Пачалі судзіць Дар’ю Лосік. У чым яе вінавацяць і за што напраўду схапілі?


Жонка заступалася за мужа – палітычнага зняволенага. Беларускія ўлады не ўтойваюць, што за гэта яе і хочуць пасадзіць.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

У Берасцейскім абласным судзе 18 студзеня пачалі судзіць Дар’ю Лосік. Яе затрымалі 18 кастрычніка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры, абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ). Пракурор папрасіў пакараць яе двума гадамі калоніі агульнага рэжыму.

Афіцыйная прычына – інтэрв’ю «Белсату» пра мужа-палітвязня

Проста ў матэрыялах справы пазначана, што вінавацяць яе ў інтэрв’ю «экстрэмісцкаму» выданню «Белсат». У інтэрв’ю, згодна з матэрыяламі справы, Дар’я Лосік «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня».

«Яна дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх аднесенае ажыццяўленне крымінальнага пераследу і правасуддзя, – гаворыцца ў матэрыялах справы Дар’і Лосік. – Пры гэтым паведаміла, што ейны муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».

Муж сапраўды палітычны зняволены

Дар’я – жонка палітвязня Ігара Лосіка, стваральніка інтэрнэт-каналу «Беларусь головного мозга» і фрылансера-кансультанта беларускай службы радыё «Свабода». Ігара затрымалі 25 чэрвеня 2020 года, яшчэ да пачатку масавых пратэстаў, і абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Нават калі дапусціць, што блогер Ігар Лосік нешта арганізоўваў, а не проста апісваў падзеі ў краіне, дык на момант ягонага затрымання ў Беларусі ішлі выключна мірныя акцыі пратэсту, на якія, за рэдкім выключэннем, сілавікі не нападалі. Тады беларусы выказвалі сваю нязгоду з уладамі доўгімі чэргамі да пікетаў збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцтва, а гэта законна нават у рэпрэсіўным беларускім заканадаўстве. Калі патэнцыйных кандыдатаў ды іншых актывістаў затрымлівалі, беларусы выходзілі на выключна мірныя пратэсты. Хоць беларускія ўлады на той момант абвяшчалі практычна ўсе акцыі пратэсту незаконнымі, свабоду сходаў і мітынгаў па-ранейшаму гарантуе артыкул 35 Канстытуцыі.

Дар’я Лосік паказвае фота мужа. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Ігара Лосіка палітвязнем 30 чэрвеня 2020 года са спасылкай на ранейшыя заявы і заклікі, што тычыліся перашкодаў, якія ўлады чынілі правядзенню выбараў, і затрымання актывістаў ды патэнцыйных кандыдатаў праз іхны ўдзел у выбарчай кампаніі. Вызваліць Ігара Лосіка, як і іншых беларускіх палітвязняў, патрабавалі шматлікія замежныя палітыкі і арганізацыі, ад «Amnesty International» і кіраўніцтва Злучаных Штатаў і Еўразвязу да дэпутатаў нацыянальных парламентаў і Еўрапарламенту.

1 лістапада 2022 года саму Дар’ю прызналі палітычнай зняволенай. Гэта тлумачылі так: адвольнае пазасудовае называнне «экстрэмістамі» грамадзянаў і супольнасцяў прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў супольнасцяў і рэспандэнтаў, а гэта непрапарцыйная мера абмежавання права на свабоду асацыяцыяў і свабоду выказвання меркавання.

Ужо пасля выбараў-2020 Ігару Лосіку абнавілі абвінавачванне на рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках. Праз 1,5 года па затрыманні, 14 снежня 2021 года, Ігара Лосіка асудзілі на 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс яго ў спіс «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Зняволенага змясцілі ў наваполацкую папраўчую калонію № 1.

Як Дар’я Лосік заступалася за мужа

Ад самага затрымання Ігара Дар’я казала і пісала, што ейнага мужа вінавацяць у тым, чаго ён не рабіў. Яна адразу паабяцала прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуць мужа з няволі. Яна практычна жыла пад сценамі следчага ізалятару падчас суда над мужам – на працэс яе не пусцілі. Сябры сям’і Лосікаў расказвалі радыё «Свабода», што Дар’я не толькі клапацілася пра зняволенага мужа і літаральна «выдрапвала» спатканні з ім, але і дапамагала кансультацыямі сваякам іншых вязняў.

Яна паслядоўна і настойліва публічна казала пра нечалавечыя ўмовы, якія ў няволі ствараюць ейнаму мужу. Дар’я заяўляла, што гатовая дзеля мужа сустрэцца і размаўляць з кім заўгодна, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам. Урэшце яна вырашыла, што Лукашэнка баіцца з ёй сустракацца. Паўгода таму яна прапанавала абмяняць сябе на мужа.

За кратамі Ігар Лосік двойчы трымаў галадаванне, каб паказаць нязгоду з абвінавачваннямі. Першы раз ён галадаў 42 дні і спыніўся, калі пабачыў хвалю салідарнасці. Другі раз, калі яму выставілі больш жорсткае абвінавачванне, ён на вачах следчага парэзаў рукі, абвясціў сухое галадаванне (адмаўляўся нават піць) і трымаў яго чатыры дні, за галадаванне яго кінулі ў карцар. Дар’я падчас першага ягонага галадавання сама адмовілася ад ежы, але была вымушаная спыніць галадаванне на шосты дзень праз ціск на сям’ю. Асабліва Дар’ю абурала тое, што псіхолаг у СІЗА вучыў ейнага мужа правільна рэзаць вены пасля спробы самагубства.

Дар’я і Ігар маюць 4-гадовую дачку Паўліну, якую цяпер гадуюць бабулі і дзядулі. У красавіку 2022 года Ігар меў спатканне з жонкай і дачкой – тады ён пабачыў дачку ўпершыню за 22 месяцы. Пакуль Дар’я была ў СІЗА, яна не мела магчымасці ліставацца з мужам.

Дар’я Лосік: У дзень вызвалення Ігара я паеду забяру яго і больш ніколі не адпушчу

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў