Ён можа перамагчы на Майдане


Віталь Каратыш з Кажан-Гарадка балатуецца ў мясцовыя дэпутаты ў акрузе, якую на радзіме палітыка называюць «майданаўскаю».

Ёсць на беларускім Палессі невялічкая вёска Кажан-Гарадок, а праз яе праходзіць вуліца, якая называецца Майдан. Тут і нарадзіўся Віталь Каратыш – прадпрымальнік, грамадскі актывіст, палітык.

Будучыя мясцовыя выбары, якія маюць адбыцца ў сакавіку, стануць пятаю палітычнаю кампаніяй Віталя. На парламенцкіх выбарах у 2012-м у родным Кажан-Гарадку малады палітык набраў 58 % галасоў. «Тут немагчыма сфабрыкаваць вынікі выбараў. Усе адзін аднаго ведаюць», – тлумачыць Віталь Каратыш. «Гэтым разам я вылучаюся ў Лунінецкі раённы савет дэпутатаў ад Кажан-Гарадка і адначасова ў Гарадоцкі сельскі савет ад вуліцы Майдан», – распавёў «Белсату» малады палітык.

{movie}Выступ Віталя Каратыша падчас парламенцкіх выбараў 2014|right|14624{/movie}

«Спадзяюся на перамогу нягледзячы ні на што. Неабходныя для вылучэння подпісы ўжо сабраныя, – кажа Віталь і дадае: – Людзі не ведаюць, хто дэпутат ад нашае вуліцы, толькі адна жанчына згадала, і тое таму, што галасавала за мяне, аднак тады перамог стаўленік уладаў».

На думку эксперта ў выбарчым заканадаўстве Сяргея Альфера, будучыя мясцовыя выбары не прынясуць асаблівых сюрпрызаў і «пройдуць ціха і незаўважна для выбарцаў». І калі Віталь Каратыш знаёмы ледзь не з кожным сваім выбарцам, то большасць апазіцыйных палітыкаў для беларусаў – цёмная кабылка. Апазіцыя мае працаваць з народам. «Для нашых партыяў гэта вельмі важна, бо давер да іх на вельмі нізкім узроўні», – адзначае эксперт Сяргей Альфер.

{movie}Т. Караткевіч і В. Каратыш пра маладых у палітыцы |right|14623{/movie}

Мясцовыя выбары адбудуцца ў Беларусі 23 сакавіка.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў