news
Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
Колькі каштуе ёршык у прыбіральні Лукашэнкі і якія кнігі паставяць у ягоную бібліятэчку.
18.09.202310:39

Зараз Лукашэнка паселіцца насупраць «прэзідэнцкай клінікі»? Прынамсі, там рэканструююць будынак пад новую рэзідэнцыю, вынікае з расследавання «BELPOL». Дзякуючы яму, мы ведаем не толькі агульную цану і ўсе планы, але і можам паглядзець на бібліятэку, спальню і санвузлы.

Адна з арганізацыяў былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» выдала 18 верасня расследаванне аб рэканструкцыі будынку ў самым цэнтры Менску: выявілася, што ў палацыку, пазначаным на мапах як аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру, робяць чарговую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі – або таго, каго ў адміністрацыі Лукашэнкі называюць словам «руководитель».

Указ «для службовага карыстання» № 52 аб рэканструкцыі будынку Лукашэнка падпісаў 14 сакавіка 2022 года – праз 18 дзён пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Сумневы ў тым, што гэта будзе рэзідэнцыяй Лукашэнкі, выклікае хіба пакупка пяці пісьмовых набораў пад назвай «Вице-призедент» (менавіта так, з памылкамі ў слове «президент», пазначана ў каштарысах) за 617 рублёў кожны і ніводнага – пад назвай проста «Призедент». Ды пасады віцэ-прэзідэнта ў Беларусі няма, а астатняе ў планах дае падставы меркаваць, што «руководитель» з дакументацыі – менавіта Аляксандр Лукашэнка.

Чальцы «BELPOL» далі «Белсату» азнаёміцца з дзясяткамі здабытых дакументаў, якія арганізацыя атрымала з уласных крыніцаў, «скарыстаўшыся метадамі аператыўна-вышуковай дзейнасці». Мы пабачылі дакументы ад агульных планаў і каштарысаў да схемы гардэробу, дамовы на пакупку снегагенератара і спісу кніг у бібліятэчцы.

Кошт

Гэты праект абыдзецца рэспубліканскаму бюджэту і «інавацыйнаму фонду» Упраўлення справамі Лукашэнкі ў не менш як у 43,6 млн беларускіх рублёў або, паводле курсу на момант напісання дакументацыі да аб’екту, у не менш як 14,2 млн долараў. А тое і больш: работы забуксавалі і могуць вымагаць няпланавых выдаткаў. Ды такую працу варта рабіць старанна: планаваны тэрмін эксплуатацыі – 50 гадоў.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

Такая сума – куды танней за палацы расейскіх кіраўнікоў. Так, адзін з палацаў Уладзіміра Пуціна, паводле расейскіх расследавальнікаў, мог каштаваць мільярд долараў. Ды хоць у новым палацы Лукашэнкі няма пуцінскіх аквадыскатэкі, шубасховішча і складу гразі, там таксама ёсць на што паглядзець.

Будынак

Пад рэзідэнцыю ўзялі ўжо існы будынак па адрасе Менск, Чырвонаармейская, 15. Гэта насупраць «прэзідэнцкай клінікі», блізу афіцыйнай Адміністрацыі прэзідэнта, «Прэзідэнт-гатэлю», былой Нацыянальнай бібліятэкі (дзе цяпер Савет Рэспублікі) і парку Горкага. Каля будынку – даўно агароджаны сквер плошчай у тры футбольныя палі, былы парк юных натуралістаў. Увесь участак – 2,7 га.

Будынак плошчаю 4783 м² збудаваны ў 1968 годзе і ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У адрозненне ад Палацу Незалежнасці, гэты будынак – у стылі «савецкага класіцызму», месцамі нават нагадвае гістарычныя палацы, уласцівыя беларускім землям. Яго перадалі Упраўленню справамі Лукашэнкі яшчэ ў 1998 годзе. Менчукі маглі заўважыць, што нядаўна гэты будынак перафарбавалі з бэжава-жоўтага ў блакітны.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

Работы распачалі 1 сакавіка 2022 года і мусілі завершыць да 1 красавіка 2023-га. У канцы студзеня 2023 года Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва інфармавала Упраўленне справамі Лукашэнкі, што рэканструкцыя завершаная на 85 %. Але на момант публікацыі выглядае, што работы не завяршылі, а шэрагу пастаўнікаў выстаўляюць прэтэнзіі.

