абаронаю ўласных фермераў.
«Мы працягнем забарону на імпарт украінскага збожжа, нягледзячы на адсутнасць згоды з боку Еўракамісіі. Мы зробім гэта, бо гэта ў інтарэсах польскага фермера», – заявіў прэм’ер-міністр.
Пры гэтым міністр сельскай гаспадаркі Роберт Тэлюс паабяцаў садзейнічаць Украіне ў транзіце збожжа праз тэрыторыю Польшчы. Гэта не будзе ўплываць «на наш рынак і інтарэсы польскага фермера», сказаў міністр.
Тым часам Балгарыя пастанавіла не забараняць імпарт украінскага збожжа. Улады адзначаюць, што эмбарга, якое ўпершыню было ўхваленае ў траўні, справакавала рост цэнаў у краіне, у выніку бюджэт страціў €70 млн.
Як паведамілі раней у Еўракамісіі, цягам 30 дзён Украіна мусіць запусціць усе прававыя захады, у тым ліку ліцэнзаванне экспарту, каб пазбегнуць рэзкіх зменаў цэнаў на збожжа і перабояў на рынках краінаў ЕЗ.
Украіна сутыкнулася з цяжкасцямі з экспартам харчоў пасля пачатку вайны. У леташнім ліпені набыла моц гэтак званая збожжавая ўгода дзеля транспартавання сельскагаспадарчай прадукцыі з украінскіх партоў. Аднак у сёлетнім ліпені Расея ў аднабаковым парадку выйшла з угоды, заявіўшы, што дамоўленасці, якія былі часткай пагаднення, не выконваюцца.
Сяргей Крот belsat.eu