Рух цягнікоў адноўлены на большасці ўчасткаў, закранутых сённяшняй аварыяй – паведамляе кіраўніцтва польскай чыгункі. Тэхнічны збой, прычыны якога высвятляюцца, ускладніў рух цягнікоў на сотнях кіламетраў шляхоў. Дзясяткі цягнікоў, у тым ліку з бежанцамі з Украіны, прыйшлі з істотным спазненнем. Як заявіў вытворца абсталявання, што дало збой – кампанія Alstom, да аварыі прывяла няспраўнасць у сістэмах кіравання, створаных фірмай Bombardier.
Пустыя электронныя табло і адсутнасць цягнікоў – нязвыклая карціна для галоўнага чыгуначнага вакзалу польскай сталіцы. Праблемы ўзніклі на ўчастках чыгункі працягласцю ў 820 кіламетраў. А 4 раніцы 19 дыспетчарскіх пунктаў па ўсёй Польшчы выйшлі са строю. У раёнах, дзе адключаныя цэнтры кіравання, рух цягнікоў рэгулюецца ўручную, а значыць, цягнікі ідуць значна павольней.
«Самалёт у нас сёння ўначы, і да самалёта не можам дабрацца ніяк. У нас а 10 гадзіне з Кракава самалёт. Пяць чалавек нас павінна адляцець. Да Кракава дабрацца не можам», – скардзіцца ўцякачка з Украіны Ірына.
«Гэта стамляе, мы едзем у Кракаў, каб дапамагаць уцекачам, але чакаем тут ужо 4 гадзіны. Гэта крыху раздражняе», – прызнаецца брытанскі валанцёр Раян.
«Мой цягнік спазніўся на 180 хвілін, мы з сяброўкай едзем у розныя гарады, але чакаем разам. Крыху засмучаныя, але ва ўсіх дакладна такая ж праблема, таму мы не адчуваем сябе пакрыўджанымі», – кажуць польскія падарожнікі Наталля і Міхал.
Як паведамляе міністэрства інфраструктуры Польшчы, аварыя непасрэдна закранула 42 цягнікі. Некаторыя саставы затрымліваюцца на 3-4 гадзіны. Кіраўніцтва чыгункі папярэдзіла, што некаторыя цягнікі сёння будуць скасаваныя. Тым не менш перавозка тысячаў бежанцаў з Украіны працягнецца.
«Ужо больш за два тыдні гэта прыярытэт для нашых чыгуначнікаў. Мы каардынуем гэты працэс з Міністэрствам інфраструктуры і ўладамі рэгіёнаў. Усе працэдуры, звязаныя з бяспекай пасажыраў, – выконваюцца», – запэўнівае віцэ-прэзідэнт чыгуначнай кампаніі PKP Міраслаў Скубішыньскі.
Аварыя адбылася выключна на дыспетчарскіх пунктах, абсталяваных сістэмамі, пастаўленымі канцэрнам Alstom/Bombardier – заявіў міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык. Дакладна такія ж аварыі адбыліся ноччу ў Індыі і Сінгапуры. Кіраўніцтва чыгунак не выключае як тэхнічнай няспраўнасці, так і хакерскай атакі.
Александр Папко, «Белсат»