Планы

Будынак мае чатыры прасторныя паверхі і невялічкі падвал (або вялікі з сакрэтнай часткай – на плане паказаны толькі фрагмент). Гартайце галерэю, каб пабачыць розныя паверхі.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

На першым паверсе – прасторны вестыбюль, за ім «санаторная» зона плошчай 650 м². У круглай залі спа-комплекс, у якім галоўную пазіцыю займае «душ уражанняў» (пра яго – ніжэй). З левага боку ад яе басейн на 300 ­м². Комплекс відавочна не на аднаго чалавека: ёсць мужчынскія і жаночыя распранальні. Таксама на першым паверсе перамоўныя пакоі і пакоі чакання, сталовыя і кабінеты, пасты аховы (з асобнымі пакоямі для зброі, спецсувязі і памяшканнем падраздзялення абароны дзяржаўных сакрэтаў), «асабістая зона кіраўніка» (з гаражом і асобным пакоем для кіроўцаў, ліфтам на 3 паверх).

На другім паверсе – круглая канферэнц-зала (над спа-комплексам), кабінеты і пакоі адпачынку, прэс-зона і пакой для запісу выступаў. Выглядае на тое, што гэта асноўная зона для персаналу, занятага ў працы з дакументамі і звесткамі.

На трэцім паверсе «рабочая зона кіраўніка» займае 732 м², а «персанальная зона кіраўніка» – 299 м². У «рабочай зоне» – яшчэ кабінеты і пакой чакання, абедзенная зала прыёмаў, пакоі ахоўніка і «памочніка кіраўніка», яшчэ адзін прэс-цэнтр, прыёмная, вялікая круглая зала нарадаў (над спа-комплексам і канферэнц-залай) і вялікі працоўны кабінет з выхадам у «персанальную зону». У персанальнай зоне – гасцёўня, спальня, прыватная абедзенная зала (у ранейшых дакументах замест яе былі спартовы і медычны пакоі), «кухня-дагатовачная», бібліятэка, гардэроб, пакой адпачынку. У прыватную зону вядзе асобная лесвіца і «ліфт для кіраўніка» (вытворчасці «Магілёўліфтмаш»). Гэтую зону апісваюць як «блок памяшканняў з магчымасцю кругласуткавага знаходжання».

На чацвёртым паверсе – яшчэ кабінеты: як «офісныя» з камп’ютарамі, так і пакоі аховы, прыбіральнікаў і лекараў, працэдурны кабінет, а таксама вялікія пакоі над «персанальнай зонай кіраўніка», пазначаныя проста як паддашак.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

Перад будынкам – ратонда за 150,8 тысячы рублёў і дэкаратыўная кампазіцыя «Буслы» за 87,5 тысячы рублёў (паводле пазнейшай накладной, з падаткамі выйшла 111,5 тысячы). Самы дарагі вітраж у будынку – за 225 тысяч рублёў, ёсць яшчэ адзін за 78 тысяч і адзін за 72 тысячы.

Інтэр’еры

Дызайн-канцэпцыя, здабытая «BELPOL», імаверна, не канчатковая: так, у ёй ёсць спартовы і медычны пакоі «кіраўніка», замест якіх у пазнейшым плане абедзенная зала з шасціметровым сталом за 16 тысяч рублёў. Ніжэй – асобныя выявы праектаў памяшканняў «агульнага карыстання». Гартайце галерэю, каб пабачыць розныя пакоі.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

А вось інтэр’еры трэцяга паверху – памяшканняў «кіраўніка». Хоць ад спартовага пакою адмовіліся, адмысловы доступ для «фізічна аслабленых асобаў» прадугледзелі толькі ў цэнтральны вестыбюль. Гартайце галерэю, каб пабачыць розныя пакоі.

Дызайн гэтых памяшканняў, паводле праекту, «строгі і лаканічны», «у класічным стылі», «мае прэзентабельны выгляд, у аснове якога ляжыць элегантнасць». Мяккая мэбля абцягнутая аксамітам, жакардам або скурай. Тэкстыль аднатонны з пераважна раслінным арнаментам. У інтэр’еры галоўныя колеры – белы і жамчужны, пераважаюць пастэльныя тоны, светла-шэрыя, бэжава-шакаладныя, залацістыя і бронзавыя адценні.

Аздабленне выбранае дарагое, але не зусім шалёна-дарагое: напрыклад, залатых унітазаў няма, а найдаражэйшыя ёршыкі для ўнітазаў каштуюць усяго 599,76 рублёў (у палацы Пуціна ёршыкі куплялі па 700 еўра). Побач – мыльніца за 1000 рублёў.

Самая дарагая карціна – усяго 18 тысяч рублёў, самае дарагое пано – 17 тысяч. Самы дарагі дыван – за 3080 рублёў, і ён вытворчасці кампаніі «Віцебскія дываны». Але камплект штораў выбралі за 29,5 тысячы.

Найдаражэйшы ложак – усяго 1750 рублёў, і ён вытворчасці «Пінскдрэву». Праўда, матрац на ім – за 5300 рублёў, індывідуальнай замовы. Самыя дарагія чатыры фатэлі – магчыма за 3427 рублёў, самыя дарагія чатыры канапы – магчыма за 6495 (іх няма ў каштарысах, але ёсць камерцыйная прапанова на пастаўку такіх ад ТАА «Кінг Стайл»). А вялікі стол для нарадаў каштуе 71,5 тысячы рублёў.

Самы дарагі тэлевізар – 4000 рублёў (толькі «кіраўніку» і ягонаму памочніку належыць якасць 4k, астатнія тэлевізары – усяго «FullHD»). Затое ёсць дэкаратыўны электракамін за 9600 рублёў. Самыя дарагія камп’ютары – за 5056 рублёў. Гэта так званыя рабочыя станцыі: магутны працэсар, шмат аператыўнай памяці, але няма асобнай відэакарткі, таму ў «Far Cry 6» не пагуляешся. Цікава, што на рабочых станцыях – не самая новая аперацыйная сістэма «Windows 10». Яшчэ 82 персанальныя камп’ютары – па 2548 рублёў, галоўны сервер – за 57,6 тысячы рублёў.

«Душ уражанняў»

Спа-зона займае вялікую частку першага паверху. У ёй прадугледжаныя басейн (падобна, 25-метровы на дзве дарожкі), дзве гідрамасажныя ванны, «дарожка Кнэйпа» (лінейка ваннаў для ног з вадой рознай тэмпературы), крыясаўна (гэта як «лазня наадварот»: рэзка астуджвае цела, але не даводзіць да абмарожвання), звычайная саўна, хамам (турэцкая лазня), «сонечны пакой» (салярый з лямпамі з «карыснай часткай спектру» сонечнага святла, каб «сінхранізаваць біярытмы»), джакузі, душавыя, снегагенератар, масажныя пакоі. Цэнтральнае месца ў кампазіцыі спа-комплексу займаюць два «душы ўражанняў» (гэта такія душы са святлом і гукамі) пад назвамі «Тропика» і «Сибирская ночь».

Вось некаторыя выявы комплексу адпачынку. Гартайце галерэю, каб пабачыць розныя пакоі.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL
Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання «BELPOL» аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

На «санаторную» частку палаца грошай ужо не шкадавалі. Напрыклад, «сонечны пакой» каштуе 300 тысяч рублёў, камплекты саўнаў – ад 53 да 205 тысяч, «дарожкі Кнэйпа» – 116 тысяч, снегагенератар для спа – 91,4 тысячы, «душы ўражанняў» – 45,9 і 47,2 тысячы… Акрамя таго, у будынку будзе ўсталёўка радыяцыйнага кантролю за 46,6 тысячы і два пераносныя дазіметры.

