Чаму на Каляды куцця? Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство


Праваслаўныя хрысціяне рыхтуюцца адзначыць адно з галоўных святаў – Раство Хрыстова. Калядная ноч, калі нарадзіўся Ісус, для хрысціянаў надзвычай важная. Як святкавалі і як святкуюць гэты дзень праваслаўныя беларусы?

Без нараджэння Хрыста – не нарадзілася б і хрысціянства ўвогуле. Таму ў царкве свята Раства заклікаюць сустрэць непасрэдна ў храме, начною малітваю. Менавіта з ноччу, калі нарадзіўся Ісус, і з зоркаю, што сваім з’яўленнем на небе абвесціла свету аб з’яўленні Збаўцы, і звязаная традыцыя каляднай зоркі.

{movie}Святая ноч (06.01.2014)|right|14108{/movie}

АНДРЭЙ СКІДАН, ВЕТКАЎСКІ МУЗЕЙ СТАРААБРАДНІЦТВА І БЕЛАРУСКІХ ТРАДЫЦЫЯЎ:

“На Раство заўжды ў народнай традыцыі насілі зорку. І вяртэп адбываўся менавіта на Каляды, на Раство Хрыстова”.

Маладое пакаленне штосьці памятае і пра калядаванне, і пра святочныя традыцыі. Але не дакладна.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Калі я прыязджала ў вёску да бабулі, тады ўвечары перад Раством прыходзілі людзі, яны спявалі песні, і ім трэба было даць штосьці. Кілбасы, напрыклад, мы ім давалі”.

“Помню, бабуля варыла кісель”.

“Пад абрус клалі сена, здаецца, і зверху абрус прыгожы, і выстаўлялі канкрэтную колькасць страваў. Вось не помню… куцця, здаецца, была на Раство, каша такая”.



Бедная куцця – каша з пшаніцы або рысу, з разынкамі – традыцыйная страва Раства. Звычайна ўся сям’я ўвечары на Божае Нараджэнне чакала першай зоркі, што сімвалізуе сканчэнне паста. І толькі потым усе сядалі за стол вячэраць куццёй, а пасля вячэры ішлі ў храм. У беларускай традыцыі святкавання Раства моцна перапляліся рэлігія і старыя дахрысціянскія абрады.

АНДРЭЙ СКІДАН, ВЕТКАЎСКІ МУЗЕЙ СТАРААБРАДНІЦТВА І БЕЛАРУСКІХ ТРАДЫЦЫЯЎ:

“Чаму на Раство куцця? Бо гэта сімвал багацця. Чаму пад куццёй, пад гаршчком з куццёю салома? Бо гэта таксама сімволіка багацця, закліканне наступнага ўраджаю, закліканне наступнага дабрабыту, які на наступны год мае быць у сям’і”.

Раство засталося сямейным святам, але для шмат каго з рэлігійнага стала свецкім. З апытаных намі менчукоў большасць сёння збіралася не ісці ў царкву, а проста сесці за стол, адзначыць. У сённяшняй Беларусі людзі, што не звязваюць сваё жыццё ні з ураджаем, ні з царквою, на Раство глядзяць хутчэй як на рэлігійны працяг Новага года.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў