«Балбатня і маніпуляцыя». Ці сапраўды студэнты-платнікі рабуюць бюджэт Беларусі?


Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што ніякага платнага навучання ў ВНУ няма, а ёсць «паўплатнае», і таму ўсе студэнты ў Беларусі мусяць атрымліваць абавязковае размеркаванне. «Белсат» паспрабаваў спраўдзіць закіды чыноўніка і нечакана высветліў, што, калі міністр не хлусіць, беларусы сваймі падаткамі, імаверна, аплачваюць навучанне расейцаў.

Студэнты побач з будынкам аўтатрактарнага факультэту БНТУ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Дзякуючы міністру адукацыі Андрэю Іванцу грамадскасць нечакана даведалася, што студэнты-платнікі недаплачваюць за сваё навучанне. Менавіта гэты чыннік дзяржава назвала падставаю для абавязковага размеркавання тых, хто не займаў бюджэтнага месца ў ВНУ.

Разабрацца ў бухгалтэрыі, якую раскрыў міністр, даволі складана. Іванец казаў, што за кожнага студэнта «дзяржава плаціць у сярэднім 9–10 тысячаў рублёў штогод». Паводле яго, студэнты-платнікі кампенсуюць не больш за 50–70 % ад кошту навучання. «Фактычна ў рэспубліцы няма платнай вышэйшай адукацыі – гэта паўплатная адукацыя, якую субсідуе альбо ўніверсітэт, альбо дзяржава», – заявіў міністр.

Лічбы не б’юцца

«Белсат» паспрабаваў спраўдзіць звесткі міністра адукацыі пра выдаткі дзяржавы (а насамрэч – падаткаплатнікаў) на падставе леташняй інфармацыі. Агулам у дзяржаўных ВНУ вучыліся 228,8 тысячы асобаў, у тым ліку 118,4 тысячы платнікаў. Бюджэт краіны на 2022 год прадугледжваў на вышэйшую адукацыю 1 003 827 253 рублі.

Калі ўявіць, што казна цалкам фінансуе навучанне ўсіх студэнтаў, а грошы платнікаў – прыемны бонус, то на аднаго навучэнца прыпадае каля 4400 тысячаў рублёў. Калі суму падзяліць на ўсіх бюджэтнікаў і палову платнікаў (бо яны, калі верыць міністру, палову недаплачваюць), то атрымаецца прыкладна 5900 рублёў на аднаго студэнта. Калі ж выдаткі вы вышэйшую адукацыю падзяліць толькі на бюджэтнікаў (110,3 тысячы), то на кожнага выходзіць 9100 рублёў – тая сума, якую назваў міністр. Тады ўзнікае пытанне, з якіх крыніцаў фінансуецца навучанне ўсіх платнікаў?

Прыклад БДУ

Як паведамляе найбуйнейшая ВНУ краіны – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, – у іх навучаюцца 20 тысячаў асобаў. Калі прапорцыю бюджэтнікаў і платнікаў у маштабах усёй краіны ўжыць да БДУ, то платнікаў там каля паловы, 10 тысячаў, з іх 3500 – замежнікі.

Самыя танныя спецыяльнасці для грамадзянаў Беларусі – беларуская і расейская філалогія на філалагічным факультэце (3754 рублі за год для першакурснікаў). Атрымліваецца, што на платніках-беларусах БДУ можа зарабляць мінімум 28,2 мільёна рублёў.

Для замежнікаў самыя танныя спецыяльнасці каштуюць 3100 долараў ЗША (прыкладна 10 200 рублёў за год). Агулам яны аддаюць за навучанне каля 35,7 мільёна рублёў.

У суме ад студэнтаў платнай формы навучання (беларусаў і замежнікаў) БДУ можа атрымліваць мінімум 63,9 мільёна рублёў (19,4 мільёна долараў ЗША).

Паводле апошніх звестак, раскрытых універсітэтам, у 2020 годзе яго даход склаў 11,3 мільёна долараў ЗША.

Будынак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Калі міністр адукацыі мае рацыю і навучанне аднаго студэнта сапраўды каштуе 9–10 тысячаў рублёў, то аднаму толькі БДУ патрабуецца мінімальна 180 млн рублёў, і 36 % гэтай сумы ўніверсітэт можа пакрыць коштам платнікаў – беларусаў і замежных грамадзянаў. А колькі грошай установа атрымлівае з бюджэту, невядома.

Расейцы вучацца за кошт беларусаў?

Прэйскурант Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту больш сціплы. Першы курс самай дарагой спецыяльнасці – музычнае мастацтва і харэаграфія – будзе каштаваць 3990 рублёў. Прычым гэты тарыф тычыцца не толькі беларусаў. Столькі ж мусяць заплаціць грамадзяне Расеі, Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану пры ўмове паступлення на конкурснай аснове.

Гэта значыць, што за вышэйшую адукацыю, калі яна сапраўды каштуе бюджэту 9–10 тысячаў, як запэўнівае міністр Іванец, недаплачваюць нават замежнікі, і іхнае навучанне фінансуюць беларускія падаткаплатнікі. Або гэтыя дзяржавы нейкім чынам разлічваюцца за вучобу сваіх грамадзянаў у нашай краіне.

Як выжываюць прыватныя ВНУ?

У Беларусі працуюць 8 прыватных ВНУ, якія наўрад ці атрымліваюць датацыі з бюджэту. Менавіта там мусяць быць рынкавыя кошты: каля 9–10 тысячаў «міністэрскіх» рублёў.

Аднак, напрыклад, «БІП – Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогіяў» бярэ сёлета 5020 рублёў за першы год навучання на спецыяльнасці «міжнароднае права» – гэта самая дарагая прапанова тут. Усе праграмы для першакурснікаў-замежнікаў каштуюць аднолькава: 6600 рублёў.

У Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава больш за ўсё грошай давядзецца заплаціць за прафесію дызайнера: 5200 рублёў. Тая ж спецыяльнасць для замежных грамадзянаў каштуе 4000 долараў ЗША (13 тысячаў рублёў).

Гэта самыя дарагія прыватныя ВНУ ў краіне, у астатніх кошты ніжэйшыя. Атрымліваецца, што «ненавісныя прыватнікі» неяк даюць рады ў навучанні студэнтаў, калі бяруць за свае паслугі прыкладна столькі ж, колькі і дзяржаўныя ўстановы. Альбо маюць таемных спонсараў.

«Спытайце ў міністра!»

Колькі насамрэч каштуе бюджэту навучанне аднаго студэнта, падлічыць даволі складана, адзначыў у размове з «Белсатам» эксперт у галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэй Лаўрухін. Пры гэтым ён прызнаў, што цэны ў прыватных установах сапраўды можна лічыць арыенцірам, хоць і прыкладным:

«Прыватныя ўстановы арыентуюцца на магчымасці беларусаў заплаціць (бо калі будзе занадта дорага, ніхто да іх не пойдзе) і на рэнтабельнасць. То бок кошт у прыватных ВНУ, натуральна, можа быць арыенцірам, яны цалкам абапіраюцца на свае грошы і не могуць атрымоўваць датацыяў з бюджэту».

Лаўрухін растлумачыў, што кошт навучання складаецца з матэрыяльных выдаткаў (заробкі работнікаў, арэнда памяшканняў, абсталяванне) і нематэрыяльнай часткі: рэйтынгу ВНУ і яе прэстыжу. «Калі матэрыяльную частку падлічыць у Беларусі яшчэ можна, то сімвалічную – не», – канстатаваў эксперт.

Пры гэтым звестак бракуе. Суразмоўца «Белсату» адзначыў, што было б няблага, калі б студэнты і іхныя бацькі пацікавіліся ў Міністэрства адукацыі і кіраўніцтва сваіх ВНУ пра сабекошт навучання:

«Дадзеных няма, таму верыфікаваць выказванне міністра адукацыі немагчыма. Запыт з боку бацькоў і студэнтаў да Міністэрства адукацыі даць эканамічныя тлумачэнні лічбаў, якія ён агучыў, – гэта было б нядрэнна».

Канец сацыяльнага кантракту

Абавязковае размеркаванне студэнтаў-платнікаў разбурае шматгадовы сацыяльны кантракт: мы даем грошы дзяржаве, а дзяржава не лезе да нас са сваім размеркаваннем.

«Цяпер дзяржава кажа: не буду ўкладвацца ў адукацыю, калі вы жадаеце сябе развіваць, то, калі ласка, заплаціце мне. Нібыта гэта ўласнасць, якую Лукашэнка прысабечыў, заявіўшы: сістэма адукацыі – мая, і я буду прадаваць вам паслугі. Але калі ты так кажаш, то пакладзі, калі ласка, на стол кошты: колькі, на што, адкуль. І гэта з улікам падаткаў, якія плацяць беларусы», – падкрэсліў Андрэй Лаўрухін.

Студэнтаў-платнікаў паменее

Эксперт мяркуе, што абавязковае размеркаванне прымусіць абітурыентаў задумацца, а ці варта плаціць за адукацыю ў Беларусі, калі давядзецца адпрацоўваць 2 гады (і гэта яшчэ калі тэрмін не павялічаць) у выпадковым месцы і з невядомым заробкам. Маладзёны пакруцяць галавою і будуць шукаць варыянты ў Расеі і Заходняй Еўропе. Нехта і ўвогуле адмовіцца ад вышэйшай адукацыі.

«У Заходняй Еўропе адукацыя даступная, у Нямеччыне, напрыклад, ад 300 да 600 еўраў за год. Хаця тут не ўлічваюцца грошы на жыццё: інтэрнат або арэнднае жыллё, харчы і іншыя выдаткі – і гэта вялікая сума. У Расеі можна знайсці якую-небудзь рэгіянальную ВНУ», – разважае Лаўрухін.

Агляд
Ці трэба ісці ў «прыгон» да беларускай дзяржавы пасля заканчэння ВНУ?
2023.10.10 17:14

У ідэальным свеце дзяржава можа займець выгаду ад навучання маладога пакалення за мяжою, ствараючы ўмовы і прапаноўваючы прынады для адмыслоўцаў, каб яны вярталіся на радзіму і прывозілі з сабою веды і кампетэнцыі.

«А якія ў нас перспектывы? Калі ў Беларусі не будзе ніякіх перспектываў для радыкальных зменаў у кірунку дэмакратычнага развіцця, то куды вяртацца? Мала таго, што працу не знойдзеш, дык яшчэ і ў турме апынешся за вопратку не тых колераў», – канстатаваў эксперт.

Натуральна, што будуць тыя, хто не здолее інтэгравацца, каго будзе цягнуць на радзіму, да родных. Пры гэтым шмат хто будзе да апошняга шукаць магчымасці зачапіцца і пачаць новае жыццё. Пагатоў хлопцам у Беларусі будзе пагражаць пераслед за «ўцёкі ад службы ў войску»: адтэрмінавання студэнтам замежных установаў цяпер не даюць.

Паводле падлікаў аналітыка, штогод каля 4–5 тысячаў беларусаў едуць вучыцца за мяжу. Каля паловы – у Расею, каля паловы – на Захад.

«Лічу, калі траціна вернецца, то гэта будзе вельмі добра, будзе нейкі цуд», – падсумаваў Андрэй Лаўрухін.

Дзяржава-маніпулятар

Дзяржава вельмі любіць папракаць беларусаў, што яны век-вяком за штосьці недаплачваюць: за камунальныя паслугі, за праезд у грамадскім транспарце, за лячэнне, а цяпер яшчэ – і за вышэйшую адукацыю.

«Гэта адваротны бок дэклараванай сацыяльнай дзяржавы, якая на кожным кроку кажа, што вы мусіце быць удзячнымі, бо мы вам усё субсідуем», – каментуе «Белсату» рэдактар «Беларускага штогодніку» Вадзім Мажэйка і дадае: гэта велічэзная маніпуляцыя.

«Няма ніякіх дзяржаўных грошай, а маюцца толькі грошы грамадскія. Увесь бюджэт дзяржавы збольшага складаецца з дзвюх крыніцаў: падаткі беларусаў і прыбыткі ад дзяржаўнай уласнасці. Адпаведна, усе бюджэтныя выдаткі – гэта тое, што належыць самім беларусам», – адзначыў эксперт.

Меркаванні
Асцярожна, махляры! Пра размеркаванне
2023.09.26 19:24

Суразмоўца «Белсату» назваў балбатнёю такія закіды на адрас грамадзянаў, бо сабекошт паслугаў з боку дзяржавы невядомы.

«Размовы пра тое, колькі насамрэч каштуе ці то адукацыя, ці то праезд у метро, не маюць сэнсу, пакуль бюджэт непразрысты. Нават калі платнікі недаплачваюць – а чаму так? Універсітэцкія бюджэты непразрыстыя, непадкантрольныя акадэмічнай супольнасці, і любыя словы пра выдаткі на адукацыю – цалкам маніпуляцыя і балбатня», – заявіў Мажэйка.

Ён не выключае, што адукацыю можна зрабіць таннейшаю, калі больш эфектыўна выкарыстоўваць грошы.

«Бюджэты заўсёды былі закрытыя. У гады, калі я больш займаўся пытаннямі студэнцкага самакіравання, была кампанія, якую ладзіла Задзіночанне беларускіх студэнтаў, калі пісалі лісты рэктарам, заклікалі адкрыць бюджэты ВНУ. Гэта было недзе ў 2014–2015-м, і з таго часу нічога не змянілася, бюджэты дагэтуль схаваныя», – рэзюмаваў Вадзім Мажэйка.

Каментар
Ідэальная адукацыя – каб людзі «кнігі не ўмелі чытаць»? Што стаіць за нарадаю Лукашэнкі
2023.09.22 18:03

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў