З 1 лістапада ва Узброеных сілах Беларусі з’явілася новая пасада – інструктар для працы з вернікамі ў асабовым складзе, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
На гэтыя пасады прызначаюцца святары, якія маюць духоўную адукацыю, узведзеныя ў сан і прыдатныя паводле стану здароўя для праходжання тэрміновай вайсковай службы (службы ў рэзерве).
Асноўнае заданне гэтых вайскоўцаў – «удзел у духоўна-маральным выхаванні», а таксама ў «задавальненні духоўна-рэлігійных патрэбаў асабовага складу». Як тлумачыць абароннае ведамства, галоўная мэта з’яўлення такой пасады – «максімальна эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу свяшчэннаслужбоўцаў у інтарэсах фармавання воінскіх якасцяў вайскоўцаў, іхных поглядаў і настрояў, маральнага аблічча».
Цяпер ва Узброеных сілах Беларусі на гэтую пасаду назначаныя шасцёра святароў.
СП, belsat.eu