Новы мабільны аператар? «Белтэлекам» атрымаў ліцэнзію на сотавую сувязь


Дзяржаўны інтэрнэт-правайдар цяпер зможа аказваць і паслугі мабільнай сувязі паводле тэхналогіі LTE (4G). Што з інфраструктурай для 2G і 3G, невядома, але навіна з’явілася на тле «наезду» дзяржавы на аператара «А1».

Будынак «Белтэлекаму». Менск, Беларусь, 6 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Міністэрства сувязі Беларусі змяніла ўмовы ліцэнзіі для дзяржаўнай кампаніі «Белтэлекам»: цяпер тая мае права аказваць паслугі мабільнай сотавай сувязі. Гэтую сувязь паводле тэхналогіі LTE чацвёртага пакалення мабільнай сувязі кампанія мае развіваць у межах пагаднення з інфраструктурным аператарам «Беларускія воблачныя тэхналогіі («beCloud»).

«Белтэлекам» ужо аказвае паслугі тэлефоннай сувязі, доступу ў інтэрнэт (брэнды «ByFly» і «Ясна») і інтэрнэт-тэлевізіі («Zala» і «ЯснаЕ»)

Дзяржаўная манаполія на інтэрнэт і 4G

«beCloud» сам не будуе 4G-сеткі, а толькі кантралюе сеткі, якія будуюць іншыя мабільныя аператары – без дазволу «beCloud» нельга запускаць 4G-сеткі. Праз гэта аператар «Velcom» (цяпер – «А1») доўгі час заставаўся без 4G, хоць заяўляў, што мае гатовую інфраструктуру.

«beCloud» напаўдзяржаўны: 51 % належаць дзяржаўнаму Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам, 49 % – кіпрскай кампаніі «Sabsicca Holdings LTD», якую звязваюць з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі.

Кампанія таксама з’яўляецца адзіным тэхнічным адміністратарам нацыянальных доменных зонаў Беларусі (.by і .бел). Акрамя таго, разам з дзяржаўным «Белтэлекамам» і дзяржаўным жа НЦАТ кампанія кантралюе міжсеткавы інтэрнэт-трафік.

Hавiны
Хто насамрэч стаіць за кампаніяй «beCloud», якую прызначылі новым адміністратарам байнэту?
2021.09.28 13:47

Навошта «Белтэлекаму» мабільная сувязь?

Паводле Міністэрства сувязі, права на LTE «паскорыць рашэнне праблемы лічбавай няроўнасці ў доступе да сучасных паслугаў электрасувязі гарадскога і сельскага насельніцтва, створыць новыя магчымасці для аказання патэнцыйным абанентам запатрабаваных канвергентных паслугаў, калі ў адным пакеце паслугаў сумяшчаюцца традыцыйныя паслугі стацыянарнай сувязі (тэлефон, доступ у сетку інтэрнэт, тэлевізія) і сотавай рухомай электрасувязі».

Ды якраз за няроўныя ўмовы «Белтэлекам» ужо шмат гадоў крытыкавалі: напрыклад, калі новыя будынкі падключаюць да тэлекамунікацыяў, там «аўтаматычна» падключаюць і тэлефон, і інтэрнэт ад «Белтэлекаму», а прыватныя правайдары трапляюць да спажыўцоў у другую чаргу. Хатні інтэрнэт у камплекце з мабільнай сувяззю прапануюць МТС і «А1».

У 2012 годзе «Белтэлекам» пачаў выкарыстоўваць 2G і 3G-сеткі аператара МТС для раздачы мабільнага інтэрнэту (але не сотавай тэлефоннай сувязі). 51 % беларускага МТС належаць «Белтэлекаму», 49 % – расейскаму МТС.

Ці будзе «Белтэлекам» выкарыстоўваць сеткі МТС і для сотавай сувязі, ці абмяжуецца толькі 4G, невядома. Аднак пакрыццё сеткамі 4G далёка не такое поўнае, як сеткамі 3G: LTE ловіцца толькі ў гарадах, а ахапіць гэтай сеткай усе рэгіёны толькі плануюць у 2022 годзе, таму для надзейнай тэлефоннай сувязі пакуль патрэбныя сеткі мінулых пакаленняў.

Канкурэнт для «А1» ці падрыхтоўка да нацыяналізацыі «А1»?

Навіна пра права «Белтэлекаму» на LTE з’явілася на тле «наезду» дзяржавы на мабільнага аператара «А1»: Лукашэнка загадаў «прыняць жорсткія меры» у дачыненні кампаніі, якая нібыта «у некаторым сэнсе злівала не той кантэнт і не туды».

Hавiны
ААЦ праверыць кампанію «А1» і Беларускую чыгунку
2021.12.19 17:00

Прэс-сакратара кампаніі Мікалая Брэдзелева затрымалі 10 снежня 2021 года, прымусілі запісаць «пакаяннае відэа», пакінулі ў ізалятары на Акрэсціна, не выставіўшы абвінавачвання. Брэдзелеў прызнаны палітычным зняволеным.

З прычыны затрымання Брэдзелава і «наезду» Лукашэнкі пайшлі чуткі аб тым, што дзяржава можа нацыяналізаваць «А1», якая ўваходзіць у «A1 Telekom Austria Group».

АА belsat.eu

Стужка навінаў