Мінабароны абвесціла заняткі па агнявым рыхтаванні на сямі вайсковых палігонах


У абаронным ведамстве кажуць, што комплекс захадаў для рыхтавання Узброеных сілаў трывае. Таксама адбываецца перамяшчэнне падраздзяленняў на паўднёвыя рубяжы з мэтаю ратацыі.

У Міністэрстве абароны паведамляюць, што для правядзення практычных заняткаў па агнявым, тактычным і спецыяльным рыхтаванні задзеяныя палігоны «Берасцейскі», «Гожскі», «Чапелева», «Даманаўскі», «Абуз-Лясноўскі», «Ружанскі», «Лосвіда».

У інфармацыі ведамства не ўдакладняецца, калі і як доўга будуць трываць заняткі.

Нагадаем, што ўначы 16 сакавіка жыхары шэрагу гарадоў на поўдні Беларусі чулі гукі выбухаў. Праўладныя тэлеграм-каналы патлумачылі гэта планавымі вучэннямі. Аднак выбухі чулі нават у гарадах далёка ад вайсковых палігонаў.

Мінабароны таксама паведамляе, што сіламі рэагавання з органамі памежнай службы ажыццяўляецца ўзмацненне аховы дзяржаўнай мяжы. Часткі ВПС і войскаў СПА выконваюць задачы ўзмоцненым складам. Акрамя таго, з мэтаю змены падраздзяленняў на ​​паўднёвых рубяжах «часткаю сілаў здзяйсняецца перамяшчэнне камбінаваным спосабам ва ўстаноўленыя раёны». На мінулым тыдні, 12 сакавіка, Генеральны штаб Беларусі ўжо папярэджваў, што бліжэйшым часам плануецца ажыццявіць замену пяці батальённа-тактычных групаў на мяжы з Украінаю.

Міністэрства абароны падкрэслівае: «ніякія захады мабілізацыі ў Рэспубліцы Беларусь не праводзяцца».

Hавiны
У Офісе прэзідэнта Украіны пракаментавалі начныя выбухі на поўдні Беларусі
2022.03.17 12:27

РР belsat.eu

Стужка навінаў