Супраць «акупацыі «трыкалора»


Усё часцей на вуліцах нашых гарадоў можна пабачыць расейскія сцягі. І не на аўтах гасцей з Усходу, а беларускіх аўтобусах, маршрутках і нават міліцэйскіх машынах. І калі сталічныя транспартнікі ў адказ на скаргі грамадскіх актывістаў парушэнне прызналі, сцяжкі прыбралі, а кіроўцам знізілі прэмію, то ў рэгіёнах дзяржаўныя сімвалы чужой краіны лунаюць надалей. Вайну «трыкалору» абвесцілі ў Магілёве.

{movie}Супраць «акупацыі «трыкалора»|right|13296{/movie}

Даказаць факт прысутнасці на магілёўскіх дарогах… сцягоў чужой краіны – вельмі проста. Дастаткова пастаяць на прыпынку, каб назіраць за цэлым шэрагам маршрутак, аўтобусаў і прыватных аўтаў, аздобленых замежнаю дзяржаўнаю сімволікай. І з’ява гэтая настолькі распаўсюджаная, што яе проста не заўважаюць.

КАНДУКТАРКА:
«Я нават і не бачыла. Ты бачыла? А вось там вісіць… Не ведаю нават».

КІРОЎЦА АЎТОБУСА:
«Я не ведаю, гэта напарніка».

Здавалася б, дзяржаўны сцяг і герб – палітычныя сімвалы канкрэтнай дзяржавы, публічная дэманстрацыя якога ў іншай краіне – палітычная акцыя, у тым ліку адная з праяваў дамінацыі. Калі казаць яшчэ мацней – акупацыі. Чаму ж замест хаця б традыцыйных цацак і брэлкаў кіроўцы ўсё часцей абіраюць дзяржаўную атрыбутыку… чужой краіны?

СЯРГЕЙ ЦЫРЫКАЎ, КІРОЎЦА АЎТОБУСА:
«Раней жа мы жылі ў Расеі. Дык мы як браты і вешаем. Што расейскі, што беларускі сцяг. Вядома, наш найлепей, бо мы ж тут цяпер жывем: ці то аддзяліліся, ці не. Усё роўна мы залежым ад яе».

Тым не менш з такім меркаваннем пагаджаюцца далёка не ўсе. Грамадскі актывіст Ігар Барысаў распачаў мясцовую вайну з «трыкалорам» і запатрабаваў ад «Магілёўаблтрансу» прыбраць з грамадскага транспарту сцягі іншых дзяржаваў. У сваёй скарзе актывіст адзначае: падвойныя сцяжкі – прыхаваны выклік беларускай незалежнасці.

ІГАР БАРЫСАЎ,ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Гэтыя сцяжкі фактычна сімвалізуюць, што глядзіце, Расея фактычна ўжо тут. Пакуль яшчэ не на дзяржаўным узроўні».

Але ў простым сэнсе слова «сімвалiчнае» наступленне на Беларусь відавочнае. Не гэтак даўно ў Віцебску зафіксавалі нават міліцэйскае аўта, упрыгожанае атрыбутам расейскай дзяржаўнасці. А калі такі тон задаюць беларускія дзяржаўныя органы, то і рэакцыя грамадзянаў прадказальная…

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:
«Калі мы ўжо даўно павязаныя, то нічога страшнага няма. Расея – гэта Беларусь. Мы нікуды ад Расеі не сыдзем».
«Людзі, якія там наверсе займаюцца ідэалагічнымі пытаннямі, яны гэта пастанаўляюць».

І ўсе ж калі пастарацца, можна развязаць гэтае пытанне інакш. Дзякуючы намаганням грамадскіх актывістаў прыбраць расейскія сцягі з транспарту ўдавалася – у Глыбоцкім аўтапарку і ў сталіцы, у аўтобусных парках №№ 2, 6 і 8. Кіруючыся, што праўда, правілам, што на лабавым шкле не мусіць быць ніякіх лішніх прадметаў. Таму «заадно» са шкла аўтобуса прыбралі і дзяржаўны беларускі сцяг.

Вольга Саўле, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў