Хто такія талібы, якія захапілі Афганістан і нарабілі шораху ў свеце


Талібы.
Фота: Pascal Maitre / Panos Pictures

Апошнія дні навінавыя парталы ва ўсім свеце поўняцца паведамленнямі пра захоп Афганістану талібамі. Але хто гэта такія, чым яны вядомыя?

Узнікненне

Рух «Талібан» быў заснаваны ў 1994 годзе. Першымі яго прадстаўнікамі былі студэнты мусульманскіх рэлігійных школаў, якія перабраліся з Афганістану ў Пакістан падчас савецка-афганскай вайны. Само слова «таліб» перакладаецца з арабскай як «вучань» або «студэнт». Лідарам «Талібану» стаў мула Умар, які браў актыўны ўдзел у вайне супраць савецкіх войскаў.

Талібы выступалі за ўвядзенне ў краіне жорсткага ісламскага заканадаўства і адхіленне кіраўніцтва краіны, якое аказалася ва ўладзе пасля вываду савецкіх войскаў. Варта адзначыць, што «Талібан» – у значнай ступені не толькі рэлігійная, але і этнічная арганізацыя. Яно пераважна прадстаўляе інтарэсы народнасці пуштунаў, якая складае каля паловы насельніцтва Афганістану. Астатнія народы краіны – гэта таджыкі, узбекі, туркмены, хазарэйцы ды іншыя. Менавіта яны найчасцей і складалі апазіцыю талібам.

Прыход да ўлады

Першыя сутыкненні «Талібану» з урадавымі войскамі адбыліся ўвосень 1994 года. А ўжо праз два гады пры магчымай фінансавай падтрымцы Пакістану і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў талібы захапілі сталіцу краіны Кабул і абвясцілі ўтварэнне Ісламскага Эмірату Афганістану.

Іхны ўрад прызналі толькі Пакістан, Саудаўская Аравія і ААЭ. Таксама свае прадстаўніцтвы меў Туркменістан і Ічкерыя – сепаратысцкі рэгіён Расеі.

Публічны расстрэл у Афганістане ў 1999 годзе.
Фота: rawa.org

На падкантрольнай талібамі тэрыторыі ўсталявалі рэжым, заснаваны на строгім выкананні нормаў шарыяту. Пад забаронаю былі тэлебачанне, музыка і музычныя інструменты, выяўленчае мастацтва, алкаголь, камп’ютары і інтэрнэт, шахматы, белы абутак. Мужчынам варта было абавязкова насіць бараду вызначанай даўжыні. Жанчынам забаранялі працаваць, лячыцца ў дактароў-мужчынаў, зʼяўляцца ў грамадскіх месцах без мужа ці блізкага сваяка-мужчыны, наведваць школы.

Пры гэтым у сітуацыі, калі злодзеям адсякалі рукі ды ногі, рэзка знізілася злачыннасць. Адной жа з асноўных крыніцаў экспарту краіны сталі наркотыкі.

26 лютага 2001 года мула Умар даручыў разбурыць усе неісламскія помнікі ў краіне. Сярод іншага былі ўзарваныя дзве гіганцкія статуі Буды, выразаныя ў скалах Баміян у III і ў VI ст.

Разбураныя статуі Буды ў Афганістане.
Фота: UNESCO / A Lezine

Паводле стану на 2001 год талібы кантралявалі каля 90 % тэрыторыі Афганістану. Апазіцыю яму складаў «Паўночны альянс» на чале з таджыкам Ахмад Шахам Масудам і ўзбекам Абдул-Рашыдам Дустумам. 9 верасня 2001 года Масуд быў забіты тэрарыстам-смяротнікам.

Падзенне і вяртанне «Талібану»

Адным з фатальных для «Талібану» рашэнняў стала падтрыманне ім сына саудаўскага магната Усамы бін Ладэна. Пасля таго, як кіраваная тым ісламісцкая арганізацыя «Аль-Каіда» зладзіла напад на ЗША 11 верасня 2001 года, Вашынгтон 7 кастрычніка разам са сваімі саюзнікамі і «Паўночным альянсам» пачаў антытэрарыстычную аперацыю ў Афганістане.

Рэжым талібаў паў, а самыя яны мусілі ўцякаць у горы і падполле. Значная частка ісламістаў схавалася ў гарах суседняга Пакістану, дзе ў 2006 годзе абвесцілі незалежны ісламскі эмірат на чале з усё тым жа мулой Умарам.

Працягвалі яны ваяваць і ў Афганістане, які цяпер стаў рэспублікай. Паводле іхных жа заяваў, у 2014 годзе «Талібан» кантраляваў каля 70 % тэрыторыі краіны.

ЗША пры гэтым, ліквідаваўшы Усаму бін Ладэна ў 2011 годзе і мулу Умара (афіцыйна ён памёр ад сухотаў у 2013 годзе), у 2014 годзе заявілі пра сканчэнне аперацыі ў Афганістане і пра пачатак вываду сваіх войскаў.

Гэтым скарысталіся талібы, якія аднавілі ўзмоцненыя баявыя дзеянні супраць урадавых войскаў. Што цікава, сярод іхных праціўнікаў было і афганскае аддзяленне Ісламскай дзяржавы, што найбольш актыўна дзейнічала на мяжы Сірыі ды Іраку.

15 жніўня 2021 года Кабул другі раз паў пад ударамі «Талібану».

Hавiны
Ці знікне Беларусь з фокусу сусветнай увагі праз Афганістан?
2021.08.16 14:54
Hавiны
«Сцежкамі і палямі прабірайцеся ў Таджыкістан». Былыя дыпламаты пракаментавалі парады МЗС беларусам у Афганістане
2021.08.16 16:37
Аналітыка
Афганістан: як краіна на 40 год звалілася ў прорву грамадзянскай вайны
2021.07.10 18:54

 

МГ belsat.eu

Стужка навінаў