У беларусаў–каталікоў Польшчы з’явіўся свой душпастыр. Чаму гэта важны пачатак і што далей


Беларусыкаталікі ў Польшчы ўпершыню атрымалі свайго афіцыйнага душпастыра. Праўда, пакуль толькі ў адным з рэгіёнаў. Але, мяркуюць актывісты беларускай каталіцкай дыяспары, бліжэйшым часам справа можа зрушыцца і ў іншых частках Польшчы.

Ксёндз Пётр Врубель.
Фота: zaslavl-info.by

3 чэрвеня арцыбіскуп Тадэуш Войда прызначыў ксяндза Пятра Врубеля душпастырам супольнасці беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі Гданьскай архідыяцэзіі. Як адзначае Catholic.by, супольнасць беларусаў– католікаў у Гданьску збіраецца на беларускамоўную імшу з 2019 года. З верасня 2021 года імшы па-беларуску адбываюцца штонядзелю і ў вялікія ўрачыстасці. З часам з’явілася Рада супольнасці, адбываюцца рэкалекцыі і дні засяроджання, для дзяцей ладзяцца «Канікулы з Богам», распачаліся сустрэчы для міністрантаў і катэхезы для дзетак.

Ксёндз Пётр Врубель працаваў у Беларусі з 1994 па 2021 год. Служыў у Пастаўскім раёне (Лучай, Дунілавічы, Лынтупы, Камаі), Глыбокім і ў Заслаўі. Таксама беларусамі-каталікамі Гданьска апекуецца ксёндз Анджэй Бульчак, які шмат гадоў нёс служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі і ў 2022 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед за сваю антываенную пазіцыю.

Hавiны
Беларускага ксяндза аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
2022.05.14 15:07

У каментары «Белсату» ксёндз Пётр Врубель адзначыў, што кірунак развіцця беларускага душпастырства на тэрыторыі Гданьскай архідыяцэзіі яшчэ будзе вызначацца. Пакуль імшы тут па-беларуску служаць толькі ў адным касцёле ў Гданьску, да якога прыязджаюць беларусы і з іншых навакольных мясцін. Ці будзе душпастырства выходзіць за межы гораду, невядома.

«Як будзем развіваць далей, будзем глядзець», – адзначыў святар, дадаўшы, што трэба яшчэ раіцца з самімі беларусамі ды атрымаць пасля на гэта згоду біскупа.

Паводле яго, рэгулярна на беларускамоўную службу ходзяць каля 40 асобаў, уключаючы дзяцей. Яшчэ частка прыходзіць радзей, часам толькі на вялікія святы. У бліжэйшых планах парафіі падрыхтаваць адзначэнне свята Маці Божай Будслаўскай 2 ліпеня:

«Памолімся за беларусаў, за Беларусь, за свабоду. За ласку Божую для тых, хто пакутуе».

Таксама, адзначыў ксёндз Пётр Врубель, на заканчэнне кожнай беларускамоўнай імшы ў Гданьску спяваецца гімн «Магутны Божа» – «гэта ўжо традыцыя».

Хто апякуецца беларусамі ў іншых гарадах?

Прадстаўнік душпастырства беларусаў–каталікоў Варшавы Арцём Ткачук у размове з «Белсатам» назваў важным прэцэдэнтам афіцыйнае прызначэнне для беларусаў Гданьскай архідыяцэзіі асобнага душпастыра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вернікі моляцца падчас імшы ў касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«На гэты момант нам невядома, каб у нейкіх святароў былі дэкрэты – біскупскія юрыдычныя дакументы, якія б падкрэслівалі іх абавязак. Для беларусаў замежжа гэта важны пачатак, што яны ёсць і патрабуюць святароў, якія б з імі працавалі. Што беларусы маюць права маліцца на сваёй роднай мове», – сказаў Арцём Ткачук.

На яго думку, у бліжэйшыя год– два Каталіцкі касцёл у Польшчы можа прыняць яшчэ шэраг дакументаў, у выніку чаго з’явяцца новыя структуры, накіраваныя менавіта на працу з беларускай дыяспары, не толькі каталіцкай.

Арцём Ткачук не выключыў, што наступнай пасля Гданьску атрымаць свайго афіцыйнага душпастыра можа варшаўская супольнасць беларусаў. Гэтак, на сустрэчы ў канцы траўня з варшаўскім мітрапалітам кардыналам Казімежам Нычам якраз абмяркоўвалася магчымасць надаць пэўны юрыдычны статус беларускай каталіцкай супольнасці ў Варшаве.

«Ён пагадзіўся. Ён быў абсалютна прыхільны да нас. Казаў, што падыме гэтае пытанне таксама на польскім епіскапаце. Што было б добра, каб усе біскупы выпрацавалі агульны падыход», – дадаў Арцём Ткачук.

Пакуль жа ксёндз Пётр Врубель першы мае афіцыйны статус душпастыра беларускай супольнасці. Але толькі на тэрыторыі Гданьскай архідыяцэзіі. Ёсць толькі беларускія супольнасці ў васьмі гарадах, дзе служаць або беларускія святары, або польскія святары, якія раней служылі ў Беларусі.

Аналітыка
Будуць адбіраць Бібліі і Караны? У Беларусі рыхтуюць рэпрэсіўны закон аб рэлігіі
2023.06.16 14:24

«Нам не хапае святара, адказнага за ўсе душпастырствы, але мы ў кантакце з біскупам Кшыштафам Задаркам, адказным у польскім епіскапаце за душпастырства мігрантаў. Ён сам калісьці служыў палякам у Швейцарыі, таму арыентуецца ў гэтай тэме. Ён таксама запэўніваў, што справу трэба вырашыць», – распавёў Арцём Ткачук.

Але на гэты момант у Польшчы справа беларускага душпастырства яшчэ толькі будуецца, дадаў ён. На яго думку, сітуацыя з масавым прыездам беларускіх каталікоў новая для Касцёлу ў Польшчы, і трэба час, каб «асэнсаваць, зразумець, як правільна дзейнічаць, выпрацаваць інструкцыі, як арганізоўваць гэтае душпастырства».

Душпастырства і для тых, хто застанецца

Суразмоўца падкрэсліў, што незалежна ад развіцця падзеяў у рэгіёне і ў Беларусі ўсе беларусы не вернуцца дадому з эміграцыі. Ён згадаў, што падчас сустрэчы з кардыналам Казімежам Нычам той адзначыў, што з тых палякаў, якія выехалі з Польшчы ў 1980-1990-я гады, вярнуліся на Радзіму толькі каля 30%.

«На сённяшні дзень палякам замежжа служыць каля 2000 святароў. Ва ўсёй Беларусі іх 500. А тут 2000 святароў служаць палякам замежжа па ўсім свеце», – сказаў Арцём Ткачук.

Таму, падкрэсліў ён, развіццё беларускага душпастырства ў Касцёле Польшчы павінна ўлічваць і тое, што шмат беларусаў застануцца тут і надалей.

месса, верующие, Станислав Шушкевич, Варшава, Польша
Касцёл святога Аляксандра. Варшава, Польшча. 8 траўня 2022 года.
Фота: ДД / Белсат

Дзе ў Польшчы ёсць каталіцкія імшы па-беларуску?

На сённяшні дзень рыма-каталіцкія імшы служаць у наступных гарадах Польшчы:

  • Беласток, парафія Маці Божай Гвадэлупскай, ulica Wrocławska 8 – штонядзелю а 14:00
  • Варшава, парафія Святога Аляксандра, ulica Książęca 21 – штонядзелю і ва ўрачыстасці аб 11:30 і 18:00, кожныя панядзелак і чацвер а 18:00
  • Гданьск, касцёл Святога Юзафа, ulica Elżbietańska 9/10 – штонядзелю а 14:30
  • Кракаў, парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ulica Saska 2 – штонядзелю а 14:00
  • Лодзь, парафія Святога Юзафа, ulica Ogrodowa 22 – штонядзелю а 14:00
  • Люблін, кляштар капуцынаў, ulica Krakowskie przedmieście 42 – кожная трэцяя нядзеля месяца а 14:30 (кастрычнік – чэрвень)
  • Познань, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі з Ла-Салета, ulica Ścinawska 49 – кожная апошняя нядзеля месяца а 15:00
  • Уроцлаў, касцёл Святога Юрыя Мучаніка і Узвышэння Крыжа, ulica Biegła 3 – кожная другая нядзеля месяца а 15:00

Таксама ў шэрагу польскіх гарадоў праходзяць грэка-каталіцкія службы:

  • Беласток, царква Святога Духа, ulica Sybiraków 2 – штомесяц у суботу паміж 10 і 25 днём месяца, а 11:00
  • Варшава, царква Успення Прасвятой Багародзіцы, ulica Miodowa 16 – штонядзелю а 15:30
  • Кракаў, царква Узвышэння Святога Крыжа, ulica Wiślna 11 – кожная трэцяя субота месяца а 16:00

За зменамі і дапаўненнямі можна сачыць на старонцы душпастырства беларусаў у Варшаве.

Hавiны
У Варшаве адслужылі першую ў Польшчы праваслаўную літургію па-беларуску
2023.03.19 18:35

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў