Харватыя стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету па футболе 2022 года


Каманда Харватыі перамагла Марока ў гульні за трэцяе месца на чэмпіянаце свету па футболе. Матч скончыўся з лікам 2:1. Харваты бяруць медалі другі турнір запар.

Каманда Харватыі пасля перамогі ў гульні за бронзавыя медалі чэмпіянату свету па футболе 2022 года. Доха, Катар.
Фота: Peter Cziborra / Reuters / Forum

Футбалісты Харватыі абыгралі Марока і занялі трэцяе месца на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары. Матч скончыўся з лікам 2:1.

Першыя галы адбыліся на самым пачатку гульні. На 7-й хвіліне забіў Ёшка Гвардыёл, мараканцы адказалі праз дзве хвіліны: адзначыўся Ашраф Дары. Канчатковы лік устанавіў на 42-й хвіліне форвард харвацкай каманды Міслаў Оршыч.

Футбалісты Харватыі сталі медалістамі на другім запар чэмпіянаце свету. На мінулым турніры, які праходзіў у Расеі, каманда ўзяла срэбра, саступіўшы ў фінале французам.

Для зборнай Марока цяперашні турнір наогул гістарычны. Дагэтуль яна ніколі не праходзіла далей за 1/8 фіналу. Болей за тое, ніколі ў гісторыі ніводная афрыканская ды арабская каманда не трапляла ў паўфінал ЧС.

Заўтра вызначыцца пераможца чэмпіянату свету па футболе 2022 года. За кубак пазмагаюцца зборныя Аргенціны ды Францыі. Гульня пачнецца а 18-й гадзіне паводле менскага часу.

Hавiны
Упершыню ў гісторыі ў паўфінал ЧС па футболе выйшла каманда з Афрыкі
2022.12.10 20:28

Сяргей Крот belsat.eu

 

 

Стужка навінаў