Ахвяры Майдану. Падсумаванне


Два з паловаю месяцы ва Украіне адбываецца супрацьстаянне дэманстрантаў з уладаю. Што дня з’яўляюцца інфармацыі пра зніклых ды збітых. Пра дзесяткі неапазнаных у моргах ды забітых. Белсат падсумаў і сабраў толькі пацверджаную інфармацыю, пра ахвяры Майдану.

Інтэрнэт-супольнасць «Євромайдан SOS» апублікавала імёны тых, хто знік падчас пратэстаў ва ўкраінскай сталіцы з 16 студзеня. Гэта 33 асобы, пераважна маладзёны ўзростам 18–30 гадоў. У той жа час ва ўкраінскіх медыях з’явілася інфармацыя, што ў цэнтральным моргу Кіева застаецца 26 неапазнаных трупаў.

Загінуўшыя

Сярод загінулых на Еўрамайдане пратэстоўцаў вядомыя толькі 5 прозвішчаў.

22 студзеня на вул. Грушэўскага ў Кіеве атрымалі смяротныя раненні з агнявой зброі трое дэманстрантаў – Раман Сенік, Сяргей Нігаян і Міхаіл Жызнеўскі. У актывістаў стралялі паляўнічымі патронамі з гладкаствольнай помпавай зброі. Цяпер у гэтых справах вядуць следства. У міліцыі не выключаюць, што забойствы маглі здзейсніць працаўнікі «Беркуту» (замест гумавых куляў маглі зарадзіць свінцовыя). Яшчэ аднаго ўдзельніка Еўрамайдану, Юрыя Вярбіцкага, невядомыя закатавалі, а цела кінулі ў лесе. Некалькі дзён таму ад пераахалоджання ў шпіталі памёр Багдан Каліняк – ён два месяцы прымаў удзел у акцыях пратэсту.

Параненыя пратэстоўцы

Як паведаміў Дэпартамент здароўя Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, у перыяд з 30 лістапада 2013 года да 30 студзеня 2014 года ў сталіцы да лекараў звярнуліся 1231 удзельнік акцыяў пратэсту, з якіх шпіталізавалі 681 чалавека.



Аднак сапраўдная лічба пацярпелых можа быць у некалькі разоў большаю – тысячы параненых атрымлівалі медычную дапамогу ад медыкаў-добраахвотнікаў, якія арганізавалі свой шпіталь на тэрыторыі Еўрамайдану. Напрыклад, толькі 21 студзеня па добраахвотную медычную дапамогу звярнуліся прыблізна 1500 чалавек. Звяртацца ў дзяржаўную больніцу шмат хто баіцца – там дзяжурыць міліцыя, якая адлоўлівае і затрымлівае актывістаў.

Пацярпелыя сілавікі

Пра колькасць пацярпелых паведаміла таксама і Міністэрства ўнутраных справаў Украіны. З 21 лістапада 2013 года па дапамогу лекараў звярнуліся 600 міліцыянтаў, а 296 з іх атрымалі лячэнне ва ўмовах стацыянару. Прадстаўнік МУС Украіны Зінаіда Алейнік сцвярджае, што за час пратэстаў захварэла 1340 міліцыянераў з запаленнем лёгкіх, інфекцыйныя захворванні, перахладжэнне.

Расціслаў Шапашнікаў для belsat.eu

Стужка навінаў