«Згодна прыкладу Беларусі»: Фінляндыя абвінаваціла РФ у перавозцы мігрантаў і прыкрыла мяжу. Эстонія і Нарвегія гатовыя да гэтага ж


З 18 лістапада па рашэнні ўрада Фінляндыі на тры месяцы закрываюцца чатыры з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Расеяй. Фінскія ўлады абвінавацілі Расею ў тым, што тая спецыяльна не перашкаджае патоку мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі. Калі яны маюць рацыю, то сітуацыя нагадвае пачатак міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і краінаў Еўрасаюза ў 2021 годзе, толькі фіны вырашылі дзейнічаць на апярэджанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фінскія памежнікі ідуць да аўтамабіля каля раздзяляльнага плота на фінска-расейскай мяжы ў Пелкале, Іматра, Фінляндыя. 30 мая 2023 года.
Фота: Markku Ulander / Lehtikuva Oy / East News

Беларускі прыклад

У аўторак, 14 лістапада, прэм’ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа заявіў, што ў краіны няма звестак, ці заахвочвае Расея мігрантаў да таго, каб яны ехалі на мяжу, аднак «відавочна, што ім дапамагаюць». “Іх суправаджалі і перавозілі. Яны (расейскія памежнікі. — Рэд.) дазваляюць людзям перасякаць мяжу без сапраўдных праязных дакументаў. Гэтая з’ява працягваецца некалькі тыдняў», — дадаў ён.

Пры гэтым фінскі міністр абароны Анці Хяканен напрасткі абвінаваціў Расею ў гібрыднай вайне праз тое, што РФ дазваляе мігрантам дабірацца да мяжы.

Калі Расея сапраўды заплюшчвае вочы на тое, што многія мігранты едуць без дакументаў, і прапускае іх на сваім участку мяжы, гэта нагадвае падзеі, якія адбываліся на мяжы Беларусі і краінаў Еўразвязу з 2021 года. Тады беларускія памежнікі перасталі перашкаджаць патоку мігрантаў і ў нейтральнай зоне пачалі збірацца тысячы бежанцаў з Блізкага Усходу — усе яны спрабавалі трапіць у Еўразвяз.

Каментар
Мігранты перасталі штурмаваць літоўскую мяжу з тэрыторыі Беларусі. Выпадковасць ці гульня Лукашэнкі?
2023.11.07 07:31

Улады Літвы, Латвіі, Польшчы і шэрагу краінаў ЕЗ, якія не маюць межаў з Беларуссю, абвінавачвалі яе ў арганізацыі патоку нелегальных мігрантаў і называлі гэта гібрыднай агрэсіяй. Афіцыйны Менск адмаўляў, што наўмысна справакаваў міграцыйны крызіс ля сваіх межаў.

З тых часоў міграцыйны крызіс на беларускай мяжы нікуды не дзеўся. Кастрычнік 2023 года стаў рэкордным месяцам па колькасці спробаў нелегальнага пераходу мяжы паміж Беларуссю і краінамі Еўразвязу – памежнікі прадухілілі больш за 5000 такіх выпадкаў.

Пры гэтым, па словах прадстаўніка памежнай службы Польшчы Конрада Шведа, усе новыя мігранты, затрыманыя пры спробе перакрочыць беларуска-польскую мяжу, маюць нядаўна выдадзеныя расейскія візы. Гэта значыць асноўным напрамкам, адкуль замежнікі трапляюць у Беларусь, стала Расея. Шмат у чым гэта звязана з тым, што, у адрозненне ад 2021 года, цяпер прамыя авіязносіны паміж краінамі Блізкага Усходу і Беларуссю адсутнічаюць.

Конрад Швед таксама згадаў яшчэ адну змену: «Паблізу мяжы няма мігрантаў: замежнікі чакаюць у найбліжэйшых гарадах, каб трапіць у Польшчу».

Роварысты ў Фінляндыі

З 15 лістапада дзейнічае забарона на ўезд у Фінляндыю на роварах. Да гэтага, калі чалавек не хацеў стаяць у агульнай чарзе з аўтамабілістамі, ён мог перайсці мяжу на ровары. Многія пецябруржцы раней такім чынам заязджалі ў суседнюю краіну і карысталіся наяўнасцю ў ёй зручнай інфраструктуры для веларуху. Цяпер часы змяніліся: грамадзянам Расеі практычна немагчыма ўехаць на тэрыторыю Еўразвязу, а ў апошнія дні мяжу пачалі штурмаваць мігранты з Азіі і Афрыкі на роварах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейцы, якія ўцяклі ад мабілізацыі, катаюцца на роварах у Хельсінкі, Фінляндыя. 24 верасня 2022 года.
Фота: Takimoto Marina / Zuma Press / Forum

Улады прызналі, што прычына забароны веларуху праз мяжу – у нелегальнай міграцыі. Пра гэта паведаміла кіраўнік МУС Фінляндыі Мары Рантанен. «Дзеянні расейскіх уладаў змяніліся так, што выезд з Расеі ў Фінляндыю стаў дазволены, нягледзячы на адсутнасць дакументаў», — сказала яна.

Да гэтага расейскія памежнікі не дазвалялі нелегальным мігрантам без візаў так лёгка прасоўвацца да фінскай мяжы, дадала Рантанен.

Мяжа на замку

Ужо на наступны дзень, 16 лістапада, на пасяджэнні ўрада Фінляндыі было вырашана закрыць з 18 лістапада 2023 па 18 лютага 2024 года чатыры пагранпераходы на мяжы з Расеяй — Ваалімаа, Нуйямаа, Іматра і Ніірала. Тры з іх мяжуюць з Ленінградскай вобласцю, пункт пропуску Вяртсіла-Ніірала з боку РФ знаходзіцца ў Карэліі.

Цяпер хадайніцтвы аб прадастаўленні міжнароднай абароны на фінска-расейскай мяжы будуць цэнтралізавана разглядацца толькі на пагранпераходах Варціус-Лютця і Сала, якія знаходзяцца ў Мурманскай вобласці. Сала можна перасекчы толькі на аўтамабілі. Гэта ўскладніць магчымасць мігрантам дабірацца да мяжы, бо гэтыя пункты пропуску аддаленыя адносна асноўных чыгуначных і авіяцыйных транспартных артэрый.

Поўнае закрыццё пагранпераходаў у Ленвобласці ўскладняе лагістыку: грузавікам зараз прыйдзецца рабіць вялікі крук праз поўнач краіны, каб патрапіць у РФ і вярнуцца ў Фінляндыю.

Разбор
Ці праўда туркменскія студэнты ў Беларусі ўдзельнічалі ў арганізацыі нерэгулярнай міграцыі?
2023.09.27 13:22

Услед за фінскімі ўладамі аб магчымасці закрыцця часткі памежных пераходаў у выпадку ўскладнення сітуацыі з мігрантамі заявілі і ўлады Эстоніі. Начальнік памежнай аховы краіны Вейка Камусар сказаў, што эстонскі ўрад ведаў аб планах Фінляндыі.

«Мы ўважліва сочым за сітуацыяй і, калі спатрэбіцца, гатовыя прадухіліць любую нелегальную міграцыю. У залежнасці ад сітуацыі на мяжы гэта можа азначаць частковае або поўнае закрыццё пунктаў пропуску», — паведаміў начальнік памежнай аховы Эстоніі.

Акрамя таго, кіраўнік Мінюсту Нарвегіі Эмілі Энгер Мель таксама не выключыла, што Осла можа закрыць адзіны памежны пункт паміж РФ і Нарвегіяй – Стурскуг.

Раней намеснік камандуючага памежнай аховы Паўднёва-Усходняй Фінляндыі Юка Лукары заявіў, што на мяжы Фінляндыі фіксуецца рост спробаў нелегалаў заехаць у краіну на ровары. Пры гэтым гаворка ідзе не пра расейцаў, а пра грамадзянаў трэціх краін, у асноўным з Блізкага Усходу і Афрыкі — Ірака, Сірыі, Йемена і Самалі.

Са жніўня і да пачатку гэтага тыдня фінскія ўлады налічылі каля 100 спробаў уезду ў краіну без дакументаў. У апошнія перад закрыццём мяжы дні гэтая колькасць стала расці. Толькі 13 лістапада і ў ноч на 14 лістапада на фінскую мяжу з боку Расеі прыбылі блізу 60 чалавек – усе яны папрасілі прытулку, заявіў кіраўнік Цэнтра аналізу сітуацый і рызык пагранслужбы Фінляндыі Міка Лехмус. Некаторыя нелегалы ехалі праз Расею транзітам, іншыя да таго, як апынуцца на мяжы, правялі ў Расеі нейкі час.

Hавiны
Польскіх памежнікаў зноў абкідалі з беларускага боку падпаленымі галінамі і камянямі
2023.10.11 16:56

Чаму ровар?

Перасячэнне мяжы Расеі са скандынаўскімі краінамі на ровары – даўно вядомы мігрантам спосаб трапіць у Еўразвяз. Напрыклад, у 2015-2016 гадах – у разгар Еўрапейскага міграцыйнага крызісу – каб трапіць у Нарвегію, ім скарысталіся тысячы ўцекачоў з Блізкага Усходу. Спачатку яны дабіраліся да Мурманска, там куплялі ровар і накіроўваліся да расейска-нарвежскай мяжы. Падобная сітуацыя склалася і на расейска-фінскай мяжы.

У параўнанні з падарожжам па Міжземным моры, гэты маршрут у Еўразвяз значна больш бяспечны. Прычына папулярнасці менавіта ровараў як транспарту для перасячэння мяжы заключалася ў тым, што Расея не дазваляе перасякаць мяжу з Фінляндыяй і Нарвегіяй пешшу.

У выпадку з Нарвегіяй ровар заўсёды быў пераважным транспартам таксама таму, што гэтая скандынаўская краіна расцэньвае перавозку мігрантаў праз мяжу на аўтамабілі або на аўтобусе як кантрабанду людзей. Па законах Нарвегіі, кіроўца не можа ўвозіць у краіну пасажыраў без адпаведных дакументаў.

Аляксандр Архіпаў / УК, «Вот Так»

Стужка навінаў