Чарнігаўскія гандляры пра беларусаў: Мы іх чакаем, як Бога


Замежны шопінг шмат для каго з беларусаў – рэч звычайная. Асабліва для тых, хто жыве недалёка ад мяжы. Берасцейцы ды гарадзенцы, вядома, абіраюць суседнія Польшчу і Літву, жыхары Гомля – крамы ды рынкі Чарнігаўшчыны. Чым вабяць такія паездкі нашых суайчыннікаў?



Чарнігаў – горад з больш як тысячагадоваю гісторыяй, але беларусаў прыцягваюць не толькі яго помнікі архітэктуры. Шмат якія тавары каштуюць тут удвая, а то і ўтрая танней, чымся ў Сінявокай. Дык чаму ж не ездзіць сюды на шопінг?

{movie}На закупы за мяжу|right|13978{/movie}

ДЗМІТРЫЙ, ЖЫХАР ГОМЛЯ:

“Мне, натуральна, выгадна ездзіць. Бо тое, што я набываю за $ 100 у сябе дома, тут я магу гэта набыць за $ 50. І ў прынцыпе раз на месяц я стараюся з’ездзіць у Чарнігаў і набыць харчоў”.

Зрэшты, не толькі. Расціслаў, мясцовы прадпрымальнік, прадае жырандолі. І хоць сваіх кліентаў паводле нацыянальнай прыкметы ён не падзяляе, прызнаецца, што пакупнікоў з суседняе Гомельшчыны заўжды багата. Арыентуецца гандляр і ў беларускіх коштах.

РАСЦІСЛАЎ ГЕРАСІМЕНКА, МЯСЦОВЫ ГАНДЛЯР:

“Там збольшага нармальная жырандоля каштуе 3 мільёнаў. Я так разумею, гэта прыблізна 3 тысячы грыўняў на нашыя грошы. А ў нас самы дарагі варыянт – 1400. Гэта ўжо вялікая, якая там будзе каштаваць 3,5 мільёны”.

Цяпер, у святочны перыяд, калі попыт узрастае не толькі на жырандолі, на вуліцах Чарнігава большае і аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, нямала нашых суайчыннікаў даязджаюць сюды цягнікамі і маршруткамі. Мясцовыя ж гандляры з настальгіяй успамінаюць 2011-ы, калі з-за крызісу колькасць кліентаў з Беларусі біла ўсе рэкорды.

ПРАДАВАЧКА З ЧАРНІГАВА:

“Яны тут скупалі ўсё, нам няма калі было паразмаўляць, чэргі. Цяпер канкурэнцыя вялікая, ужо беларусы набраліся ўсялякага тавару і цяпер ходзяць, выкручваюць рукі, каб танней нешта набыць”.



Але і цяпер набываюць нямала. Зрэшты, значнасць беларускіх пакупнікоў для мясцовых прадпрымальнікаў відавочная.

ЧАРНІГАЎСКІЯ ГАНДЛЯРЫ:

“Мы іх чакаем, як Бога таго. Бо гэта ратавальнікі нашага гораду. І маладыя, і з дзеткамі прыязджаюць, заўсёды нас уратоўваюць”.

“Вельмі ратуюць. Бо ў нас народ бедны, у вас багацейшы”.

Дарэчы, міф пра “багатых” беларусаў у Чарнігаве існуе здаўна. І сапраўды, сярэдні заробак у нашай краіне вышэйшы, чымся ва Украіне, але ж і выдаткаў у нашых суседзяў удвая менш. Масавым жа шопінгам беларусаў за мяжою больш за ўсё заклапочаныя ўлады. Іхная нервовасць заўважная нават праз дзеянні памежнікаў.

ДЗМІТРЫЙ, ЖЫХАР ГОМЛЯ:

“На цябе глядзяць, як на кантрабандыста. Глядзяць, што ты там вязеш, пачынаюць спраўджваць. Гэта ўсё непрыемна”.

Змаганне ж з замежным шопінгам у Беларусі сёлета ледзьве не скончылася ўвядзеннем падатку $ 100 для кожнага, хто выязджае за мяжу на закупы. Але ўрэшце ад такога радыкальнага кроку адмовіліся. Відаць, абсурдным ён падаўся нават самым уладам.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў