«Зуб за зуб? Канечне!» Святлана Курс пра адказных за смерць Пушкіна і «правільную» жалобу па мастаку


У падсумаванні тыдня з Сяргеем Падсасонным пісьменніца Святлана Курс распавядае пра сяброўства з Алесем Пушкіным, значэнне ягонай творчасці для мастацтва ды тое, што могуць зрабіць беларусы пасля смерці мастака.

Святлана Курс
Пісьменніца Святлана Курс падчас размовы с Сяргеем Падсасонным у Варшаве, Польшча. 16 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Кім быў і ёсць Алесь Пушкін для вас?

– Алесь Пушкін – адзін з тых мала бачных людзей, якія адначасова складаюць аснову нашага існавання таму, што беларушчына ў ягоных карцінах набыла бясконцае вымярэнне, зрабіла сучасным нашае рамантычнае сярэднявечча. Успомніце ягоных хлопчыкаў у барэтках з пёрамі, ягоных рыцараў і прыўкрасных дам. У той жа час ён асучасніў беларускую мову, літаратуру і культуру пры дапамозе перформансу і сучасных відаў мастацтва. Дзякуючы Алесю беларушчына зрабілася шматпланавай і несувымерна вялікай, якая не забіваецца ў свой маленькі беларускамоўны этнаграфічны куточак. Яго фактычна за гэта і забілі.

– Мастак заўсёды застаецца чалавекам культуры, застаецца ў сваёй творчасці. А хто для вас Алесь Пушкін як чалавек?

– Гэта быў вельмі складаны чалавек. Ёсць рэчы, пра якія я нават не магу распавесці, але магу намякнуць пра тое, наколькі вялікім калодзежам быў гэты чалавек. Бо побач з ягоным усмешлівым выразам тварам, ягоным быццём, гэта быў жорсткі чалавек у глыбіні. Яму было блізкае не толькі дабро, але і зло. Яму былі блізкія жарсці людскія, у тым ліку цёмныя жарсці. Упэўненая, што ён сутыкаўся са смерцю вельмі блізка. Было б паклёпам казаць пра нейкія рэчы, але ў той жа час мы не ведаем, што ён рабіў у Афганістане, ён мне гэтага не распавядаў.

Я ніколі не старалася ведаць, што ён рабіў у асабістым жыцці, магла толькі здагадвацца. Я бачыла ў ім чалавека, у якога няма ніводнай плоскай рысы, ён быў шматвымерны ў дабры і зле, ён быў ва ўсім вялікі, і менавіта таму ягоная творчасць так хвалюе, таму што гэта быў вельмі шчыры чалавек. Як вам сказаць? Вось «Парфюмера» чытаеш – страшны раман, але і вялікі таксама. Вось і Алесь ствараў уражанне чалавека вялікага і няплоскага. Ён быў для мяне вельмі важны, хаця апошнія гады мы не дачыняліся.

 – Вы зрабілі допіс, у якім кажаце, што ў вашых стасунках не было тэмаў табу, бо «вы наткнуліся адно ў адным на цяжкае цёмнае ядро цынізму і, верагодна, сілы». Што вы маеце на ўвазе?

– Вось менавіта гэта і маю: мы ведалі, што такое зло, што яно сядзіць у нас вельмі моцна. Мне здавалася, што яму дае вялікую асалоду, калі ён гаварыў мне даволі цяжкія рэчы, што ён не мог мяне шакаваць. Звычайна я тушуюся, калі размаўляю з людзьмі, а з ім – не. Калі ён наносіў мне слоўны ўдар, я заўсёды давала яму рыпосту. Найлепей я памятаю вельмі доўгую зімовую размову, калі мы гулялі па трох менскіх парках. Мы гаварылі пра сэкс, жорсткасць, садызм, забойства, здраду і яе розныя сувымеры – як у асабістым жыцці, гэтак і здраду дзяржаве, краіне, сабе і гэтак далей. Гэта была найлепшая прагулка ў маім жыцці. Гэта найлепшая і, верагодна, самая страшная прагулка ў маім жыцці. Вароны сядзелі на белым снезе, мы хадзілі вакол [будынку] Міністэрства абароны, у тым ліку на вуліцы Чырвонай, дзе абодва адведвалі радыё. І гэта было вельмі важна для мяне.

Яшчэ вельмі важна было, што Алесь Пушкін прысутнічаў у той страшны дзень у Лошыцы, калі мой маленькі сын ледзь не ўтапіўся. Там бяжыць вельмі хуткая рэчка, а Фелікс быў маленькі. Я разявіла рот, размаўляла з Алесем, а Фелікс паслізнуўся на камянях і тапіўся. Я яго дастала ў апошнюю хвіліну. І мы [з Алесем] глядзелі адзін на аднаго, супакойвалі адзін аднаго. Фелікс выжыў. Але гэты маркер застаўся на нашых адносінах з ім, якія ніколі не былі цялеснымі, сексуальнымі або сяброўскімі, – гэта былі адносіны двух людзей, якія могуць не сустракацца гадамі, а потым сустракаюцца і пачынаюць, як быццам бачыліся ўчора. Тыя маркеры, якімі ён пазначыў маё жыццё, для мяне застаюцца вельмі важнымі.

– Алесь быў быў для вас ваяром ці мастаком? Выязджаючы з Украіны, ён ведаў, што яго магло чакаць, ён не быў наіўным чалавекам і разумеў, што каты яму не даруюць, але паехаў. Мо гэта быў своеасаблівы жудасны, але перформанс?

– І тое, і другое – а навошта гэта аддзяляць? Ён быў вельмі мужным і адважным чалавекам. Ён і да гэтага шмат што ў жыцці прайшоў, калі вывучаць ягоную біяграфію. Ягоная мужнасць была бясконцая. Мужны, жорсткі, прамы, але адначасна і Вялікі інквізітар таксама.

Той, хто яго знаў, мог часам і спасаваць перад ім, і быць незадаволеным некаторымі рэчамі. Яму было за што і ў морду даць час ад часу. Карацей кажучы, калі ён сышоў, у гэтым сэнсе сышоў цэлы сусвет, але не да канца, натуральна, бо чым большы чалавек, тым больш ён па сабе пакідае.

Возьмем адную з ягоных забойцаў, спадарыню Бондараву. Яна можа толькі разбурыць жыццё Алеся Пушкіна, помнік Геніюш, але стварыць яна і ўсё гэтае кубло забойцаў не могуць нічога. Як пісаў Толкін, «зло можа толькі скалечыць, а стварыць нічога не можа». Хай бы яны заняліся чым лепшым.

Святлана Курс
Пісьменніца Святлана Курс падчас размовы с Сяргеем Падсасонным у Варшаве, Польшча. 16 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Ёсць Бондарава. Ёсць прафесарка Гарадзенскага ўніверсітэту, якая напісала экспертызу пра нацызм на ягоным палатне. Ёсць пракурор, суддзя, вертухаі, турэмнікі. Дараваць?

– Не, навошта?

– Зуб за зуб?

– Канечне. А інакш яны будуць лезці ўвесь час. Калі гэта магчыма, то ў 90 % выпадкаў трэба кіравацца справядлівасцю і інструментамі цывілізаваных людзей. Але я таксама ўхваляю метады «Масаду» або ўкраінскай выведкі, што забівае лётчыкаў і афіцэраў, якія бамбуюць іхную краіну, калі не могуць дацягнуцца да іх справядліваснымі інструментамі.

– Ва Украіне забіваюць расейцы, а ў нас беларусы забіваюць беларусаў.

– Гэта не беларусы, а людзі «русского мира». Ёсць шмат сведчанняў, што яны не разумеюць або не хочуць разумець і аспрэчваюць беларускую мову і традыцыі. Яны Алеся забівалі за гэта, кажучы, «гавары на нармальнай мове». Яны ў кабінетах трымаюць нават не партрэты Лукашэнкі, а Пуціна і самастойна выдрукаваныя Z-кі. Якія ж гэта беларусы, прабачце? Гэта янычары, «русский мир». Проста Украіна акупаваная адным чынам, а мы іншым. Ёсць пэўная частка нашых суграмадзянаў, якая да нашага свету ўжо не належыць, якая наш свет ненавідзіць. Я лічу, што гэта такая ж акупацыя і такі ж «русский мир», як на Данеччыне.

– Вы пішаце: «Любіць Беларусь – небяспечна для жыцця». Гэта азначае, што гэта не апошняе забойства, і ахвяры яшчэ будуць.

– Сёння нехта памірае ў турме, я ў гэтым перакананая. Мы не ведаем, што яны робяць з тысячамі вязняў. Мы Бабарыку не бачылі пасля жорсткага збіцця. А Тысеву, якому цяпер грошы збіраюць? Мала таго, што генетычная хвароба яго ў крук гнула – дык яны яго па хворых касцях білі і палівалі яго халоднай вадой.

– На выходных на Падляшшы прайшоў фестываль «Тутака», адбыўся тэатральны фестываль купалаўцаў – усюды згадваюць Алеся Пушкіна, хвіліна цішыні ўсюды ёсць. Але шмат незадаволеных, якія спрабуюць узурпаваць пытанне жалобы і кажуць, што ладзіць фестывалі нельга. А як трэба?

– А на чым гуртавацца? Мы гуртуемся вакол файных рэчаў. Сабрацца на пікнік, пайсці на супольны абед, быць разам – займацца дабрачыннасцю, рабіць мастацтва, а закруціцца ў чорны мяшок і сядзець абсунуўшыся… Ведаеце што? З 1995-га цягам дваццаці гадоў я не жыла, а існавала, бо беларускія справы мяне ўнутры перапякалі. І каму ад гэтага было лепей, што дваццаць гадоў жыцця я пражыла на зніжаным эмацыйным фоне? Каб выжыць, трэба было піць. Многія людзі падпіваюць і цяпер – гэта можна прачытаць з твару. Бо ім цяжка. Трэба выплываць на святло.

Мне здаецца, што я з родным братам пасварылася, бо ён маўчыць. Я напісала яму адчайны ліст, каб схадзіў да доктара і паправіў таблетачкамі фон. Ён абразіўся. Але я гэта прайшла, хадзіла на тэрапію паўгода. Я вельмі ўдзячная сваёй доктарцы, што нягледзячы на тое, што мы знаходзімся ў кашмарнай сітуацыі (нават тыя, хто шчасліва жыве ў бяспечнай краіне), мы маем магчымасць падтрымліваць свой эмацыйны фон і маем магчымасць ствараць не на зло Бондаравай, а на карысць Беларусі і для ўласнай асалоды, таму што стварэнне ёсць найлепшае, што мы можам зрабіць.

– Калі б вы маглі сказаць Алесю Пушкіну нешта, што б вы сказалі?

– Well done. Добра зроблена, браце. Дзякуй табе.

Размаўляў Сяргей Падсасонны

Стужка навінаў