Оруэл і Чагрынец

Для бібліятэкі ў прыватнай частцы трэцяга паверху збіраліся закупіць 2000 кніг на суму 68,2 тысячы рублёў (са зніжкай у 15 %). У дакументах, здабытых «BELPOL», ёсць поўны спіс на 46 старонак. Гэты спіс шмат у чым цікавы.

Большасць літаратуры ў ім – па-расейску. Ёсць і расейскія аўтары, ад Аляксандра Пушкіна і Фёдара Дастаеўскага да сучаснага расейскага фашыста Аляксандра Дугіна. Ёсць і кнігі заходніх аўтараў самых розных жанраў: там і «Аўтаспынам па галактыцы», і «Маленькі прынц», і мемуары бубнача гурту «Pink Floyd», і кніга пра псіхалогію ў сексе. У бібліятэчку паставяць аж два экзэмпляры «Фермы жывёлаў» Джорджа Оруэла, але не паставяць найбольш вядомую ягоную антыўтопію «1984». Затое паставяць антыўтопію Яўгенія Замяціна «Мы» і пяць кніг Франца Кафкі. З падручнікаў па замежных мовах паставяць толькі «Усе правілы англійскай мовы», «Нямецкую мову ў малюнках» і «Польскую мову для кожнага».

Hавiны
Лукашэнка распавёў, што ягоны малодшы сын Мікалай вучыцца ў Кітаі
2023.06.14 14:25

З беларускамоўных у спісе – кнігі Івана Мележа, Максіма Танка і Янкі Маўра, Алеся Адамовіча і «экстрэміста» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, шэраг кніг цяпер закрытага выдавецтва «Кнігазбор», нават падручнікі і буквары па беларускай мове, «навучальнік жыццю» для падлеткаў «Код геніяльнасці», падручнік па лясным бортніцтве і біяграфія заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Аляксея Скакуна. Чамусьці ў спісе няма кніг Якуба Коласа і Янкі Купалы, але ёсць біяграфія Янкі Купалы. Кніг нобэлеўскіх лаўрэатаў Святланы Алексіевіч і Алеся Бяляцкага ў спісе няма, таксама як няма кніг Рыгора Барадуліна ці Васіля Быкава, Альгерда Бахарэвіча ці Віктара Марціновіча, Вальжыны Морт ці Евы Вежнавец. Быкаў і Марціновіч ёсць, але не тыя: Дзмітрый і Алесь.  Кніг пра Францішка Скарыну шэсць, а кніг былога старшыні праўладнага саюзу пісьменнікаў Мікалая Чаргінца – аж 11.

Колькі палацаў у Лукашэнкі

Гэта не вядома дакладна, але не менш за 17. Сярод іх і даволі сціплыя, і даволі дарагія.

Афіцыйная адміністрацыя прэзідэнта Беларусі размешчаная ў будынку на вуліцы Карла Маркса, 38 у Менску, ды сам Лукашэнка гэтым будынкам рэдка карыстаецца. Па старой прапісцы ў менскай рэзідэнцыі на Вайсковым завулку, 4, Лукашэнку дык зусім даўно не заўважалі.

Ягонай галоўнай афіцыйнай рэзідэнцыяй цяпер лічыцца збудаваны ў 2013 годзе Палац рэспублікі, што ў Менску на праспекце Пераможцаў, 12. Будынак у мадэрновым азіяцкім стылі мае агульную плошчу 50 тысяч м² – куды больш за новую рэзідэнцыю. На толькі сам будынак Палаца незалежнасці, паводле некаторых звестак, было выдаткавана 250 млн долараў, і гэта без уліку аздаблення, мэблі і тэхнікі.

Паводле непацверджаных, але распаўсюджаных у медыях звестак, цяпер Лукашэнка жыве ў рэзідэнцыі ў Астрашыцкім гарадку, а адпачываць любіць у рэзідэнцыі ў Александрыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu