Ярмошына: Спадзяюся, на мясцовых выбарах будзе не вельмі сумна


Цяперашняя выбарчая кампанія не будзе гэтак актыўная, як выбары агульнанацыянальныя, бо гэта хоць і адзіны дзень галасавання, але гэта выбары мясцовыя, падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.



У эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» вечарам 9 лютага чыноўніца адзначыла, што па ўсіх акругах на выбарах у Менскі гарсавет «ёсць рэальная альтэрнатыва». Дастаткова шмат кандыдатаў, паводле яе, вылучаюцца і ў абласныя саветы.

«Мы бачым рэальную альтэрнатыву. Я спадзяюся, што выбарнікам не будзе вельмі сумна», – зазначыла кіраўніца ЦВК.

Адказваючы на пытанне, навошта ідуць у дэпутаты мясцовых саветаў, Лідзія Ярмошына заявіла: «У дэпутаты ідуць тыя, каго папрасіў соцыум. Акрамя гэтага, ёсць частка людзей, я думаю, гэта ў асноўным прадпрымальная моладзь, якая думае пра будучую кар’еру».

Каментуючы меркаванне, што мясцовыя саветы – перажытак савецкага мінулага і што ў сучасных эканамічных ды палітычных рэаліях яны малаэфектыўныя, кіраўніца ЦВК заявіла: «Муніцыпальныя органы, органы мясцовага самакіравання ёсць у любой краіне. Мы ўжо казалі пра гэта не раз. Як павысіць ролю саветаў? Тады трэба забраць паўнамоцтвы ад выканаўчай улады. У гэтым выпадку мы адразу атрымаем падзел на бедных і багатых. Гарады, якія ў нас называюцца рэцыпіентамі, будуць гібець, гэта будуць гарады, якія паміраюць. Гарады і саветы, якія цяпер донары, будуць квітнець. Я не ведаю, ці гатовыя мы да з’яўлення рэгіёнаў-банкрутаў. Я думаю, не. Існая сістэма адлюстроўвае тыя эканамічныя рэаліі і, напэўна, сацыяльныя, у якіх існуе нашае грамадства».

10 лютага – апошні дзень вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, на 7 лютага кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў вылучаныя 16 754 чалавекі.

З партыяў найбольш актыўна кандыдатаў у дэпутаты вылучае Камуністычная партыя Беларусі – 176 чалавек. 86 кандыдатаў вылучыла Ліберальна-дэмакратычная партыя, 30 – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, 17 – Аб’яднаная грамадзянская партыя, 15 – Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», 8 – Партыя БНФ, 3 – Беларуская сацыяльна-спартовая партыя, 1 – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў будзе праходзіць з 11 да 20 лютага ўлучна.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў