Паралакс: Праязны на Месяц


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпох, у праектах нашага сайта, піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Калі гэты здымак яшчэ не быў выкарыстаны ў якой-небудзь рэкламе абутку, капірайтэрам самы час звярнуць увагу на выяву з архіваў Касмічнага цэнтру Кенэдзі.

Як выглядае глеба на Месяцы, зямляне даведаліся яшчэ ў 1966 годзе, калі савецкая станцыя “Луна-9”перадала на нашую планету ўнікальныя здымачныя матэрыялы. Сігналы, зрэшты, былі прынятыя не толькі ў Цэнтры далёкай касмічнай сувязі пад Еўпаторыяй, але і ў англійскай вёсачцы Джодрэл Бэнк, дзе размясцілася радыёабсерваторыя Манчэстэрскага ўніверсітэту. Астраномы апрацавалі іх і атрымалі выявы паверхні Месяцу, але не сталі перадаваць іх журналістам, па-джэнтльменску чакаючы, калі сенсацыю апублікуюць расейцы. Але наступным ранкам савецкія газеты чамусьці выйшлі без здымкаў з Месяца. Здзіўленыя англічане паслалі тэлеграму ў Маскву, у Акадэмію навук. Але адказу не атрымалі ды, палічыўшы, што рукі ў іх развязаныя, перадалі здымкі ў газеты.

Савецкім навукоўцам хацелася застрэліцца. Здымкі былі расшыфраваная добра, але ўвагнаныя ў звычайны тэлевізійны фармат, без паправак. Як вынік, выявы былі сціснутыя з бакоў і выцягнутыя ўгару: месяцавая паверхня выглядала востра і калюча. Атрымаць унікальныя здымкі з Месяца і так бяздарна змарнаваць іх з-за савецкай бюракратыі! Цяжка было не сысці ў месячны (або, хутчэй, месяцавы) запой. Запусціць ракету на Месяц і атрымаць першую панараму ў савецкай дзяржаве было прасцей, чым гэтую панараму апублікаваць: пакуль навукоўцы чакалі згоды Брэжнева на друк, брытанскія медыі збіралі вяршкі з сенсацыі.

Самы вядомы здымак чалавечага следу на месяцавым грунце быў зроблены 20 ліпеня 1969 года: Ніл Армстранг фатаграфаваў той участак Мора спакою, дзе высадзіліся амерыканцы, уздоўж і ўпоперак, а ў пэўны момант вырашыўся на такі спантанны ва ўсіх сэнсах крок: ён адышоў ад усеянай слядамі пляцоўкі перад касмічным караблём (астранаўты аддаляліся ад модуля максімум на 60 метраў), выбраў месца, добра прыціснуў нагою, наколькі дазваляла 1/6 зямной гравітацыі, і зняў гэта. След ягонага бота дэманструе таўшчыню месяцавага пылу і форму пратэктару падэшвы скафандра. Месяцавы грунт лёгка трамбуецца і не асыпаецца, трымаючы вертыкальныя сценкі. Паколькі на паверхні Месяца меншае прыцягненне і няма атмасферы, гэты рэльефны след касманаўта застанецца ў нязменным выглядзе, пакуль там не пракладуць асфальт.

Пасля Армстранга з Базам Олдрынам на Месяцы пабывала даволі шмат народу, але ў свядомасці публікі па-за Байканурам і Г’юстанам увесь гэты час месяцавы грунт памятаў адбітак адной-адзінай нагі, другая завісла ў паветры – няўпэўненая ці рабіць чарговы крок, нібы нага хлопчыка, які баіцца ўвайсці ў возера ранняю вясною. На Месяцы тэмпература вагаецца ад – 173 да 117 градусаў Цэльсія. На здымку мы бачым след дэмісезоннага бота.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў