Беларускі рэпер Vinsent (Зміцер Папко) маўчаў тры гады, а на гэтым тыдні прэзентаваў спачатку самотнік, а потым кліп на яго з удзелам беларускіх зорак-купалаўцаў Зоі Белахвосцік, Алега Гарбуза, Валянціны Гарцуевай. «Не заўжды» – так называецца пранізлівая песня пра вяртанне дамоў. Vinsent дорыць на Каляды цеплыню і надзею. Гутарым з выканаўцам пра дзяцінства ў Івацэвічах, нелюбоў да кебабаў і калядны канструктар.
«Белсат»: – Пра Vinsenta не было чуваць больш за тры гады. Што адбывалася з табой паміж пранізлівай «Не пакіну», ад якой сэрца станавілася на паўзу, аж да сённяшняй «Не заўжды»? Многія цябе чакалі і шукалі… Дзе ты быў?
Vinsent: – Быў у Варшаве ў асноўным. І гэта былі цяжкія часы. Разам і часы надзеі, і драматычныя часы. Апошні раз наведаў Беларусь у 2020-м. Моцна перажываў усё, што тады адбывалася. Быў сканцэнтраваны на гэтым. Таму… і не пісалася. А потым успомніў адну прыпавесць, якую мне бабуля распавядала і сэнс якой у тым, што кепскія часы заўжды мінаюць. Адсюль – ідэя песні.
– «Не заўжды будзе цемра, браце»? У якіх канкрэтна абставінах гэта пісалася?
– Гэта вельмі асабістае. Калі мяне першы раз выгналі з Беларусі пасля фільму «Жыве Беларусь», у якім я граў галоўную ролю, я спазнаў і першую эміграцыю. Гэта было 10 гадоў таму. І было як у песні: «Я сустракаў Каляды ў адзіноце». Фактычна з адной торбай тады паспеў выехаць. Апынуўся ў Варшаве, у маленькай кватэрцы на 16 квадратных метраў. І зусім не ведаў, што на святы ў Польшчы ўсе крамы зачыняюць. А харчоў у мяне не было. І я тры дні харчаваўся варшаўскімі кебабамі, бо мусульмане Божае нараджэнне не святкавалі. Шчыра кажучы, з таго часу кебабы не вельмі люблю…
Таму вось так: фактычна спяваю пра сябе і пра тое, што «такога я б не пажадаў нікому», але тое, што я перажыў тады, было адзінкавым выпадкам. Цяпер, пасля 2020 года, сотні тысячаў беларусаў праходзяць праз гэта. І паколькі я перажыў гэта раней, магу глядзець цяпер на гэта з нейкай перспектывы і хачу падтрымаць людзей, якія пражываюць гэта зараз. Сваёй песняй.
– З перспектывы – і з надзеяй…
– Канечне. Гэтая песня насамрэч вельмі радасная. Таму што згадваецца сям’я і сцвярджаецца, што светлыя часы ўсё ж такі надыдуць. Я спяваю пра тое, што калісьці ўсё будзе добра. І вось – прэмʼера кліпу.
– Кліпу, у якім сямʼя збірае з канструктара «LEGO» дом. Ці лепей так: Дом. Меў у сваім дзяцінстве такі канструктар?
– Меў, але не такі. Не «Лега» – «Палессе». Я ж родам з Івацэвічаў, таму да нас такая прадукцыя паступала. Выраблялася ў Пінску ці ў Кобрыне, не памятаю дакладна. Грузавічкі ў мяне былі. Не такія модныя, як зараз. Прымітыўныя. Але бавіўся з імі. Як усе хлопчыкі, больш любіў машынкі. Ну і дзяцінства было, скажам, небагатае. Цяжкія 1990-я. Замест цацак – звычайныя палкі. Узяў – і за сабой цягаеш. Усе забавы.
– Кліп вельмі густоўна і па-майстэрску сканструяваны. Распавядзі, як ён ствараўся і хто браў у гэтым удзел?
– Два месяцы працавалі над відэа. Спатрэбілася шмат часу на падрыхтоўку – доўга шукалі адпаведную лакацыю. У выніку знайшлі гэты дом на возеры, які мог бы стаяць і ў Беларусі. Хацелася яшчэ паказаць атмасферу без прывязкі да нейкай канкрэтнай эпохі. Калі звернеш увагу, то там незразумела, у якую канкрэтна гістарычную эпоху ўсё адбываецца. Гэта могуць быць і 20-я гады, і 40-я гады XX стагоддзя. Але, хутчэй, не цяперашні час, бо там такая лямпавая атмасфера, вячэра пры свечках.
Не буду хаваць: гэта вельмі сурʼёзная прадукцыя з удзелам вельмі прафесійнай каманды. Мне хацелася паказаць, што беларусы могуць рабіць прадукт сусветнага ўзроўню. Я так прывык: калі рабіць – то ўжо па максімуму. Варта зазначыць, што кліп зняты цалкам беларусамі: ад аператара да тэхнічных працаўнікоў – усе беларусы. І гэта паказвае талент нашага народу. Не толькі музыкаў, аператараў, актораў. Усіх. Гэта паказвае, што наш народ мае велізарны патэнцыял.
– Белахвосцік, Гарбуз, Гарцуева… Як табе ўдалося сабраць такую каманду?
– Я проста паказваў гэтую песню людзям, якіх хацеў запрасіць да ўдзелу ў здымках. Паказаў Зоі Белахвосцік, ёй вельмі спадабалася, і яна сказала, што хоча зайграць у кліпе. І так было з кожным. Такія велічыні беларускай культуры, як Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Валя Гарцуева. Кожны з іх проста спачатку слухаў песню, і я нічога не казаў. А пасля – прапаноўваў паўдзельнічаць у здымках. І ўсе пагадзіліся. Дарэчы, самі здымкі занялі ўсяго два дні – працавалі ад раніцы да ночы.
– Утульны дамок знайшлі недзе пад Варшавай?
– Так. Хто захоча, знойдзе. Нам важна было паказаць такі нейтральны домік, які асацыяваўся б з Беларуссю.
– Алег Гарбуз увасобіўся ў таямнічага чалавека ў капелюшы?..
– З ім такая гісторыя: паводле сцэнару – гэта наш памерлы продак, які вяртаецца ў сямʼю. Мы дорым падарункі адзін аднаму. Гэта не дарагія гадзіннікі ці нейкія ўпрыгожанні, а дэталькі канструктара «Лега». Калі ўваходзіць гэты чалавек – усе перапалоханыя. А ён проста ставіць сваю дэтальку – ялінку, – і тады ўсе разумеюць, што ён таксама частка сямʼі.
Гэтыя дэталькі… Мы паказвалі праз іх усё. Нават першую сустрэчу з маці. Не хацелася банальнасцяў. Таму мы нават не абдымаемся. Проста маці бачыць гэтую дэтальку канструктара і разумее, што сын вярнуўся. Усё. Словы – лішнія.
– А дзяўчына з даўжэзнымі валасамі…
– Гэта сястра (Валянціна Гарцуева). Яе валасы маюць паказаць, што яна нікуды не выязджала, засталася ў доме і проста ўрасла ў гэты дом валасамі. Пусціла карані.
– Для мяне адзін з самых цёплых і смачных момантаў – калі гаспадыня – бабуля? – раскачвае на стале цеста. На пельмені?
– Так, гэта бабуля. Напачатку думалі рабіць пельмені. Праўда, не хапіла часу, каб іх паказаць. Але думалі пра пельмені, так, дакладна.
– Што ты там спальваеш на вогнішчы – аж іскры ляцяць?
– Чалавек вярнуўся дадому – кепскія часы мінулі. І ён спальвае чорныя карткі – чорныя дні, спальвае чорную мінуўшчыну як бы. Такі сімвалізм.
– Якія б карткі са свайго мінулага аддаў бы зараз агню?
– (паўза) Моманты выезду з Беларусі – дакладна. Моманты пакідання радзімы. Гэта спаліў бы.
– Сімвалічна, што і песня і кліп зʼявіліся ў час самай густой цемры – у самыя даўгія ночы. Памятаеш як у сямʼі святкавалі гэты пераход да святла? Што гатавала мама?
– Канечне, гэта ж самы магічны час года. З паловы снежня ў нас абавязкова ўжо стаяла ялінка. Ставілі жывую. Мама шмат чаго гатавала, быў заўсёды багаты стол, нават у самыя кепскія часы. Святкавалі ў хрысціянскіх традыцыях. Як і трэба на Каляды, гатавалася пэўная колькасць страваў. Ну і тое, што любіў кожны: мама гатавала на замову. Гэта, напэўна, галоўны час у календары беларуса.
– У вас таксама быў прыватны дом?
– У 1990-х мы жылі ў бабулі, усе разам. Потым пераехалі ў свой дом. То бок я памятаю сваё жыццё ў сямʼі як менавіта жыццё ў прыватным доме.
– «Мы неўзабаве вернемся дадому». Гэта калі?..
– Дай Бог, каб найхутчэй. Сэнс у тым, што, спяваючы «мы вернемся дадому», я маю на ўвазе, што ў кожнага чалавека мусіць быць такая магчымасць вяртання. Нават не кажу пра фізічнае вяртанне. Яно, безумоўна, будзе. Але – пра магчымасць. Таму што зараз гісторыя пайшла так: беларусы разʼехаліся, і, напэўна, многія з іх не вернуцца. Можа, нават палова не вернецца. Але ў нашым глабальным свеце, з інтэрнэтам і сувяззю, – гэта нармальна. Еўрапейцы так і жывуць. Колькі палякаў жыве ў Нямеччыне, напрыклад. Нічога кепскага ў гэтым няма.
Але палякі могуць вяртацца дадому на Каляды. Жывуць у Франкфурце, скажам, але на Каляды яны будуць у Варшаве ці Познані – са сваёй сямʼёй. А беларусы не маюць такой магчымасці. Не могуць вяртацца. Вось у чым нашая драма. Дай бог, каб усё хутка развязалася. Дзе будуць людзі жыць штодзень – выбар кожнага. Не важна дзе мы ёсць – важна нешта рабіць для Беларусі.
– І мець у кішэні дэтальку «Лега»?
– Канечне! Я нядаўна замаўляў «Uber» у аэрапорце, там толькі на хвіліну таксоўка можа заязджаць у зону аэрапорту. Не паспяваеш выйсці – таксіст зʼязджае. А я не паспяваў. Гляджу: імя таксіста па-беларуску напісана. І ў замове – маё імя па беларуску. І ён чакае мяне, хоць рызыкуе атрымаць штраф, таму што таксама пабачыў, што я беларус. Вось гэта і ёсць той канструктар «Лега». У кожнага з нас павінен быць нейкі знак, па якім пазнаем адзін аднаго.
– І тады дэталькі пасуюць адна да адной. Складаюцца ў нешта большае…
– Абсалютна! І ўсім нам тады прасцей жыць. Калі ты самотная часцінка – гэта адно. Калі тысяча дэталяў – зусім іншае. Таму трэба быць салідарнымі і падтрымліваць адзін аднаго.
– Склаў ужо сваю сямʼю ў Варшаве? Каляды з кебабамі ўжо не святкуеш?
– Не (смяецца). Можна сказаць, што ў маім асабістым жыцці кепскія часы мінулі. Цяпер ужо, на шчасце, не на самоце. Усё добра. Пра дэталі не распавяду… Проста тут у мяне ёсць блізкія людзі. Я тут далёка не адзін. Але, вядома, мая вялікая сямʼя – яна там. Так што пакуль не адбудзецца пераменаў і мы не ўзʼяднаемся, будзем такімі распалавіненымі. Думаю гэта датычыць зараз сотняў тысячаў беларусаў.
– Ці чакаць новых рэлізаў, альбомаў ці, можа, роляў?
– Працую над новымі песнямі, але канкрэтных датаў не назаву. Наконт роляў пакуль таксама нічога афішаваць не буду. Але планы ёсць. І планы вялікія. Дай Бог, усё ажыццявіцца. Я зараз увесь у музыцы і ў тым, што звязана з гукам. У гэтым варушуся зараз тут, у Варшаве.
– Дзякуй яшчэ раз за файны калядны падарунак. Можа, яшчэ чаго пажадаеш?
– Хутчэйшага вяртання дадому!
– «А дом сагрэе, а дом прытуліць…»
– Дакладна так.
Як актор кіно зняўся ў фільмах «Вышэй за неба» (2012) і «Жыве Беларусь» (2013).
Зміцер Міраш belsat.eu