Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы вядуць агонь з самаходнай гаўбіцы. Харкаўская вобласць, Украіна. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Цягам апошніх содняў не паступала паведамленняў пра актыўныя наземныя аперацыі ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці. Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што зацішша на гэтым участку фронту звязанае з падрыхтоўкай ЗСУ да наступу па лініі населеных пунктаў Кіслоўка – Катляраўка з далейшым выхадам да Ніжняй Дуванкі. Паводле крыніцы, Збройныя сілы Украіны будуць наступаць адразу з двух кірункаў: з боку Петрапаўлаўкі і Бераставога.

Пра змены ў лініі фронту ў Луганскай вобласці ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе, у асноўным у рэгіёне трываюць пазіцыйныя баі з выкарыстаннем артылерыі. Разам з тым прарасейскі тэлеграм-канал «WarGonzo» піша пра атаку Узброеных сілаў РФ з Крэмінной у бок Зарэчнага ў Данецкай вобласці.

Больш актыўныя баявыя дзеянні праходзяць у самой Данецкай вобласці. Генеральны штаб ЗСУ паведамляе, што цягам содняў удалося адбіць расейскія атакі на ваколіцы населеных пунктаў Торскае, Спірнае, Салядар, Бахмут, Маёрск Вадзяное, Краснагораўка, Мар’інка і Новаміхайлаўка. «WarGonzo» піша пра атакі расейцаў у бок населеных пунктаў Невельскае і Пабеда. Таксама крыніца заяўляе, што ПВК «Вагнер» удалося прасунуцца на паўднёвы ўсход ад Салядару, і цяпер баі фактычна ідуць на ўсходзе Бахмуту. Мінабароны РФ паведамляе, што ЗСУ няўдала наступалі ў бок населенага пункту Страпаўка.

Украінскія вайскоўцы на захопленым расейскім танку. Купянскі раён у Харкаўскай вобласці Украіны. 15 кастрычніка 2022 года.
Фота: Clodagh Kilcoyne / Reuters / Forum

Між тым амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што ЗСУ надзейна ўтрымліваюць свае пазіцыі каля Бахмуту, а ўсе расейскія заявы пра поспехі на гэтым участку фронту не адпавядаюць рэчаіснасці. Імаверна, расейскія сілы ствараюць ілюзію перамогаў хоць на якім з участкаў фронту.

У Запарожскай вобласці Збройныя сілы Украіны вядуць пазіцыйную абарону і ўзмацняюць групоўку сваіх войскаў. «Рыбарь» піша, што камандаванне ЗСУ рыхтуецца да расейскага наступу на Запарожжа з далейшым перасячэннем Дняпра і выхадам да Нікапалю.

На паўночным участку фронту ў Херсонскай вобласці ўкраінскія сілы працягваюць наступаць у кірунку Мылавога, Мінабароны РФ гаворыць пра адбіццё ўкраінскай атакі на населены пункт Брускінскае Берыслаўскага раёну. ЗСУ таксама намагаюцца прасунуцца ў бок самога Херсону, асабліва па лініі трасы М-14. Але пра змены ў лініі фронту пакуль ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе.

Тым часам «WarGonzo», спасылаючыся на свае крыніцы, піша, што ЗСУ неўзабаве плануюць ажыццявіць маштабны контрнаступ на Херсон, дзеля чаго цяпер у Мікалаеве назапашваецца жывая сіла і тэхніка. Пры гэтым гаворка вядзецца і пра вялікую колькасць вайскоўцаў з краінаў NATO, у прыватнасці, з тэрыторыі Францыі.

Наступствы атакі Кіева дронамі-камікадзэ 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Ноччу і ранкам 17 кастрычніка Збройныя сілы Расеі ў чарговы раз нанеслі масіраваны ўдар па мірных гарадах Украіны: пацярпела ўкраінская сталіца, Сумская, Вінніцкай, Хмяльніцкая, Жытомірская, Днепрапятроўская, Запарожская і Мікалаеўская вобласці. Былы міністр бароны так званай «ДНР» Ігар Гіркін ў сваім тэлеграм-канале назваў гэта «ударами возмездия».

Генштаб ЗСУ піша, што цягам содняў удалося знішчыць каля 320 расейскіх вайскоўцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 65 320 тысяч асобаў.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 16 кастрычніка
2022.10.16 18:15

ВК belsat.eu

Стужка навінаў