Плошча…

Плошча-2006. Паводле ўсіх прыкметаў тады здавалася, што сама ідэя масавай акцыі асуджаная на правал. Яшчэ адчуваліся наступствы пасля разгонаў мітынгаў і дэманстрацыяў супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму 2004 года. Масавыя затрыманні, арышты, крымінальныя справы, звальненні з працы і вучобы, эміграцыя некаторай часткі грамадства.

Агітацыйны стэнд ля станцыі метро «Усход» напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 27 лютага 2006 года.
Фота: Redline / commons.wikimedia.org

Здавалася, што пасля гэтага палітычная актыўнасць у краіне знікне надоўга. Абвешчаная прэзідэнцкая кампанія не дадала аптымізму, бо ў спісе кандыдатаў ад апазіцыі было некалькі прозвішчаў. І гэта нягледзячы на ​​тое, што Аляксандр Мілінкевіч быў абраны адзіным кандыдатам ад апазіцыі на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Акурат у яго быў самы шматлікі і актыўны штаб – 5135 чалавек.

Але напрыканцы 2005 года ў ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў падалі заявы дзесяць кандыдатаў. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі ў спісе быў лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч; лідар КХП – БНФ Зянон Пазняк; былы рэктар БДУ і лідар новай партыі, што ўтварылася пасля расколу БСДП «Народная Грамада», Аляксандр Казулін; генерал Валерый Фралоў, які быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога склікання; былы дэпутат Сяргей Скрабец; Аляксандр Вайтовіч, які раней быў старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу і прэзідэнтам Акадэміі навук; дачка Пятра Машэрава Наталля; былы міністр замежных справаў Пётр Краўчанка.

Мілінкевіча мала хто ведаў у грамадстве. Гэтым скарыстаўся спарынг-партнёр Лукашэнкі Гайдукевіч. Ён заявіў, што Аляксандр Мілінкевіч «вельмі слабы і невядомы, ён – аўтсайдар» выбарчай гонкі. Тым не менш у бюлетэнях у дзень выбараў, 19 сакавіка, заставаліся ўсяго чатыры прозвішчы – самога Гайдукевіча, Мілінкевіча, Казуліна і Лукашэнкі. Вайтовіч і Фралоў заявілі, што Лукашэнка не мае права балатавацца на трэці тэрмін, бо рэферэндум, які даў яму магчымасць зноў удзельнічаць у выбарах, парушае Канстытуцыю краіны. Зянон Пазняк заявіў, што яму зразумела, што подпісы, якія збірала ягоная ініцыятыўная група, не будуць прызнаныя. Сяргей Скрабец зняўся з гонкі, як і Валерый Фралоў, на карысць Аляксандра Казуліна. Ад удзелу ў гонцы адмовіліся таксама Машэрава і Краўчанка.

Часу да дня галасавання заставалася мала, таму ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча працавала вельмі актыўна. Але і спецслужбы часу не гублялі – канфіскацыя друкаванай прадукцыі ды ціск на актывістаў узмацняліся з кожным днём.

Гэта тады была закладзеная традыцыя – прэвентыўныя арышты напярэдадні выбараў. «Сюжэты», «рэпартажы» – прапаганда вылівала ўсё новыя і новыя порцыі чарговых памыяў на апазіцыю, але «нешта пайшло не так» і эфект выходзіў адваротны.

Выступленні шэфа КДБ Сцяпана Сухарэнкі і зусім пахіснулі аўтарытэт ягонай канторы. Кажучы сучасным слэнгам, Сухарэнка зрабіўся мэмам. Чым бліжэй да даты выбараў, тым больш ён «цешыў» гледачоў. Чаго толькі каштавала гісторыя пра грузінаў, якія прыехалі, каб кінуць дохлых атручаных пацукоў у сістэму ачысткі «Менскводаканалу». Людзі з жартамі пераказвалі гэтую гісторыю адно аднаму як анекдот, дадаючы ўсё новыя падрабязнасці.

Напярэдадні дня галасавання народу прадэманстравалі прэс-канферэнцыю, на якой шэф КДБ папярэдзіў: у яго ёсць дакладная інфармацыя аб тым, што на плошчы рыхтуюцца тэракты. А потым і зусім прыгразіў за выхад на плошчу крымінальнымі справамі ды яшчэ з найвышэйшай мерай пакарання.

Увечары 18 сакавіка прагучала «апошняе папярэджанне», журналістам у тым ліку. Для іх прыдумалі новыя правілы. Узгадваю сваіх калегаў, якія казалі, што пойдуць, каб паглядзець, ці не прыйдзе нехта. Шмат хто лічыў, што адважных смельчакоў будуць адзінкі і трэба ведаць іхныя імёны. У тым, што вынікі выбараў будуць сфальсіфікаваныя, не сумняваўся ніхто.

Мітынг апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы. Менск, Беларусь. 19 сакавіка 2006 года.
Фота: Unomano / commons.wikimedia.org

…За паўгадзіны да Плошчы мая знаёмая заходзіць у кавярню, дзе раней быў рэстаран «Потсдам». Замаўляе каву. Заўважае, што навокал сядзяць людзі з напружанымі тварамі ў поўнай цішыні і таксама толькі з кавай. Усе пільна глядзяць у акно. Застаецца 5 хвілінаў да пачатку… І тут усе ўстаюць як па камандзе і адразу звяртаюць увагу адно на аднаго. Хтосьці пажартаваў: «Дык мы разам у адно месца?» Гэта зняло напругу. Усе дружна выйшлі з кавярні і пайшлі ў бок плошчы.

Як толькі павярнулі на праспект, убачылі, што з універсаму «Цэнтральны» таксама выйшлі людзі і іх было ў разы больш.

Раптам узняліся бел-чырвона-белыя сцягі – адзін, другі, дзясяткі. З боку Купалаўскага тэатру сотні людзей і столькі ж – з боку Палацу Рэспублікі. Пара хвілінаў – і на плошчу хлынула чалавечае бела-чырвонае мора. Аўтамабілі пачалі сігналіць. «Жы-ве Бе-ла-русь!» – скандавала ўся Плошча. Вокліч «Перамен!» стаўся галоўным лозунгам той Плошчы.

Мой калега з Польшчы тады сказаў мне: «Вас, беларусаў, не зразумееш. Калі ёсць санкцыя на правядзенне мітынгу на Бангалор, вас прыходзіць невялікая група, а калі вам афіцыйна прыгразілі ды яшчэ СМС разаслалі, каб не выходзілі з дому, вы зʼявіліся».

СМС тады атрымалі ўсе. Адзін афіцэр з сілавікоў сказаў мне з гэтай нагоды: «Я, вядома, усё разумею, але мне навошта даслалі?»

На прыступках Палацу прафсаюзаў пачынаецца мітынг, і адразу, як на замову, вялізныя шматкі снегу. Народу ўсё прыбывала і прыбывала. На снайпераў на дахах дамоў ужо мала хто звяртаў увагу. Быў моцны мароз. Стаяць было не так проста. Прайшліся па праспекце да плошчы Перамогі і назад. І тут нехта крыкнуў: «Застаемся!»

Заставаліся лічаныя хвіліны да закрыцця «Цэнтральнага». У кафетэрыі вялізная чарга. Гарачую каву і гарбату прасілі наліваць у пластыкавыя бутэлькі, прызначаныя для піва. Наверсе ў каўбасным аддзеле прадавачкі ўзмаліліся, што не могуць нарэзаць такую ​​колькасць каўбасаў. Пачалі браць проста палкамі. Унізе голыя паліцы – раскупілі для тых, хто будзе на Плошчы, усе пірожныя і дэсерты. Відаць, у той дзень за некалькі хвілінаў да закрыцця крама выканала месячны план. На Плошчы зʼявіліся першыя намёты і спальнікі.  Сілавікі тым часам пачалі перакрываць дарожны рух на праспекце ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці. Пазней тых, хто адыходзіў з Плошчы, хапалі – і ў аўтазак.

На сённяшні дзень існуе мноства аповедаў аб тым, як у гэтыя марозныя і вільготныя дні людзі ўмудрыліся пратрымацца пяць начэй. Як сілавікі палявалі на тых, хто прыносіў спальнікі ў намёты. Якія праблемы былі, каб папросту сысці з намётавага лагеру. Якое вялізнае падтрыманне было з боку гараджанаў, якія не маглі самі быць на Плошчы ўначы, але прыносілі ежу і тэрмасы з гарачымі напоямі. Менавіта тады гараджане атрымалі магчымасць на ўласныя вочы параўнаць бэтэшную карцінку Плошчы з рэальнасцю. Сотні затрыманых. У Менску не хапала месцаў у камерах. Упершыню тады людзей пачалі адвозіць адбываць арышты ў Жодзіна. Упершыню тады супрацоўнікі ДАІ пачалі затрымліваць і штрафаваць кіроўцаў за сігналы салідарнасці. Шмат што было тады ўпершыню. Пасля брутальнага разгону Плошчы ў ноч на 24 сакавіка людзі выйшлі на Дзень Волі. І тады таксама ўпершыню ў дэманстрантаў, якія пайшлі ў бок Акрэсціна, стралялі шумавымі гранатамі. Упершыню на зямлі засталіся ляжаць некалькі нерухомых целаў, і мы да гэтага часу не ведаем імёнаў гэтых людзей і іхнага лёсу.

Прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі сказаў тады з нагоды затрымання групы грузінскіх дэпутатаў у Нацыянальным аэрапорце Беларусі: «Беларусь не нейкі капрыз Грузіі, гэта фундаментальнае пытанне, і гэтае пытанне будзе вырашанае вызваленнем беларускага народу і канчатковым абʼяднаннем Еўропы. Я ведаю, што сапраўды такія людзі, якія збіваюць дэманстрантаў у Менску, ствараюць праблемы Грузіі і ўсяму свету. Гэтыя людзі не пускаюць нас у Абхазію, каламуцяць сітуацыю ў Цхінвалі і Джаве». Якімі ж прароцкімі аказаліся тыя словы!

Салідарнасць, арганізаванасць і ўзаемавыручка спатрэбіліся беларусам потым у 2020-м. Людзі, якія збівалі беларускіх дэманстрантаў, працягваюць да гэтага часу ствараць праблемы народам, у першую чаргу народу Украіны, забіваючы і калечачы яе мірных грамадзянаў. Ці была магчымасць спыніць гэтае зло тады? Хутчэй за ўсё – не, але досвед, які набыў народ, яму яшчэ спатрэбіцца. У гэтым няма сумневу. У народзе дагэтуль, калі кажуць «Плошча», адразу зразумела, пра падзеі якога часу ідзе гаворка. Плошча заняла сваё слаўнае месца ў гісторыі змагання беларусаў за права быць вольным народам.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў