Аднаго з лідараў прафсаюзу РЭП – Зінаіду Міхнюк – пачнуць судзіць 18 траўня ў берасцейскім СІЗА № 7, а сам працэс пройдзе ў закрытым рэжыме.
Паплечнікі спадарыні Зінаіды даведаліся 17 траўня, што не здолеюць трапіць на суд над сваёй калегаю, бо паседжанне з суда Ленінскага раёну Берасця пераносяць у СІЗА № 7, выязное паседжанне адбудзецца ў закрытым рэжыме.
Працэс будзе весці Андрэй Грушко, які пад санкцыямі Еўразвязу за палітычна матываваныя прысуды, Грушко спрычыніўся да асноўных палітычных справаў на Берасцейшчыне. Ён вынасіў прысуды ў справе так званых берасцейскіх закалотаў, «пінскай» і «карагоднай справах».
Зінаіду Міхнюк затрымалі 25 сакавіка ўдома, калі сілавікі праніклі ў жытло актывісткі праз вакно. Жанчыну затрымалі і адправілі ў ІЧУ, а пазней перавялі ў СІЗА № 7, дзе яна застаецца амаль два месяцы.
Зінаідзе Міхнюк выставілі абвінавачанне за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК).
22 лютага суд Ленінскага раёну Берасця прызнаў матэрыялы з каментаром актывісткі на радыё «Рацыя», Praca.by.infо і «Хартия-97» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А КДБ пазней прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Беларускі незалежны прафсаюз РЭП.
АЛ, belsat.eu