Украінская выведка заявіла аб знішчэнні верталёта «Мі-8» пад Самарай – у 800 км ад Украіны


На аэрадроме «Краж» пад расейскай Самарай 17 красавіка быў знішчаны транспартны верталёт «Мі-8», паведаміла Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны.

Верталёт Мі-8
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Верталёт Мі-8 у музеі. Моніна, Расея. Ліпень 2010 года.
Фота: Andrey Korchagin / Flickr, CC BY-SA 2.0

Знішчэнне чарговага верталёта – звычайная навіна вайны ва Украіне. Паводле звестак Генштабу ЗСУ, за два з лішнім гады поўнамаштабнай вайны Расея страціла 325 верталётаў.

Незвычайна тое, што верталёт быў знішчаны пад Самарай, якая ў 800 км ад мяжы з Украінай – нават Масква да Украіны бліжэй.

ГУР заяўляе, што верталёт выкарыстоўвалі ў вайне супраць Украіны для перавозкі зброі і асабовага складу, вартасць верталёта ацэньваюць у 10–15 млн долараў.

Як менавіта быў знішчаны верталёт, не паведамляюць. На відэа ГУР бачна толькі, што штосьці размытае гарыць у цемры – імаверна, кабіна верталёта.

Імаверна, што верталёт знішчылі не ракетай ці дронам, запушчаным з тэрыторыі Украіны, а ў выніку дыверсіі, зладжанай на тэрыторыі Расеі, як год таму атакавалі расейскі «лятучы радар» А-50 у беларускіх Мачулішчах.

Дарэчы, Украіна збіла ўжо два тых А-50 – засталося чатыры ці пяць такіх самалётаў у залежнасці ад таго, ці здолелі парамантаваць самалёт з Мачулішчаў.

Hавiны
Кіраўнік СБУ пацвердзіў датычнасць Украіны да атакі на расейскі самалёт у Мачулішчах
2024.03.26 09:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў