На развітанне з Міхаілам Жызнеўскім прыйшлі лідары ўкраінскай апазіцыі (дадалося відэа)


Аддаць апошнюю пашану беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, якога застрэлілі падчас пратэстаў у Кіеве, у Міхайлаўскі Залатаверхі сабор Кіева прыйшлі лідары ўкраінскай апазіцыі – Віталь Клічко, Арсеній Яцэнюк і Алег Цягнібок. Сярод беларускіх дзеячоў у жалобнай цырымоніі ўзялі ўдзел палітык Уладзімір Някляеў і журналіст Павел Шарамет.

{movie}Развітанне з Міхасём Жызнеўскім у Кіеве |right|14478{/movie}

У саборы прайшла паніхіда, куды прыйшло некалькі тысячаў чалавек. Усе людзі нават не змясціліся ў царкве. Пасля гэтага труну з целам забітага пад сцягамі УНА-УНСО і бел-чырвона-белымі беларускімі нацыянальнымі сцягамі ў жалобным шэсці пранеслі па лагеры на Майдане і ля барыкадаў на вуліцы Грушэўскага. Пасля на сцэне Майдану адбыўся малебен па загінулых падчас вулічных сутыкненняў у Кіеве. Раз-пораз па-над Кіевам разносіўся вокліч ”Жыве Беларусь”.



Журналіст Павел Шарамет адзначыў, што Міхаіл Жызнеўскі загінуў у Кіеве не толькі за Украіну, але і за Беларусь, паколькі перамога над дыктатурай дасць надзею ўсім. Адзін з прадстаўнікоў УНА-УНСО падкрэсліў, што ”правы сектар” будзе помсціць за смерць Міхаіла Жызнеўскага.

{movie}Некалькі словаў пра Міхася Жызнеўскага |right|14480{/movie}

Пасля развітання ў Кіеве цела загінулага ягоныя сваякі даставяць на радзіму – у Гомель. Маці загінулага Ніна Жызнеўская не змагла паехаць ва Украіну праз стан здароўя – за апошнія дні ў яе здарылася некалькі сэрцавых спохватаў.

Паводле маці загінулага, Міхаіла пахаваюць на могілках за 10 км ад Гомля, дзе ўжо ёсць пахаванні ягоных сваякоў.

25 студзеня прадстаўнік пракуратуры Кіева заявіў, што сілавікі не замешаныя ў забойстве Жызнеўскага ды іншых загінулых падчас вулічных сутыкненняў. Паводле начальніка аддзелу гарадской пракуратуры Аляксандра Харлава, у Кіеве агнявую зброю выкарыстоўваюць злачынцы, «карыстаючыся ўсеагульнай эйфарыяй, што ахапіла радыкальна наладжаных пратэстоўцаў».

Паводле прадстаўніка пракуратуры, экспертызы паказалі, што ўва ўсіх выпадках прымянялі агнявую зброю, якая страляе паляўнічымі патронамі з карцеччу і кулямі. Следства поўнасцю выключыла магчымасць выкарыстання такой зброі міліцыянтамі і ўнутранымі войскамі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў