Паралакс: Адзін у полі


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Па вялікім рахунку, пад гэтым здымкам не мае быць ніякага тэксту: аўтар Сёмэй Томацу меркаваў, што фатаграфія кажа сама за сябе.

Фота было зробленае падчас студэнцкіх страйкаў у Токіа на пачатку 1969 года. Ужо некалькі месяцаў большасць навучальных установаў краю бастуе, а лідар хваляванняў – найстарэйшы і самы паважаны ўніверсітэт Японіі, Такійскі. Прычыны – незадаволенасць карумпаванымі ўладамі ды жаданне пашырыць свой уплыў у самакіраванні. Сваю ролю адыгралі таксама падзеі ў Празе і Парыжы: пратэст дзяцей супраць парадкаў бацькоў быў салодкі ды перакідаўся з краіны на краіну, як вірус.

Тое, што адбывалася ў Еўропе, знаходзіла водгук у Краіне ўзыходнага сонца: японцам падавалася, што ў Старым Свеце запанаваў новы дух, бунтарскі ды ідэалістычны. Студэнт, які кідае камень у паліцыю, выглядае як танцор, што робіць лёгкі піруэт. У гэтым разбуральным танцы студэнты акупуюць усе кампусы і зробяць барыкады на калідорах і ў аўдыторыях, паралізуючы дзейнасць установы. 18 студзеня паліцыя пачне штурм. Ахвяры будуць з абодвух бакоў, бо моладзь вырашыць бараніцца пры дапамозе камянёў і кактэйляў Молатава. Страйкі канчаткова будуць задушаныя толькі ўвесну, а ўлады Японіі прымуць шэраг суровых законаў, якія будуць мець за мэту прадухіленне падобных выступаў у будучыні.



Здымкі гэтага аўтара сёння часцей асацыююцца з раманамі Харукі Муракамі:
заходнія выдаўцы змяшчаюць фатаграфіі Томацу на вокладкі кніжак ягонага суайчынніка хіба толькі на падставе адной геаграфічнай прыналежнасці творцаў. Але мімаволі трапляюць у яблычак: гарадской самоце і вандроўкам па сваім “я” герояў пісьменніка вельмі трапна адпавядае пануры і загублены настрой вобразаў фатографа.

Сёмэй Томацу нарадзіўся 16 студзеня 1930 года, а пайшоў з жыцця год таму ад ускладнення пасля пнеўманіі. Падчас вайны Томацу працаваў токарам, пазней паступіў на факультэт эканомікі ды права ўніверсітэту Аіці. Ён мог стаць банкірам або адвакатам, калі б не старэйшыя браты, што захапляліся фатаграфіяй. Пад іхным уплывам Томацу пачаў фатаграфаваць і дасылаць здымкі на конкурсы, а пасля заканчэння ўніверсітэту пераехаў у Токіа і пачаў зарабляць рэпартажамі.

Фатаграфічная мова японца бярэ свае карані ў сістэме працы часопісу “Сясін Бунко”, дзе некалькі гадоў працаваў Томацу. Кожны нумар быў прысвечаны адной тэме, якая раскрывалася толькі пры дапамозе здымкаў: яны мелі цалкам замяніць мову. Таму цяпер кожны подпіс да здымка японца выглядае такім жа лішнім, як пад здымкамі Мар’ё Джакамэллі або Віктара Волкава. Томацу ў гісторыі фатаграфіі ХХ стагоддзя выглядае як добрая японская гарбата сярод макухі ў пакеціках.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў