Звольнены за незалежны прафсаюз. Старшыня абвесціць галадоўку


На заводзе Трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску зноў не працягнулі кантракту з сябрам Свабоднага прафсаюзу. Жонка звольненага – у дэкрэтным адпачынку. Сям’я цяпер вымушаная жыць на BR 1,8 млн дапамогі на дзіця.

Зміцер Сакалоўскі, наладчык шліфавальных станкоў 5-га разраду, прапрацаваў на заводзе ТДіА 11 гадоў. Пагроза звальнення павісла над ім яшчэ летась, калі яго папярэдзілі, што, як не выйдзе са Свабоднага прафсаюзу, то кантракту не працягнуць. Тады ён пайшоў да старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Змітра Бонахава. Як ні дзіўна, але дапамагло – падпісалі новы кантракт на год.

Але праз год, за месяц да сканчэння тэрміну кантракту, Зміцер зноў пачуў знаёмыя папярэджанні. Толькі гэтым разам ён ужо не пайшоў у гарвыканкам, і 31 кастрычніка працаўніка звольнілі.

«Калі кожны год буду ездзіць да старшыні гарвыканкаму, то што гэта будзе? Чаму я ўвогуле павінен да яго хадзіць ды працу выпрошваць? І чаму наймальнік мусіць мне казаць, у якім прафсаюзе быць?» – з абурэннем пытаецца Зміцер.

«У нас свабодная дэмакратычная краіна – так жа кажуць? То чаму я павінен рабіць тое, што нехта там хоча, каб я рабіў? Я не разумею гэтага. Я не ў апазіцыі, не езджу ні на якія мітынгі, я проста быў сябрам Свабоднага прафсаюзу, гэта было маё рашэнне і маё асабістае права», – дадае ўжо былы працаўнік заводу ТДіА.

Завод Трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску. Фота belsat.euЗавод Трактарных дэталяў і агрэгатаў у Бабруйску. Фота са старонкі прадпрыемстваЦяпер Зміцер вымушаны шукаць новую працу, бо трэба забяспечваць сям’ю – ягонай дачцэ ўсяго 2 гады і 4 месяцы. А знайсці працу для сябра СПБ у Бабруйску не так і проста, як вынікае са словаў Змітра. «У нас у горадзе прозвішчы тых, хто быў у Свабодным прафсаюзе, распаўсюджваюць па іншых прадпрыемствах, і туды цябе проста не возьмуць. Былі такія выпадкі з нашымі, хлопцы расказвалі, што на шынны камбінат не бралі».

Жонка звольненага: цяпер падумаю, ці нараджаць другое дзіця

Жонка Змітра Ірына таксама вельмі абураная, што праз адміністрацыю ТДіА іхная сям’я аказалася ў такім становішчы.

«Сацыяльная дзяржава, нараджайце дзяцей… Вось, вельмі паказальны момант наконт нараджэння дзяцей. Я асабіста цяпер задумаюся, ці нараджаць другога. Бо ў нас жа невядома, што можа здарыцца, і ці не застанешся ты з дзіцём на вуліцы і без сродкаў. Усім жа на ўсё напляваць», – кажа Ірына.

Маладая сям’я жыве цяпер у кватэры бацькоў

«Сваю не купілі, бо хоць і заробкі на ТДіА больш-меньш добрыя былі, але ў нас жа такія адсоткі за крэдыты! І здымаць вельмі дорага! А ў гэтай сітуацыі, што далей будзе, нават і не ведаю….»

Старшыня Свабоднага прафсаюзу: галадоўка – адзінае, што засталося

Старшыня Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў адзначае, што гэты выпадак чарговы раз раскрывае сутнасць беларускай сацыяльнай і дэмаграфічнай палітыкі і паказвае тое, што хаваецца за прыгожымі словамі прэзідэнта і чыноўнікаў.

«Адміністрацыя заводу літаральна пакінула сям’ю Сакалоўскага жыць на адну дапамогу на дзіця. А пражыві адзін на гэты мізэр, што яны плоцяць, не кажучы ўжо пра сям’ю з траіх асобаў! – кажа Міхаіл Кавалькоў. – Вось яна – сацыяльная дзяржава ў дзеянні, якая «абараняе» сваіх грамадзянаў! Прэзідэнт усё паўтарае – нараджайце. Вось, нарадзілі. А як цяпер гэтае дзіця забяспечваць, калі ягонага бацьку прадпрыемства выкінула на вуліцу?»

Сёлета гэта ўжо не першы выпадак, калі на ТДіА звальняюць сябраў Свабоднага прафсаюзу.

Лідар СПБ не збіраецца пакідаць гэтую сітуацыю так і хоча следам за Юрыем Швяцом, старшынём першаснай ячэйкі Беларускага незалежнага прафсаюзу Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, падтрымаць сябраў СПБ і патрабаваць павагі да іхных правоў галадоўкаю.

«Гэта ўжо сапраўды адзінае, што засталося, бо яны ж не чуюць, калі ім кажаш. Тое, што робіцца ў дачыненні нашых працаўнікоў, пераходзіць ужо ўсе межы. Людзей пакідаюць без працы, а іхных жонак і дзяцей кідаюць у галечу», – тлумачыць сваё рашэнне Міхаіл Кавалькоў.

Галадоўку старшыня СПБ плануе распачаць ужо ў лістападзе.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў