На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» з 18 верасня стартуе новае спартова-спаборніцкае шоу «Героі». Сярод яго ініцыятараў і арганізатараў – Прэзідэнцкі спартовы клуб, якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка, а адной з траіх вядоўцаў стала ягоная дачка Дар’я Лукашэнка. На шоу яна будзе ў ролі строгай наглядчыцы правілаў гульні, паведамілі ў праграме «Галоўны эфір» на «Беларусь 1».
Таксама ініцыятарамі і арганізатарамі шоу выступілі МНС і «Белтэрадыякампанія», а сваім зместам шоу нагадае «Спартландыю» ў выглядзе дарогі з перашкодамі. У пажарна-ратавальным спорце будуць спаборнічаць 48 старшакласнікаў з 16 камандаў: па 2 з кожнай вобласці, а таксама з Менску, ліцэю МНС і юных ратавальнікаў Універсітэту грамадзянскай абароны.
Спецыяльна для шоу стварылі інфраструктуру, яе размясцілі на 5 тыс. кв. м.
«У нас атрымалася, мы зрабілі прадукт, адпаведны не толькі рэаліям цяперашняга часу, але і для новага пакалення гэта ўжо нешта такое цікавае. І ў рэалізацыі гэтай ідэі мы спалучылі два складнікі. Першы – гэта самыя апошнія напрацоўкі індустрыі забавы, другі складнік – гэта, вядома ж, непасрэдна прапаганда самой прафесіі ратавальніка», – пракаментаваў шоу Дзмітрый Лукашэнка.
Акрамя Дар’і Лукашэнкі, якая будзе выступаць у ролі Юсты і стане наглядчыцай правілаў гульні, у каманду вядоўцаў увойдуць Данііл Жданько, вядоўца тэлеканалу «Беларусь 2», і ўдзельніца дзіцячага «Еўрабачання» 2017 года Хелена Мерааі.
«Мая роля была такой хутчэй стрыманай асобы. Такога персанажа разважлівага. І Юста гэтая паходзіць ад старажытнарымскай багіні правасуддзя Юстыцыі, якая, уласна кажучы, мусіць быць справядлівай. Гэта вымагала пэўнай падрыхтаванасці. Трэба было разам з гэтым персанажам пражыць, у яго як бы ўключыцца, у гэты вобраз. Таму гэта было цяжкавата, з улікам, што ў жыцці я такі дастаткова прыязны чалавек», – кажа пра сваю ролю Дар’я Лукашэнка.
Вядома, што Дар’я Лукашэнка сёлета скончыла школу, да гэтага яна вучылася ў Ліцэі БДУ, але ў сярэдзіне жніўня 2020 года Дарʼя і ейная старэйшая сястра Настасся забралі адтуль дакументы. Дзе далей працягвала вучобу Дарʼя Лукашэнка, невядома. Настасся ж паступіла ў ВНУ ў Маскве.
Алена Рувіна belsat.eu