«Гэта можа закрануць беларусаў». Расейскі СК стварыў у Беларусі вайсковы следчы аддзел


Следчы камітэт Расеі паведаміў аб стварэнні ў Беларусі свайго вайсковага следчага аддзелу. Палітолаг Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» назваў гэтае рашэнне лагічным і папярэдзіў: нейкім чынам гэта можа закрануць і беларускіх грамадзянаў.

Старшыня Следчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін.
Фота: СК Расеі / Telegram

У паведамленні СК Расеі тлумачыцца, што неабходнасць вайсковага следчага аддзелу на тэрыторыі нашай краіны ўзнікла «у звязку з размяшчэннем падраздзяленняў Мінабароны Расеі ў Рэспубліцы Беларусь».

Дзе менавіта дыслакуецца гэты аддзел і колькі там супрацоўнікаў, не ўдакладняецца. Беларускія чыноўнікі гэтае паведамленне пакуль ніяк не пракаментавалі.

Палітолаг Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» назваў захады расейцаў лагічнымі: услед за расейскімі вайскоўцамі ў Беларусі з’яўляецца і ўся неабходная вайсковая інфраструктура. «Тут магчыма з’яўленне і вайсковай пракуратуры і, магчыма, ваеннай контрразведкі», – не выключае эксперт.

Карбалевіч падкрэсліў, што вядомыя выпадкі парушэння закону і статуту расейскімі вайскоўцамі, імаверна, такія гісторыі, якія патрабуюць расследавання, будуць паўтарацца.

«Калі ў нейкім канфлікце ці злачынстве будуць задзейнічаныя беларускія грамадзяне, будуць або ахвярамі, або суўдзельнікамі, то, магчыма, гэта будзе расследавацца з удзелам беларускага СК. Калі будуць здарацца нейкія надзвычайныя сітуацыі, нейкім чынам будуць закранутыя і беларускія грамадзяне», – мяркуе аналітык.

Ён сказаў, што Расея хоча караць сваіх вайскоўцаў паводле сваіх жа законаў, таму і стварыла ў Беларусі адмысловы следчы аддзел:

«Інакш не было б сэнсу размяшчаць тут расейскія следчыя падраздзяленні, бо ў выпадку якога-небудзь здарэння гэтаму далі б рады беларускія структуры».

Агляд
Freedom House: Беларусь хутка ператвараецца ў калонію Расеі
2023.05.24 19:22

Яна Шэк, Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў